У чым падабенства і адрозьненьне паміж сталінскімі і цяперашнімі рэпрэсіямі ў дачыненьні да людзей слова? Ці выдаваць кнігі па-беларуску стала злачынствам у Беларусі? Новы віток рэпрэсій супраць выдаўцоў кнігаў і журналістаў абмяркуем з пісьменьнікамі Сашам Філіпенкам і Аляксандрам Лукашуком, а таксама старшынёй Беларускага ПЭНу Тацянай Нядбай і дырэктарам Фонду Kamunikat. org Яраславам Іванюком.
Глядзіце размову на відэа цалкам
0:00 КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фармаваньнем» выдавецтвы, якія друкуюць кнігі па-беларуску
3:04 Чаму пачаўся новы віток рэпрэсій супраць выдаўцоў і журналістаў. Саша Філіпенка
2:35 Навошта было прыдумляць «кааліцыю выдаўцоў». Яраслаў Іванюк, Саша Філіпенка
13:02 Чым адкажуць пісьменьнікі на рэпрэсіі супраць людзей слова. Саша Філіпенка
19:55 Небясьпека экстрэмісцкага статусу пісьменьніка для чытачоў у Беларусі. Тацяна Нядбай
36:06 Зьнішчэньне беларускай культуры – рэха і цана 2020 году? Аляксандар Лукашук
Тут фрагмэнты гутаркі
— У сьпіс так званых «экстрэмісцкіх фармаваньняў» КДБ Беларусі 9 сакавіка ўнёс «кааліцыю друкаваных выдавецтваў», куды ўключылі ніяк не зьвязаныя паміж сабой выдавецтвы і асобных распаўсюднікаў кніг. Гэта выдавецтвы, якія друкуюць кнігі па-беларуску: Kamunikat. org, Lohvinau Publishing House, Andrei Yanushkevich Publishing. А таксама 6 канкрэтных асобаў — выдаўцоў, распаўсюднікаў. Адны працуюць у Польшчы, хтосьці ў Літве, выдавецтва «Зьміцер Колас» у Беларусі, але было ліквідаванае ў 2024 годзе. У канцы лютага ў Менску прайшлі затрыманьні выдаўцоў і распаўсюднікаў кніг. Паводле інфармацыі «Вясны», агулам затрымалі як мінімум 10 чалавек — частку з іх адправілі на «содні». Саша, з чым вы зьвязваеце рэпрэсійную кампанію супраць выдаўцоў і распаўсюднікаў беларускіх кнігаў?
— Мне падаецца, што гэтая кампанія працягваецца ўжо каля дзесяці гадоў. Улады робяць усё, каб у краіне не заставалася літаратуры — ні на беларускай, ні на расейскай мове. Цяпер у іх проста дайшлі рукі і да выдаўцоў: раней яны займаліся іншымі рэчамі. Калі ж адказваць крыху сур’ёзней, то мне здаецца, што гэта адзін з крокаў, каб зноў паспрабаваць разарваць сувязь паміж беларусамі, якія знаходзяцца за мяжой, і тымі, хто застаецца ўнутры краіны і працягвае чытаць. Літаратура сёньня — адзін з масткоў, які дапамагае нам, нягледзячы на ўсё, што адбываецца, захоўваць сувязь паміж сабой. І Лукашэнка, і ягонае атачэньне гэта добра разумеюць. Таму і наносіцца такі моцны ўдар па выдаўцах.
— Кіраўніца Інстытута беларускай кнігі Лілія Ільюшына запэўніваюць «Свабоду», што ніякай кааліцыі выдаўцоў, пра якую гаворыць КДБ, у рэчаіснасьці не існуе — ні ў абвешчаным складзе, ні ў якім іншым. Навошта ж было прыдумляць такую кааліцыю?
— Магчыма, каб паказаць, што існуюць нейкія вельмі ўплывовыя людзі, якія нібыта могуць нешта зрабіць супраць Рэспублікі Беларусь. Супрацоўнікам КДБ трэба ўвесь час нешта выдумляць і з кімсьці змагацца. Для іх «кааліцыяй» можа выглядаць проста супольнасьць беларусаў, якія спрабуюць жыць нармальным жыцьцём.
Напрыклад, я ведаю, што супраць мяне адкрылі другую крымінальную справу. У ёй напісана, што яна ўзбуджаная таму, што я нібыта расказваў пра сваю кнігу «Слон» і даваў інтэрвію. Паколькі кніга прызнаная экстрэмісцкай, я нібыта не маю права пра яе гаварыць, цытаваць яе, трымаць дома або прадаваць. І менавіта таму, паводле іх лёгікі, і была адкрытая новая крымінальная справа. Калі спрабаваць сур’ёзна аналізаваць дзеяньні гэтых людзей, гэта не заўсёды мае сэнс, бо цяжка зразумець іх лёгіку. Мне падаецца, што іх мэта — разарваць кантакты і зрабіць працу беларускіх выдаўцоў у выгнаньні ўсё цяжэйшай.
Зноў прыйшлі з ператрусам да маіх бацькоў, бо я там прапісаны. Хоць яны ведаюць, што мяне ўжо пяць гадоў няма ў Беларусі, яны ўсё роўна прыходзяць і спрабуюць нешта знайсьці ў кватэры, дзе ўжо не раз праводзілі ператрусы і нічога не знайшлі.
Мне здаецца, што гэта проста спосаб паслаць сыгнал: маўляў, мы сочым за табой, мы глядзім усе інтэрв’ю, мы ведаем, што ты кажаш. Першую справу супраць мяне адкрылі два ці тры гады таму, але дагэтуль няма ніякага прысуду. Цяпер у мяне ўжо два сьледчыя. Магчыма, яны паміж сабой абмяркоўваюць, што рабіць далей — вынесьці прысуд па першай справе ці хутчэй давесьці да канца другую.
Гэта пастаянны ціск і спроба паказаць, што яны сочаць за кожным словам. Я ведаю, што сьледчыя глядзяць усе інтэрвію. Магчыма, у іх няма іншай працы, як глядзець размовы з пісьменьнікамі. Але, можа, у гэтым ёсьць і нешта добрае: яны хоць крыху апынаюцца ў сьвеце літаратуры і ведаюць, што адбываецца, можа нават чытаюць тое, што мы пішам.
— Адначасна працягваюцца і ўзмацняюцца рэпрэсіі супраць журналістаў. Менскі гарадзкі суд асудзіў журналіста Паўла Дабравольскага на 9 гадоў пазбаўленьня волі паводле абвінавачваньня ў здрадзе дзяржаве. Былых кіраўнікоў баранавіцкага незалежнага парталу навін Уладзімера Янукевіча і Андрэя Пакаленку асудзілі на 14 і 12 гадоў пазбаўленьня волі адпаведна ізноў жа абвінаваціўшы ў здрадзе дзяржаве. Пры тым, што праваабаронцы казалі пра пэўную зьмены ў тле рэпрэсій, калі людзям з большага прысуджаюць так званую хатнюю хімію, то ў выпадку журналістаў тэрміны аграмадныя. Якое ваша тлумачэньне?
— Мне падаецца, што рэжым разумее: яму і далей давядзецца гандляваць людзьмі. Таму яму патрэбныя вядомыя імёны — людзі, якіх можна выкарыстоўваць у перамовах, каб абменьваць на санкцыі або іншыя палітычныя саступкі.
Мы бачым, што калі кагосьці выпускаюць, на іх месца адразу з’яўляюцца новыя зьняволеныя. У гэтым сэнсе рэжым пастаянна шукае новых людзей, якіх можна пасадзіць, каб потым выкарыстоўваць іх як «абменны матэрыял».
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць істотныя падзеі з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.
Форум