Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іран пагражае Радыё Фарда і іншым СМІ. ЗША нагадалі пра напады Тэгерану на журналістаў

Іранскія газэты з артыкуламі пра затрыманьне журналістак, 2022 год
Іранскія газэты з артыкуламі пра затрыманьне журналістак, 2022 год

Злучаныя Штаты заявілі, што ведаюць пра пагрозы ўзброеных сілаў Ірану ўключыць пэрсамоўныя СМІ, у тым ліку Радыё Фарда, у сьпіс патэнцыйных вайсковых цэляў, і нагадалі пра выпадкі перасьледу журналістаў і дысыдэнтаў за мяжой і спробы нападаў на іх з боку Тэгерану, піша карэспандэнт Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Алекс Раўфоглу.

У адказе на запыт Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода ад 28 жніўня прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША заявіў: «Мы ведаем пра гэтыя паведамленьні».

«Іранскі рэжым неаднаразова перасьледаваў журналістаў і іранскіх дысыдэнтаў па ўсім сьвеце, а таксама спрабаваў выкрадаць і забіваць іх толькі за тое, што яны карысталіся сваімі свабодамі. Гэта даўняя і агідная практыка рэжыму, які дзесяцігодзьдзямі распаўсюджвае тэрор па ўсім сьвеце», — сказаў прадстаўнік Дзярждэпартамэнту.

«Злучаныя Штаты падтрымліваюць нявінных мірных жыхароў, якіх робіць сваёй мішэньню Іран, і працягваюць працаваць з саюзьнікамі і партнэрамі, каб выкрываць гэтыя пагрозы, абменьвацца інфармацыяй пра іх і прыцягваць вінаватых да адказнасьці», — дадаў ён.

Раней на гэтым тыдні ў тэлевізійным інтэрвію прадстаўнік узброеных сілаў Ірану, брыгадны генэрал Абальфазл Шэкарчы, заявіў, што супрацоўнікаў Радыё Фарда, Iran International, BBC Persian і Manoto могуць уключыць у іранскі «банк вайсковых цэляў». Ён назваў іх «салдатамі сіянізму і злачыннай Амэрыкі» і бяз доказаў заявіў, што гэтыя СМІ нібыта па-рознаму зьвязаныя з ЦРУ, «Масадам» і іншымі замежнымі спэцслужбамі.

Дэйвід Крэймэр, выканаўчы дырэктар Інстытуту Джорджа Буша і былы памочнік дзяржсакратара ЗША ў пытаньнях дэмакратыі, правоў чалавека і працы, заявіў, што папярэджаньне Тэгерану сьведчыць пра важнасьць СМІ, якім пагражае Іран.

«Няма нічога дзіўнага ў тым, што іранскі рэжым лічыць такія СМІ, як Радыё Фарда і пэрсамоўная служба BBC, пагрозай, бо ён ня хоча, каб іранцы ведалі, што насамрэч адбываецца», — сказаў Крэймэр РСЭ/РС.

«Рэакцыя рэжыму паказвае, што гэтыя службы маюць рэальны ўплыў унутры Ірану, сам жа рэжым аддае перавагу маўчаньню і гвалту супраць уласнага народу і суседзяў», — сказаў ён.

Крэймэр заявіў, што гэтыя СМІ «павінны быць абароненыя, каб мець магчымасьць выконваць сваю важную працу ў інтарэсах амэрыканскага народу сродкамі мяккай сілы, адначасова даючы іранцам зразумець, што пра іх не забыліся».

🛈 Радыё Фарда — іранская служба Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода (РСЭ/РС), заяўленая місія якой — «спрыяць дэмакратычным каштоўнасьцям, падаючы дакладныя, нецэнзураваныя навіны і забясьпечваючы адкрытую дыскусію ў краінах, дзе свабода прэсы пад пагрозай, а дэзінфармацыя шырока распаўсюджаная».

Чэхія, дзе месьцяцца рэдакцыі РСЭ/РС і Радыё Фарда, выказала пратэст у сувязі з пагрозамі. Міністар замежных спраў Пэтр Мацінка заявіў пра выклік іранскага амбасадара ў міністэрства, паведамілі чэскія СМІ.

«Радыё Фарда, якое базуецца ў Празе, было адным зь нямногіх каналаў, якія даносілі правераную інфармацыю да насельніцтва Ірану. Яго важнасьць стала асабліва відавочнай падчас масавых рэпрэсіяў, якія іранскі рэжым абрынуў на свой народ узімку», — сказаў Чэскаму радыё прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Чэхіі Адам Чорга.

Іранскія праваабарончыя групы, якія працуюць за мяжой, заяўляюць, што пацьвердзілі 7 тысяч сьмерцяў, але мяркуюць, што рэальная колькасьць загінулых, верагодна, большая.

Да пагрозы Ірану трэба паставіцца сур’ёзна, лічыць Томас Мэлія, былы высокапастаўлены службовец Дзярждэпартамэнту, які займаўся правамі чалавека, а цяпер працуе старэйшым навуковым супрацоўнікам Цэнтру дэмакратыі і грамадзянскай супольнасьці Джорджтаўнскага ўнівэрсытэту. Паводле яго, супрацоўнікі Радыё Фарда ў Празе і іншых месцах «павінны ўзмацніць увагу да пытаньняў бясьпекі», улічваючы дзеяньні іранскай дзяржавы супраць дысыдэнтаў за мяжой.

«Гэта сьведчаньне таго, наколькі важная праца Фарда: іранскі рэжым незадаволены тым, што праўдзівыя факты, інфармацыя і навінавыя паведамленьні, якія перадае Фарда, даходзяць да іранскага народу, і ён хоча перакрыць гэты паток», — сказаў Мэлія.

Віцэ-прэзыдэнт вашынгтонскага Цэнтру аналізу эўрапейскай палітыкі Крыстафэр Ўокер заявіў, што Іран сур’ёзна ставіцца да інфармацыйнай канкурэнцыі і ўклаў значныя сродкі ў дзяржаўныя мэдыя.

«Іранскія ўлады вельмі сур’ёзна ставяцца да канкурэнцыі ў сфэры СМІ і інфармацыі, — сказаў Ўокер. — Менавіта таму, як лічыцца, яны штогод выдаткоўваюць сотні мільёнаў даляраў на свае дзяржаўныя інфармацыйныя магчымасьці па ўсім сьвеце».

Ўокер назваў пагрозы міжнародным пэрсамоўным СМІ і іншым незалежным крыніцам часткай таго, што ён ахарактарызаваў як «даўнюю практыку транснацыянальнай цэнзуры і рэпрэсіяў» Тэгерану.

Ён таксама зьмясьціў іранскія пагрозы ў шырэйшы кантэкст супрацьстаяньня ў інфармацыйнай сфэры паміж аўтарытарнымі ўрадамі і заходнімі дэмакратыямі.

«Гэта частка глябальнай ценявой вайны, якую супраць Захаду вядуць рэжымы ў Маскве, Пэкіне і Тэгеране, — заявіў Ўокер. — Свабодным краінам патрэбны значна больш узгоднены і рашучы адказ».

Варожасьць Ірану да незалежных СМІ вынікае з самой прыроды клерыкальных уладаў, што застаюцца ва ўладзе пасьля Ісламскай рэвалюцыі 1979 году, кажа віцэ-адмірал у адстаўцы Робэрт Гарвард, былы намесьнік камандуючага Цэнтральным камандаваньнем ЗША.

«У сваёй аснове рэжым заўсёды быў супраць свабоднай прэсы і супраць усіх, хто гатовы выказвацца. І ўнутры краіны ім удавалася гэта кантраляваць, — сказаў Гарвард РСЭ/РС. — Цяпер, калі яны становяцца ўсё больш адчайнымі, яны пачынаюць атакаваць усе вонкавыя крыніцы ціску, бо тыя кажуць праўду пра тое, наколькі дэспатычны гэты рэжым».

Радыё Свабодная Эўропа /Радыё Свабода працуе на 24 мовах для 18 краінаў. Гэта прыватная некамэрцыйная амэрыканская мэдыякарпарацыя, якая фінансуецца за кошт гранту Кангрэсу ЗША праз Агенцтва ЗША ў глябальных мэдыях.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG