Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На ўсясьветных рынках нафта патаньнела пасьля навін з Армускай пратокі

Здабыча нафты ў Каліфорніі, ЗША, 2026 г.
Здабыча нафты ў Каліфорніі, ЗША, 2026 г.

Барэль нафты Brent прадаюць таньней чым за 87 даляраў, цана падае на 2,24% за дзень. Нафта маркі WTI каштуе каля 80 даляраў за барэль, яе цана падае на 2,5% за дзень.

Нафта эталённых марак раніцай у сераду працягвала таньнець. Гэта адбываецца на фоне прагрэсу ў пытаньні адкрыцьця Армускай пратокі, паведамляе Trading Economics.

Цэны на нафту ўпалі, калі прадстаўнікі Ірану і Аману прыйшлі да згоды наконт часовага маршруту руху цераз Армускую пратоку, пра што заявіў у ноч на сераду намесьнік кіраўніка іранскага МЗС Казэм Гарыбабадзі.

«Мы ўзгаднілі з Аманам, што караблі будуць уваходзіць у пратоку цераз іранскія тэрытарыяльныя воды. Частка маршруту ў бок выхаду з пратокі таксама будзе пралягаць цераз іранскія тэрытарыяльныя воды», — падаюць яго словы блізкаўсходнія СМІ.

Гарыбабадзі падкрэсьліў, што ў гэтым выпадку ідзецца аб часовым рашэньні. Перамовы аб пастаянна дзейным маршруце Іран і Аман правядуць пазьней.

Таксама працягваюць свае пасярэдніцкія захады Пакістан і Катар, а санкцыі Вашынгтону супраць Ірану выявіліся менш агрэсіўнымі, чым таго чакалі рынкі.

Паводле Гарыбабадзі, аднавіць рух цераз пратоку можна будзе пасьля поўнага завяршэньня канфлікту Ірану з ЗША. Дадаткова ціснуць на біржавыя цэны апублікаваныя ў аўторак зьвесткі Амэрыканскага інстытуту нафты (API), паводле якіх запасы нафты ў Штатах за мінулы тыдзень вырасьлі на 4,2 млн барэляў. Пры гэтым экспэрты чакалі іх росту ў сярэднім на 1,9 млн. барэляў, адзначае Trading Economics.

У пачатку жніўня цана нафты маркі Brent пэўны час перавышала 100 даляраў за барэль. Нафта даражэла падчас росту напружанасьці на Блізкім Усходзе. Адной з канкрэтных прычынаў росту цаны названыя атакі на танкеры ў Чырвоным моры, якія пагражаюць руху па гэтым, яшчэ адным найважнейшым, маршруце паставак нафты — у дадатак да Армускай пратокі, фактычна заблякаванай Іранам.

Чаму гэта важна?

Калі нафта даражэе, адразу растуць цэны на паліва, на ацяпленьне і транспарт, што цягне за сабой падаражэньні ў іншых сэктарах эканомікі. Раскручваецца інфляцыя, людзі робяцца бяднейшымі.

Аднак гэта падвышае даходы краін, якія здабываюць нафту. Прыкладам, Расея мае больш магчымасьцяў весьці вайну.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG