«Я стаў знакамітым пісьменьнікам, ён таксама знайшоў нармалёвую працу». Філіпенка раскрыў, як пісаў жарты для Зяленскага

Саша Філіпенка. 25 траўня 2026 году. Кіеў

У «ПіКу Свабоды» пра падзеі тыдня пагаварылі зь пісьменьнікам Сашам Філіпенкам пра ягоны візыт у Кіеў разам з камандай Сьвятланы Ціханоўскай, жарты для Зяленскага і новую кнігу.

— Як вы трапілі ў дэлегацыю? Вас запрасілі ці вы самі папрасіліся?

— Давайце будзем лічыць, што я сам папрасіўся. Я зараз пішу кніжку, у якой ёсьць таксама падзеі, што адбываюцца ва Украіне. Для нас гэта важныя падзеі, таму што там ёсьць нашы ваяры, таму што там шмат беларусаў, таму што гэта важна для нашай гісторыі — тое, што адбываецца ва Ўкраіне. Мне падавалася важным там апынуцца. Па-першае, гэта быў важны візыт, нейкае гістарычнае падзея. І ў гэтым сэнсе было шмат прычын там быць.

— Вы гаварылі ў адным з інтэрв’ю, што калісьці пісалі жарты для Ўладзіміра Зяленскага і ягонай каманды. Можаце ўзгадаць, што гэта былі за жарты?

— Гэта было вельмі даўно. Гэта быў яшчэ фэстываль «Новая хваля». У іх заўсёды былі свае аўтары і сцэнарысты, але былі нейкія канцэрты, якія мы пісалі разам. Апошні раз гэта было, здаецца, у 2012 годзе. І з таго часу я стаў знакамітым пісьменьнікам, а ён таксама знайшоў працу нармалёвую.

— Уладзімір Зяленскі пажартаваў пра Аляксандра Лукашэнку, які казаў, што надышоў час сустрэцца з прэзыдэнтам Украіны і Беларусі, і вось Сьвятлана Ціханоўская якраз у Кіеве. Як вы думаеце, гэта быў ягоны ўласны жарт ці падрыхтаваная рэпліка?

— Мне падаецца, што гэта быў напісаны жарт. Па-першае, гэты жарт прагучаў яшчэ за дзень да таго — нехта з украінскіх палітыкаў ужо яго выкарыстоўваў. А потым Зяленскі яго паўтарыў. Але як добры вядоўца ён вельмі добра гэты жарт прадаў у зале. Усе сьмяяліся. Было бачна, што ён не згубіў яшчэ гэтага майстэрства прадаваць жарты.

— Ці атрымалася ў вас пагаварыць хаця б каротка з Уладзімірам Зяленскім?

— Канешне не. Падчас гэтай вялізнай канфэрэнцыі ў яго кожная сэкунда была расьпісаная. Мы не размаўлялі — не было ні часу, ні магчымасьці. Увесь гэты час былі прылёты, складаныя сытуацыі з бясьпекай. Цяжка ўявіць, што ў Зяленскага цяпер ёсьць магчымасьць паразмаўляць пра літаратуру. Мне падаецца, яму зараз крыху не да гэтага.

— А што б вы яму сказалі, калі б знайшліся дзве-чатыры хвіліны?

— Напэўна, паразмаўлялі б пра тое, якое неверагоднае бывае жыцьцё. Пра тое, дзе мы былі дзесяць гадоў таму і дзе ўсе мы цяпер апынуліся. Мне падаецца, калі ты сустракаешся з такімі людзьмі, якія так стаміліся за гэты час, то лепшае, што можна зрабіць, — увогуле не размаўляць і даць чалавеку хаця б чатыры хвіліны адпачынку. Я падпісаў яму кнігу «Слон» і пажадаў перамогі. Напэўна, гэта галоўнае, што хацелася сказаць.

— Як ваша чытачка не магу не спытаць пра новую кнігу. Я так разумею, там будуць і беларускія добраахвотнікі? Ці будзе там Сьвятлана Ціханоўская?

— Я не буду нічога распавядаць пра новую кнігу, таму што я яе яшчэ пішу і нават сам не ведаю, што ў ёй будзе. Я думаю, што там будзе беларуская гісторыя, тое, што з намі адбываецца цяпер, тая кропка, у якой мы апынуліся. Але цяжка пра гэта казаць, таму што працэс напісаньня кнігі такі: нібыта ты ведаеш, куды ідзеш, але ніколі не ведаеш, куды прыйдзеш. Але гэта не палітычны раман і не кніга пра тое, як працуе штаб Ціханоўскай ці беларускія палітыкі. Магчыма, ён будзе крыху падобны да «Былога сына» — пра наша жыцьцё цяпер.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Ціск уладаў можа нават павялічыць цікавасьць да літаратуры». Філіпенка пра новыя рэпрэсіі супраць выдаўцоў і журналістаў

— Вы ўжо не першы раз побач са Святланай Ціханоўскай падчас яе візытаў. Я памятаю ваш вельмі яркі выступ у Радзе Эўропы. Як вы на яе глядзіце як пісьменьнік? Якое ваша ўражаньне?

— У мяне вельмі добрае ўражаньне. Напрыклад, мы былі разам у Жэнэве, выступалі з Алесем Бяляцкім. І, здаецца, гэта быў яго апошні выступ перад вяртаньнем у Беларусь і арыштам. Першае, што я сказаў Сьвятлане Ціханоўскай, калі мы пазнаёміліся: я не вельмі люблю палітыкаў і лічу, што ўсе палітыкі — гаўнюкі. Яна паглядзела на мяне і сказала: «Я таксама так лічу». І пасьля гэтага стала прасьцей размаўляць. Мы не часта бачымся — можа, раз на некалькі месяцаў. Але мне вельмі прыемна назіраць, што Сьвятлана Ціханоўская застаецца тым самым чалавекам, якога я пабачыў у 2020 годзе. Яна застаецца простай, рэагуе на жарты. Я не працую з ёй кожны дзень, але са мной яна застаецца вельмі чалавечнай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ціханоўская ў Кіеве сустрэлася зь Зяленскім і заявіла, што перамога Ўкраіны адкрые шлях да вольнай Беларусі

— Візыт Сьвятланы Ціханоўскай ва Украіну многія называюць гістарычным. Якая ваша ацэнка?

— Мне падаецца, што гэта быў вельмі важны і ўплывовы візыт. Я быў у зале падчас выступу Зяленскага. Ён казаў пра прадстаўнікоў розных краін — Швайцарыі, Польшчы, Нямеччыны — і асобна назваў Сьвятлану Ціханоўскую. Яна была адзіным палітыкам, чыё імя ён асобна вылучыў. Калі ён жартаваў пра прэзыдэнта Беларусі, усе ўжо разумелі, што гаворка пра Ціханоўскую. І мне падаецца, гэта вельмі важна. Бо ёсьць разуменьне, што ў беларусаў ёсьць свой прэзыдэнт, які ня стаў прэзыдэнтам толькі таму, што ў яго скралі гэтую магчымасьць. Гэта быў вельмі важны сыгнал для Менску. І, канешне, гістарычная падзея. Хаця, на мой погляд, яна павінна была адбыцца яшчэ ў 2020 годзе, а не цяпер.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць істотныя падзеі з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.