Кітай, Расея, Іран і Паўночная Карэя паглыбляюць ваеннае і стратэгічнае супрацоўніцтва. Іх нефармальнае аб’яднаньне, якое ўжо часам называюць скаротам КРІПК (CRINK па-ангельску), выклікае заклапочанасьць у Вашынгтоне, бо яны ствараюць ўзаемазьвязаныя пагрозы бясьпецы ва Ўкраіне, на Блізкім Усходзе і ў Інда-Ціхаакіянскім рэгіёне, піша вашынгтонскі карэспандэнт Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Алекс Раўфаглу.
Вядучыя аўтакратыі сьвету — Кітай, Расея, Іран і Паўночная Карэя — усё часьцей выкарыстоўваюць рэсурсы, ваенныя і геапалітычныя магчымасьці адна адной, каб супрацьстаяць ціску Захаду.
Для Вашынгтону стратэгічная праблема ўжо заключаецца ня толькі ў тым, наколькі супрацоўнічаюць гэтыя чатыры краіны, але і ў тым, як такое супрацоўніцтва зьмяняе балянс сілаў на некалькіх тэатрах ваенных дзеяньняў адначасова.
Актуальнасьць гэтага пытаньня выявілася на перадавой ва Ўкраіне.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі 11 жніўня заявіў, што ў выніку расейскага авіяўдару з выкарыстаньнем паўночнакарэйскіх балістычных ракет загінулі як мінімум шэсьць чалавек і амаль два дзясяткі атрымалі раненьні. Атака адбылася на фоне паведамленьняў аб тым, што паўночнакарэйскае ракетнае падразьдзяленьне, на ўзбраеньні якога да 120 балістычных ракетаў, пачало разгортвацца на захадзе Расеі.
Тым часам Пхэньян 11 жніўня, усяго за некалькі дзён да буйных вайсковых вучэньняў ЗША і Паўднёвай Карэі, выпрабаваў яшчэ адну балістычную ракету, што выклікала сумесны адказ ЗША і 40 іншых краін. Гэта паказвае тыя падвойная пагрозы бясьпецы, зь якімі сутыкаюцца Вашынгтон і яго партнэры як у Эўропе, так і ў Інда-Ціхаакіянскім рэгіёне.
Дэйвід Крэймэр, выканаўчы дырэктар Інстытуту Джорджа Буша-малодшага і былы высокапастаўлены дыплямат ЗША, сказаў у інтэрвію Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода (РСЭ/РС), што КРІПК функцыянуе як гнуткая сетка, у якой удзельнікі супрацоўнічаюць там, дзе іх інтарэсы перасякаюцца, дазваляючы кожнаму рэжыму кампэнсаваць некаторыя са сваіх стратэгічных уразьлівасьцяў.
Вайна ва Ўкраіне стала галоўнай арэнай для абмену вайсковымі магчымасьцямі паміж удзельнікамі КРІПК.
Бесьпілётнікі «Шахед», распрацаваныя ў Іране, адыгралі вырашальную ролю ў наступальнай кампаніі Расеі на раньніх этапах поўнамаштабнага ўварваньня, распачатага Масквой у лютым 2022 году.
Тым часам удзел Паўночнай Карэі ў канфлікце значна пашырыўся. Пхэньян адправіў войскі для падтрымкі ваенных намаганьняў Масквы, прычым ацэнкі павялічыліся зь першапачатковых 12-15 тысяч вайскоўцаў да паведамленьняў, якія сьведчаць аб лічбе каля 50 тысяч. У той жа час Паўночная Карэя робіць пастаўкі балістычных ракетаў.
Практычнае супрацоўніцтва
Роля Кітаю менш адкрыта зьвязаная з ваеннымі дзеяньнямі, але яна значная.
Пэкін дапамог Расеі фінансаваць вайну, купляючы расейскую энэргію, а таксама пастаўляючы Маскве тэхналёгіі падвойнага прызначэньня.
«Усе гэтыя краіны падтрымлівалі і ўмацоўвалі адна адну», — кажа Крэймэр.
Супрацоўніцтва таксама стварае магчымасьці для ваеннага навучаньня і перадачы тэхналёгій. Крэймэр адзначыў, што Расея распрацавала ўласную вэрсію іранскіх бесьпілётнікаў «Шахед», у той час як Паўночная Карэя, як выглядае, атрымлівае тэхналёгіі ад Расеі ўзамен на прадастаўленьне войскаў і ракетаў.
Чатыры краіны ня маюць агульнай дамовы аб узаемнай абароне, адзінай структуры камандаваньня або абавязковай стратэгічнай дактрыны. Аналітыкі кажуць, што не назіраецца ніякай асноўнай ідэалёгіі, якая б зьвязвала іх, акрамя супрацьстаяньня Захаду — найперш альянсам на чале з ЗША.
«Гэтае супрацоўніцтва ўжо прынесла дывідэнды, падтрымліваючы ваенныя намаганьні, умацоўваючы рэжымы, якія сутыкаюцца з праблемамі, і падрываючы дэмакратычныя нормы. Аднак яго ахоп абмежаваны: групоўка грунтуецца на абмене выгадамі, ня мае адзінага лідэра, унутры яе адбываецца канкурэнцыя інтарэсаў і няма агульнага пляну для альтэрнатыўнага парадку», — лічаць аналітыкі Інстытуту Лоўі, непартыйнага міжнароднага аналітычнага цэнтру, які месьціцца ў аўстралійскім Сыднэі.
Кітай застаецца дамінуючым партнэрам у адносінах з Масквой, што робіць Расею значна больш залежнай ад Пэкіну, чым наадварот.
Кітай не аказаў таго ўзроўню прамой падтрымкі, да якога Крэмль, магчыма, імкнуўся, калі дзьве краіны абвясьцілі аб сваім сяброўстве «бязь межаў» у 2022 годзе.
Пэкін таксама ўважліва сочыць за тым, як Расея паглыбляе свае адносіны з Паўночнай Карэяй, што, паводле Крэймэра, ня вельмі задавальняе Кітай.
Тым ня менш, гэтыя разыходжаньні не перашкаджаюць практычнаму супрацоўніцтву.
«Я думаю, што гэта стварае больш сурʼёзную праблему, бо яны выглядаюць адзінымі якраз у сваіх намаганьнях аслабіць альбо суседнія дзяржавы, альбо дэмакратычныя сыстэмы ці ролю Злучаных Штатаў у прыватнасьці», — сказаў Крэймэр.
Як у Вашынгтоне бачаць агульную карціну
Гэтае больш шырокае ўспрыманьне пагрозы зьмяняе дыскусіі ў Вашынгтоне, дзе заканадаўцы і аналітыкі нацыянальнай бясьпекі ўсё часьцей разглядаюць рэгіянальныя канфлікты праз узаемазьвязаную стратэгічную прызму.
Сэнатар-рэспубліканец Джон Кэртыс з штату Юта, чалец Камітэту ў міжнародных адносінах Сэнату, падкрэсьліў, што вынікі падзеяў ва Ўсходняй Эўропе маюць прамыя стратэгічныя наступствы для стрымліваньня ў Інда-Ціхаакіянскім рэгіёне.
«Калі дазволіць Пуціну атрымаць перамогу ва Ўкраіне, гэта істотна паўплывае на многія іншыя рэгіёны сьвету, — сказаў Кэртыс карэспандэнту Радыё Свабода, зьвяртаючы ўвагу, у прыватнасьці, на амбіцыі Пэкіну ў дачыненьні да Тайваню. — Няма сумненьняў, што яны сочаць за нашай рэакцыяй».
Сэнатар Рык Скот, рэспубліканец з Флорыды, падзяляе гэты пункт гледжаньня, заявіўшы ў нядаўнім інтэрвію РСЭ/РС, што перамога над расейскай агрэсіяй зьяўляецца неадʼемнай часткай стрымліваньня больш шырокай сеткі аўтарытарных дзяржаў.
Контар-адмірал у адстаўцы Марк Мантгомэры, старшы дырэктар Цэнтру кібэр- і тэхналягічных інавацый пры Фондзе абароны дэмакратый і суаўтар кнігі «Вось агрэсараў», заявіў РСЭ/РС, што яго дасьледаваньне задакумэнтавала больш за 600 выпадкаў узаемнага супрацоўніцтва паміж чатырма краінамі.
Паводле Мантгомеры, Украіне даводзіцца супрацьстаяць элемэнтам усіх чатырох праціўнікаў адначасова. Тэгеран паставіў бесьпілётнікі, Пхэньян паставіў вайскоўцаў і боепрыпасы, Пэкін паставіў кампанэнты падвойнага прызначэньня, а Масква забясьпечыла тактычны досьвед і, як выглядае, прапануе ўзамен ваенныя тэхналёгіі.
Гэтая зваротная сувязь стварае адаптыўную сыстэму. Паколькі кожны ўдзельнік можа дапамагчы кампэнсаваць эканамічныя, тэхналягічныя або вайсковыя слабасьці іншага, ціск на адну краіну можа быць часткова кампэнсаваны праз супрацоўніцтва зь іншымі.
Тым часам Масква і Пэкін выкарыстоўвалі такія інструмэнты, як вэта ў ААН і іншыя дзеяньні, каб блякаваць міжнародныя намаганьні і абараніць сваіх кліентаў ад ціску.
Супрацьдзеяньне сетцы
Як адзначаюць аналітыкі, адсутнасьць у Кітаю, Расеі, Ірану і Паўночнай Карэі фармальнай структуры альянсу і адзінай стратэгічнай дактрыны зьяўляецца адной з крыніц іх уразьлівасьці.
Кітай мае свае ўласныя інтарэсы і абмежаваў ступень прамой ваеннай падтрымкі, якую ён аказвае Расеі. Пэкін таксама занепакоены паглыбленьнем адносінаў паміж Масквой і Пхэньянам.
Крэймэр кажа, што ЗША і іх саюзьнікі павінны рэагаваць, больш цесна супрацоўнічаючы ў Эўропе, Азіі і на Блізкім Усходзе, а не разглядаць пагрозы, якія зыходзяць ад чатырох краін, як асобныя праблемы.
Ён таксама заклікаў да больш жорсткіх дзеяньняў, такіх як выкарыстаньне «Глябальнага закону Магніцкага», які дазваляе Злучаным Штатам уводзіць санкцыі супраць чыноўнікаў і іншых асоб, якія ўдзельнічаюць у грубых парушэньнях правоў чалавека і карупцыі. Шырэйшыя санкцыі, сказаў ён, таксама могуць быць выкарыстаны больш агрэсіўна супраць чатырох рэжымаў.
Але Крэймэр падкрэсьліў, што ваенная дапамога Ўкраіне застаецца цэнтральнай у адказе Захаду.
«Ваенная дапамога Ўкраіне абсалютна жыцьцёва важная», — сказаў ён, зьвярнуўшы ўвагу на працяглыя расейскія атакі крылатымі і балістычнымі ракетамі, а таксама на вострую патрэбу Ўкраіны ў ракетах-перахопніках.
Цяперашняя выпрабаваньне рашучасьці Захаду застаецца сфакусаваным ва Ўкраіне, дзе недахоп сыстэм супрацьпаветранай абароны робіць мірных жыхароў і інфраструктуру ўразьлівымі для расейскіх нападаў з выкарыстаньнем бесьпілётнікаў іранскай распрацоўкі і паўночнакарэйскіх ракет.
Наступствы гэтага выходзяць па-за межы Эўропы. Крамер адзначыў, што Тайвань зьяўляецца адным з галоўных прыхільнікаў Украіны, таму што Тайбэй разумее — тое, як Захад адрэагуе на вайну Расеі, будзе важным для погляду Кітаю на Тайвань.
Гэта стварае стратэгічную сувязь паміж Эўрапейскім і Інда-Ціхаакіянскім тэатрамі ваенных дзеяньняў. Злучаныя Штаты і іх саюзьнікі могуць сутыкнуцца з асобнымі крызісамі геаграфічна, але ўрады, якія стаяць за гэтымі выклікамі, усё часьцей маюць магчымасьць падтрымліваць адзін аднаго.
Калі Вашынгтон успрымае пагрозы ў Эўропе, Інда-Ціхаакіянскім рэгіёне і на Блізкім Усходзе, разглядаючы кожны тэатар ваенных дзеяньняў як ізаляваную праблему, ён рызыкуе забыцца пра тое, як Расея, Кітай, Іран і Паўночная Карэя могуць аказваць адно аднаму ўзаемную падтрымку.
Для КРІПК не абавязкова станавіцца фармальным альянсам, каб стварыць значную пагрозу для інтарэсаў Захаду. Як падкрэсьлівае аналіз Крэймэра, яго ўдзельнікам трэба толькі працягваць вызначаць практычныя сфэры, дзе супрацоўніцтва можа ўмацаваць кожнага зь іх у барацьбе з тым, што яны ўспрымаюць як ціск з боку Злучаных Штатаў і іх саюзьнікаў.
Форум