Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фармаваньнем» беларускія выдавецтвы і распаўсюднікаў кніг. Частка зь іх цяпер за кратамі

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У сьпісе — выдавецтвы, якія друкуюць кнігі па-беларуску.

У сьпіс так званых «экстрэмісцкіх фармаваньняў» КДБ Беларусі ўнёс «кааліцыю друкаваных выдавецтваў».

У сьпіс увайшлі фонд Kamunikat.org, Lohvinau Publishing House, Andrei Yanushkevich Publishing, выдавецтва «Зьміцер Колас», некалькі іншых выдаўцоў і распаўсюднікі беларускіх кніг, якія дзейнічаюць у Беларусі і за мяжой, паведамляе «Вясна».

Беларускія выдаўцы ў сьпісе «экстрэмісцкіх арганізацый» ад КДБ
Беларускія выдаўцы ў сьпісе «экстрэмісцкіх арганізацый» ад КДБ

У канцы лютага ў Менску прайшлі затрыманьні выдаўцоў і распаўсюднікаў кніг. Паводле інфармацыі «Вясны», агулам затрымалі як мінімум 10 чалавек — частку з іх адправілі на «содні».

У сувязі з гэтым фармаваньнем у пераліку згадваюцца Зьміцер Колас, Вацлаў Багдановіч, Алесь Яўдаха, — яны знаходзяцца ў Беларусі і цяпер затрыманыя.

З рашэньня КДБ вынікае, што на ўсіх трох цяпер верагодна заведзеныя крымінальныя справы.

У сьпісе таксама пазначаныя грамадзянін Польшчы Яраслаў Іванюк, беларускія выдаўцы Ігар Логвінаў і Андрэй Янушкевіч, якія цяпер знаходзяцца за мяжой.

Адзін з уключаных у сьпіс, кіраўнік фонду Kamunikat.org Яраслаў Іванюк пракамэнтаваў гэтае рашэньне выданьню Люстэрка:

«Такой рэчы, як кааліцыя друкаваных выдавецтваў, у прынцыпе не існуе. Гэта проста беларускія выдавецтвы, і рэжым хоча прыкрыць магчымасьць, каб такога тыпу выданьні — незалежныя беларускія кнігі — траплялі ў Беларусь. Бо вядома, што экстрэмісцкае фармаваньне — вельмі сур’ёзная адказнасьць і наступствы для людзей, якія будуць нават проста ў сябе на паліцы мець такога тыпу кнігі».

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».



Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG