Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як зьвязаныя войны ва Ўкраіне і Іране. Аналіз Свабоды

Іранскія караблі падчас аднаго з «дружалюбных візытаў» на базу Касьпійскай флятыліі ВМФ Расеі ў Астрахані. Архіўнае фота
Іранскія караблі падчас аднаго з «дружалюбных візытаў» на базу Касьпійскай флятыліі ВМФ Расеі ў Астрахані. Архіўнае фота

Падзеі апошніх дзён яшчэ раз пацьвердзілі гэта. Як можа разьвівацца расейска-іранскае партнэрства і што здольныя супрацьпаставіць яму Захад і Ўкраіна?

Агрэсія Расеі супраць Украіны і крызіс на Блізкім Усходзе ўсё мацней зьвязваюцца паміж сабой у новым геапалітычным кантэксьце, разважаюць міжнародныя карэспандэнты Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.

Новы фронт на Касьпіі

У канцы мінулага тыдня Іран абвінаваціў Украіну ў нанясеньні паветранага ўдару па іранскім караблі, які рухаўся, паводле заявы Тэгерану, з грузам жалеза з расейскай Астрахані ў іранскі порт Энзэлі на Касьпійскім моры.

Абставіны інцыдэнту, які адбыўся 25 ліпеня, застаюцца незразумелымі. Украінская спэцслужба СБУ заявіла, што бесьпілётнікі паразілі расейскі ракетны катэр «Молния», а таксама два грузавыя вадаплавы, якія, паводле СБУ, «знаходзіліся пад міжнароднымі санкцыямі і выкарыстоўваліся для перавозкі вайсковых грузаў паміж Іранам і Расеяй».

Пад гэтае апісаньне трапляюць два грузавыя караблі пад расейскім сьцягам — «Порт Оля-2» і «Бегей». Абодва пад міжнароднымі санкцыямі, уведзенымі за вайну ва Ўкраіне. Дакладна невядома, што менавіта перавозілі гэтыя караблі.

«Украіна дабілася вельмі важкіх вынікаў дзякуючы ўдарам на вялікія адлегласьці ў Касьпійскім моры, у тым ліку па караблях, залучаных у перавозку вайсковых грузаў з удзелам Ірану», — адзначыў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў паведамленьні ў Telegram.

Міністры замежных справаў Ірану і Расеі Абас Аракчы і Сяргей Лаўроў на перамовах у Тэгеране, люты 2025 году
Міністры замежных справаў Ірану і Расеі Абас Аракчы і Сяргей Лаўроў на перамовах у Тэгеране, люты 2025 году

«Зяленскі атакаваў іранскі гандлёвы карабель, забіўшы матроса. Гэта відавочнае парушэньне Статуту ААН, зьдзейсьненае на загад Ізраілю, каб уцягнуць Эўропу ў сваю вайну. У размовах з высокім прадстаўніком ЭЗ Калас і міністрам замежных справаў Лаўровым я дакладна даў зразумець, што гэта ня можа застацца без адказу», — заявіў міністар замежных справаў Ірану Абас Аракчы.

Міністар замежных справаў Украіны Андрэй Сыбіга заявіў у адказ, што Іран «ня мае права выдаваць сябе за ахвяру», бо ён фактычны саўдзельнік расейскай агрэсіі супраць Украіны, які пастаўляе Расеі зброю.

Сапраўды, з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну Масква актыўна выкарыстоўвала дроны іранскай вытворчасьці «Шахед», вытворчасьць якіх (у расейскай мадыфікацыі яны называюцца «Герань») яна неўзабаве наладзіла ў сябе.

«Нанесеныя Ўкраінай удары з дапамогай дронаў па караблях і энэргетычнай інфраструктуры на Касьпіі дэманструюць, як расьце патэнцыял краіны ў галіне далёкабойных удараў, а таксама яе імкненьне нанесьці шкоду галінам, якія забясьпечваюць ваенныя дзеяньні Расеі... Гэта ўдала абраны Ўкраінай момант, улічваючы візыт Зяленскага ў Вашынгтон для сустрэчы з прэзыдэнтам Трампам. Пасыл зразумелы: мы на адным баку», — пракамэнтаваў тое, што адбываецца, тэлеканал CNN.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі і прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп на сустрэчы ў Вашынгтоне, 28 ліпеня 2026 году
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі і прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп на сустрэчы ў Вашынгтоне, 28 ліпеня 2026 году

Перамовы з Трампам прайшлі 28 ліпеня, Зяленскі ахарактарызаваў іх як «добрыя».

«Украінскі ўдар па іранскім караблі сьведчыць аб значнай зьмене тактыкі і зьяўляецца выразным сыгналам аб тым, што Ўкраіна ня будзе цярпець агрэсію, незалежна ад таго, адкуль яна зыходзіць, — кажа Люк Кофі, экспэрт у пытаньнях Расеі з вашынгтонскага аналітычнага Інстытуту Гадсана. — Мяркую, што падобныя апэрацыі будуць усё больш і больш ускладняць навігацыю ў Касьпійскім моры».

Крэмль таксама выказаўся з гэтай нагоды: прэс-сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў заявіў журналістам, што ўкраінскую атаку варта разглядаць як напад беспасярэдне на Іран.

«Іран больш брэша, чым кусае»

Калі адкінуць гнеўную рыторыку, застаецца незразумелым, у якой ступені Іран зможа нанесьці ўдар у адказ.

«Тэгеран, безумоўна, абураны, але яго магчымасьці ўжыць ваенную сілу супраць Украіны вельмі абмежаваныя, — адзначае Саід Галкар, экспэрт у пытаньнях іранскіх узброеных сілаў, прафэсар Унівэрсытэту Тэнэсі. — Калі Іран вырашыць адказаць, я чакаю хутчэй ускосных захадаў, такіх як кібэрапэрацыі, удараў па ўкраінскіх інтарэсах за мяжой, але не традыцыйнага ваеннага ўдару».

Нэйт Свонсан, які займаў пасаду дырэктара ў справах Ірану ў Радзе нацыянальнай бясьпекі Белага дому за прэзыдэнтам Джо Байдэнам, таксама сумняваецца ў здольнасьці Ірану сур’ёзна адказаць.

«Калі ідзецца пра Ўкраіну, Іран больш брэша, чым кусае. Хоць ня выключана, што Іран прадпрыме нейкія сымбалічныя захады ў адказ да Ўкраіны, у цэлым я сумняваюся, што Ўкраіна ці Іран імкнуцца адкрываць новыя франты ў сваіх войнах».

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі таксама заявіў, што Расея пастаўляе Ірану выведную інфармацыю аб амэрыканскіх абʼектах на Блізкім Усходзе, тым самым даючы змогу іранскаму рэжыму разьлічыць свае ўдары па гэтых цэлях. Заява была зроблена напярэдадні візыту Зяленскага ў ЗША.

Дональд Трамп сказаў, што ЗША правераць інфармацыю аб надаваньні Расеяй такіх зьвестак Ірану. Раней амэрыканскі прэзыдэнт прадэманстраваў, што і ён усё больш усьведамляе сувязь абодвух геапалітычных вузлоў — украінскага і блізкаўсходняга.

Трамп зноў заклікаў кангрэсмэнаў дадаць да законапраекту аб санкцыях на Расею, суаўтарам якога быў нядаўна памерлы сэнатар Ліндсі Грэм, таксама санкцыі супраць Ірану.

Як напісаў Трамп у сетцы Truth Social, ініцыятарам гэтай ідэі быў сам Грэм, «і гэта мусіла адбыцца».

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG