Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША пачынаюць «эканамічны наступ» на Іран і патрабуюць ад іншых краін спыніць падтрымку Тэгерану

Міністар фінансаў ЗША Скот Бэсэнт.
Міністар фінансаў ЗША Скот Бэсэнт.

Міністар фінансаў ЗША Скот Бэсэнт анансаваў новыя захады для ўзмацненьня ціску на Тэгеран, заявіўшы, што Злучаныя Штаты «пачынаюць эканамічны наступ на фінансавыя сувязі Ірану ўва ўсім сьвеце».

«Наша мэта — перарэзаць кожны эканамічны выратавальны круг, які падтрымлівае гэты тыранічны рэжым, пакуль Тэгеран не застанецца адзін», — сказаў Скот Бэсэнт на прэс-канфэрэнцыі 24 жніўня, празь некалькі дзён пасьля таго, як ён і прэзыдэнт Дональд Трамп папярэдзілі пра «эканамічны дзень Д», піша Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.

«Дзень Д» (анг. D-day) — 6 чэрвеня 1944 году, дзень высадкі саюзьнікаў у Нармандыі падчас Другой усясьветнай вайны.

Гэтая заява прагучала амаль праз шэсьць месяцаў пасьля пачатку вайны ЗША і Ізраілю супраць Ірану, якая ўзрушыла ўсясьветныя рынкі, перакрыўшы пастаўкі нафты з Пэрсыдзкай затокі праз Армускую пратоку.

ЗША «спыняюць» пагрозу з боку Ірану, а не «cпраўляюцца» зь ёю, падкрэсьліў Бэсэнт і папярэдзіў трэція краіны, што Злучаныя Штаты будуць «непахіснымі ў барацьбе з усімі крыніцамі незаконных даходаў [іранскага] рэжыму».

Бэсэнт сказаў, што Трамп звоніць усясьветным лідэрам з канкрэтнымі просьбамі і што кожнай краіне будзе вызначаны тэрмін для «спыненьня выяўленай намі дзейнасьці, зьвязанай з Іранам».

Міністэрства фінансаў ЗША «вызначыла сеткі, пасярэднікаў і фінансавыя каналы, якія Іран выкарыстоўвае для кантрабанды нафты, абыходу санкцыяў і фінансаваньня тэрарызму», — сказаў Бэсэнт.

Міністэрства фінансаў заявіла, што вызначыла пяць сэктараў, якія Іран выкарыстоўвае для падтрымкі сваёй эканомікі — лічбавыя актывы, тэхналёгіі, золата, авіяцыю і мараплаваньне — і ўводзіць новыя санкцыі супраць амаль 60 арганізацыяў, фізычных асобаў і караблёў.

Кожная краіна, якая падтрымлівае Іран, мае быць гатовая сутыкнуцца з санкцыямі ЗША, сказаў ён, у той час як «іранскі рэжым стаіць перад відавочным выбарам: суворая глябальная ізаляцыя або шлях да рэінтэграцыі ва ўсясьветную эканоміку».

«Мы зьбіраемся прыцягнуць усіх да адказнасьці, і гэта — эканамічнае здушэньне гэтага рэжыму», — сказаў Бэсэнт.

На мінулым тыдні, не ўдаючыся ў падрабязнасьці, Бэсэнт выказаў здагадку, што актуальная блякада ЗША іранскіх партоў у спалучэньні з тым, што ён назваў «самымі жорсткімі санкцыямі ў гісторыі», зробіць новыя ваенныя апэрацыі супраць Ірану менш імавернымі.

Але кіраўнік міністэрства абароны ЗША Піт Гэґсэт падкрэсьліў, што магчымасьць ужыць вайсковую сілу застаецца.

«Мы ні ў якім разе не выключаем магчымасьці нанясеньня ўдараў у якім-хаця месцы Армускай пратокі або вакол Ірану», — сказаў ён журналістам.

Перамовы не даюць выніку

Маштабныя напады на Іран спыніліся, але перамовы не прывялі да пагадненьня аб заканчэньні вайны, вызваленьні Армускай пратокі, на якую да вайны прыпадала 20 працэнтаў усясьветных паставак нафты, не разьвязаная шматгадовая праблема ўзбагачэньня Іранам урану.

На пытаньне, ці будуць ЗША крытыкаваць Кітай за працяг закупу іранскай нафты, Бэсэнт адказаў:

«Мы ўпэўненыя, што ўсе хочуць, каб пратока зноў адкрылася і каб цэны на энэрганосьбіты зьнізіліся... Майце на ўвазе, што кітайцы атрымліваюць 50 працэнтаў сваёй энэргіі з Пэрсыдзкай затокі. Таму ўдзел у праграме зробіць ім вялікую паслугу».

Раней, 24 жніўня, прадстаўнік Міністэрства замежных справаў Кітайскай Народнай Рэспублікі Лінь Дзянь заявіў:

«Санкцыі і ціск не дапамогуць вырашыць праблемы. Яны толькі павялічаць напружанасьць і абвостраць сытуацыю, што ня служыць інтарэсам ніводнага боку». У камэнтарах, цытаваных China Daily, Лінь заклікаў усіх удзельнікаў як мага хутчэй вярнуцца да дыялёгу і шукаць палітычнага ўрэгуляваньня.

Трамп мае сустрэцца з старшынём КНР Сі Дзіньпінам у Вашынгтоне ў канцы верасьня. У камэнтарах для тэлеканалу CNBC на мінулым тыдні аб новых мерах Бэсэнт сказаў:

«Мы зьбіраемся абваліць гэты рэжым». Трамп у паведамленьні ў сацыяльных сетках 24 жніўня напісаў: «ІРАН ЦАЛКАМ РУЙНУЕЦЦА».

24 жніўня курс іранскага рыяла адносна даляра ЗША ўпаў да новага мінімуму на адкрытым рынку, што сьведчыць пра пастаянныя праблемы ў эканоміцы Ірану.

Мэхдзі Годсі, старшы эканаміст Венскага інстытуту міжнародных эканамічных дасьледаваньняў, выказаў здагадку, што санкцыі могуць не прынесьці таго палітычнага выніку, якога чакае Вашынгтон.

«Урад Ірану значна больш упарты, — сказаў Годсі ў інтэрвію Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода. — У выніку вайны загінулі шмат лідэраў рэжыму, разбурана значная частка яго інфраструктуры, але ўрад усё яшчэ трымаецца сваёй пазыцыі».

Што папярэднічала

Раней Трамп пагражаў Ірану разбуральнымі ваеннымі ўдарамі, аднак апошнім часам адмовіўся ад гэтых пагрозаў, замяніўшы іх заявамі аб эканамічным ціску.

Раней Трамп, адказваючы на пытаньні журналістаў, зноў заявіў, што Армуская пратока, аб перакрыцьці якой заяўляе Іран, знаходзіцца пад кантролем ЗША. Ён сказаў, што задаволены цяперашняй сытуацыяй у супрацьстаяньні з Іранам і што перамовы з Тэгеранам у нейкі момант могуць аднавіцца.

Выданьне Axios з спасылкай на крыніцы ў адміністрацыі ЗША піша, што амэрыканскія вайскоўцы забясьпечваюць рух танкераў цераз Армускую пратоку, нягледзячы на пагрозы ад Ірану, і такім чынам празь яе надалей праходзяць мільёны барэляў нафты ў дзень, хоць, паводле афіцыйных зьвестак, гэты абʼём істотна ніжэйшы. Калідор ля ўзьбярэжжа Аману, як сьцьвярджаецца, дазваляе праводзіць цераз пратоку прыкладна палову ад даваеннага абʼёму нафты, што дазваляе трымаць цэны на прымальным узроўні. Паведамляецца, што ЗША каардынуюць рух цераз пратоку з краінамі Пэрсыдзкай затокі.

Тым часам Іран выдаў новае папярэджаньне дзяржавам Затокі аб недапушчэньні дапамогі амэрыканскім вайскоўцам.

У NATO заявілі, што гатовыя адрэагаваць на ўсякую пагрозу і прыняць патрэбныя захады для абароны сваіх чальцоў, пасьля як прагучала, што Іран разглядаў магчымасьць нападу на амэрыканскія вайсковыя аб’екты ў Баўгарыі і на Кіпры ў разе далейшай эскаляцыі канфлікту з Злучанымі Штатамі.


Вайсковая апэрацыя ЗША і Ізраілю супраць Ірану

28 лютага Дональд Трамп аб’явіў аб пачатку супольнай з Ізраілем маштабнай ваеннай апэрацыі супраць рэжыму ў Іране. Патрэбу ў апэрацыі зьвязалі з правалам перамоваў аб іранскай ядзернай праграме.

Аятала Алі Хамэнэі й іншыя прадстаўнікі найвышэйшага іранскага кіраўніцтва былі забітыя. Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян назваў забойства Хамэнэі страшным злачынствам і паабяцаў адпомсьціць. Іран пачаў апэрацыю ў адказ і нанёс удары па амэрыканскіх аб’ектах на Блізкім Усходзе.

Масква наўпрост асудзіла агрэсію Ізраілю і ЗША супраць Ірану. Улады Беларусі адрэагавалі стрымана. Лукашэнка ў першыя два дні пасьля гібелі Хамэнэі не сказаў ані слова, а МЗС Беларусі 28 лютага двойчы выступіў з заявамі. У адной прагучала заклапочанасьць абвастрэньнем канфлікту вакол Ірану. У другой заяве атака на Іран асуджаецца, але Ізраіль і ЗША не названыя, акцэнт робіцца на гуманітарным аспэкце.

Беларуская дзяржаўная авіякампанія «Белавія» празь небясьпеку ўзаемных абстрэлаў на Блізкім Усходзе скасавала шэраг рэйсаў і 2 сакавіка накіравала эвакуацыйны самалёт зь Менску ў Доху, каб забраць беларускіх турыстаў, што апынуліся ў Катары, які таксама абстрэльваў Іран.

Паводле іранскага таварыства Чырвонага Паўмесяца, у Іране загінулі больш за 200 чалавек, параненыя больш за 700. Паводле іранскага інфармацыйнага агенцтва IRNA, 118 чалавек сярод загінулых — школьнікі.

Афіцыйныя асобы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў заявілі пра трох загінулых і 58 параненых у краіне з пачатку іранскіх атак на рэгіён Пэрсыдзкай затокі, якія сталі адказам на ваенныя апэрацыі ЗША і Ізраілю.

У выніку іранскага ракетнага ўдару па горадзе Бэйт-Шэмэш у Ізраілі, што за 40 км ад Ерусаліму, як мінімум 9 чалавек загінулі і 28 атрымалі раненьні. З пачатку новага абвастрэньня па тэрыторыі Ізраілю рэгулярна б’юць ракетамі.

2 сакавіка да баявых дзеяньняў у рэгіёне далучылася праіранская ісламісцкая групоўка «Хэзбала», якая пачала з тэрыторыі Лібану абстрэльваць Ізраіль.

У наступныя дні іранскія войскі працягвалі наносіць удары па Саудаўскай Арабіі, Бахрэйне, ААЭ, Кувэйце за іх супрацу з амэрыканцамі па разьмешчаных там амэрыканскіх актывах, а таксама па гатэлях і іншых аб’ектах. ЗША і Ізраіль працягнулі ўдары па вайсковых аб’ектах Ірану.

8 сакавіка іранская Асамблея экспэртаў абрала Муджтабу Хамэнэі новым кіраўніком краіны. Гэта 56-гадовы сын забітага паветранай атакай Алі Хамэнэі. Жонка Муджтабы Хамэнэі, Захра Хадад Адэль, таксама загінула падчас таго ж амэрыканска-ізраільскага ўдару, у якім быў забіты яе цесьць — найвышэйшы кіраўнік (рахбар) Ірану.

8 красавіка ўступіла ў сілу замірэньне, але ў рэгіёне Пэрсыдзкай затокі працягваюцца спарадычныя выпадкі гвалту, у тым ліку напады на караблі з боку тэгеранскіх сілаў, як і ўдары ЗША па Іране. Пазьней замірэньне некалькі разоў працягвалі, але штораз парушалі. Адносны спакой наступіў у чэрвені 2026 году, але 25 чэрвеня іранскія сілы атакавалі некалькі караблёў у Армускай пратоцы, якія эвакуавалі зь небясьпечнай зоны.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG