Як стала вядома Свабодзе, 17–18 лютага ў Менску прайшлі масавыя затрыманьні выдаўцоў і кнігараспаўсюднікаў. Пад ціск трапілі як супрацоўнікі дзейных выдавецтваў, так і тыя, хто некалі працаваў на ўжо закрытыя. Ператрусы прайшлі і ў кіраўнікоў, і ў шараговых супрацоўнікаў, а таксама ў прадпрымальнікаў, якія займаюцца распаўсюдам кніжнай прадукцыі. Сілавікі дзейнічалі жорстка, тэлефоны правяралі ўва ўсіх, хто быў у памяшканьнях. Хтосьці з кнігароў, якія трапілі пад перасьлед напярэдадні Дня роднай мовы, толькі што вярнуўся з Варшавы, з паэтычнага фэсту «Вершы на асфальце». Некаторым былым выдаўцам прысудзілі адміністрацыйны арышт. Так, арыштаваны на 14 дзён перакладнік, выдавец Зьміцер Колас (яго выдавецтва зьліквідавалі ў 2023 годзе, самога выдаўца тады таксама зьмяшчалі на Акрэсьціна). Ёсьць яшчэ затрыманыя, але сваякі асьцерагаюцца паведамляць пра іх.
«Крылаты цмок» не ўбярог
17 лютага затрымлівалі сям’ю Багдановічаў, зьвязаную з адным з найстарэйшых выдавецтваў — «Тэхналогія». Яно выдавала кнігі па-беларуску, мела фірмовую кнігарню ў сталіцы, пастаянна ўдзельнічала ў Міжнародных кніжных выставах-кірмашах і заваёўвала прэстыжныя ўзнагароды.
Фірмовы знак выдавецтва створаны на аснове старажытнай гравюры «Крылаты цмок» з трактату беларускага навукоўца XVII стагодзьдзя Казімера Семяновіча, што сымбалізавала пераемнасьць традыцыяў нацыянальнага кнігавыданьня.
21 лютага на старонцы выдавецтва «Тэхналогія» ў Facebook зьявілася паведамленьне, што яно часова не працуе «з пэўных прычын». Кіраўнік установы Вацлаў Багдановіч і ягоная дачка Вікторыя — таксама аўтары кніг. Паводле звестак тэлеграм-каналу «Хрысьціянская візія», на волю пакуль адпусьцілі толькі жонку выдаўца Алену і дачку Антаніну. Што адбываецца з Вацлавам і яшчэ адной ягонай дачкой Вікторыяй, невядома.
Выдавецтва «Тэхналогія» — адно зь першых недзяржаўных, якое зьявілася на кніжным рынку ў 1988 годзе. Яно спэцыялізуецца на навуковай, навукова-папулярнай, даведачнай, вучэбнай літаратуры, супрацоўнічала зь вядучымі ВНУ і Акадэміяй навук Беларусі. Выпускала мастацкія альбомы, дзіцячыя кнігі, рэдкія факсымільныя выданьні. За 38 гадоў працы ў ім выйшла больш за тысячу розных кніг — ад поўнага тэксту Бібліі Францішка Скарыны да мэмуараў Васіля Быкава і маляўнічых кніжак для дзяцей.
Летась «Тэхналогія» паведамляла пра фінансавыя цяжкасьці і прасіла ў чытачоў падтрымкі: не пакідаць беларускія кнігі без увагі. Тады праблема нібыта разьвязалася.
Сымбалічна, што заява аб спыненьні працы выдавецтва «Тэхналогія», якое выпускае кнігі пераважна па-беларуску, зьявілася 21 лютага — на Ўсясьветны дзень роднай мовы.
Масавыя «наезды» ўвесну 2022 году
«Тэхналёгія» стала ня першай. Пасьля жніўня 2020 году ўлады зьліквідавалі як мінімум 6 недзяржаўных выдавецтваў. Прайшліся і па дзяржаўных — «Народнай асвеце», «Вышэйшай школе». Першай «ластаўкай» стала выдавецтва «Янушкевіч», заснаванае ў сакавіку 2014 году гісторыкам Андрэем Янушкевічам. Спэцыялізавалася пераважна на выданьні па-беларуску мастацкай, гістарычнай, перакладной замежнай літаратуры.
22 сакавіка 2022 году выдавецтву «Янушкевіч» загадалі тэрмінова вызваліць офіс — цягам 3 дзён. 16 траўня яно адкрыла новую кнігарню «Кнігаўка», куды ў той жа дзень наведаліся праўладныя прапагандысты Рыгор Азаронак і Людміла Гладкая. Адбыўся ператрус, краму закрылі, сканфіскаваўшы 200 кніг. Дырэктара выдавецтва Андрэя Янушкевіча і супрацоўніцу крамы Насту Карнацкую арыштавалі на 28 і 23 дні адпаведна.
10 студзеня 2023 году выдавецтва «Янушкевіч» было пазбаўлена ліцэнзіі і права выдаваць кнігі ў Рэспубліцы Беларусь. Андрэй Янушкевіч і Наста Карнацкая мусілі пакінуць Беларусь і адкрыць выдавецтва і кнігарню ў Варшаве.
«Галіяфы», «Лімарыюс», «Кнігазбор» і іншыя
Вясной 2022 году Міністэрства інфармацыі прыпыніла на 3 месяцы дзейнасьць чатырох незалежных выдавецтваў, якія друкавалі кнігі беларускіх аўтараў на роднай мове: «Медысонт», «Галіяфы», «Лімарыюс», «Кнігазбор». У кожнага зь іх былі свае «нішы».
«Галіяфы» (заснавальнік — літаратар Зьміцер Вішнёў) працавалі з 2007 году, выпусьцілі больш за 50 кніг, пераважна мастацкіх.
Выдавецтва «Лімарыус» (дырэктарка Марына Шыбко) больш за 20 гадоў выдавала эксклюзіўныя кнігі аб гісторыі і культуры Беларусі, мастацкую літаратуру: ад Уладзімера Дубоўкі і Міхася Стральцова да Янкі Запрудніка, Ганны Севярынец і Сяргея Шапрана. У «Лімарыуса» была сэрыя «Беларуская мэмуарная бібліятэка» (дзе выйшлі нават мэмуары графа Міхаіла Мураўёва, вядомага пад мянушкай «Вешальнік»).
Тры месяцы спробаў выдавецтваў прайсьці пераатэстацыю ў Міністэрстве юстыцыі ня мелі посьпеху. «Лімарыус» і «Галіяфы» былі зьліквідаваныя. «Медысонт» мусіў адмовіцца ад выдавецкай дзейнасьці, аказвае толькі паслугі друку.
«Кнігазбор» і выдавецтва «Зьміцер Колас»
Напачатку 2023 году было зьліквідаванае выдавецтва «Кнігазбор». Яго зарэгістравалі ў 2006 годзе, дырэктарам быў Генадзь Вінярскі, галоўным рэдактарам — Кастусь Цьвірка. Вінярскі здаў у Міністэрства інфармацыі пасьведчаньне выдаўца і напісаў у сацыяльных сетках: «Вось і скончылася мая эпапэя выдаўца. 27 гадоў працы, каля 3 тысяч найменьняў кніг, прэзэнтацыі, выставы».
Выдавецтва «Зьміцер Колас» зьліквідавалі крыху пазьней — увесну 2023 году. Яно спэцыялізавалася на перакладах усясьветнай паэзіі, прозы, драматургіі на беларускую мову. Выйшла больш за 100 кніг калекцыі «Паэты плянэты».
У студзені 2024 году Міністэрства інфармацыі прыпыняла на месяц дзеяньне пасьведчаньня выдаўца друкаваных выданьняў Рамана Цымберава. 10 лютага сёлета Раман Цымбераў раптоўна памёр, маючы 44 гады.
У красавіку 2024 году абвесьцілі аб закрыцьці выдавецтваў «Вышэйшая школа», якое існавала 60 гадоў, і «Народная асвета», якая ў дзень закрыцьця адзначала сваё 73-годзьдзе. Абодва выдавалі падручнікі, вучэбную літаратуру, навукова-папулярныя кнігі. «Народная асвета» выпускала звыш 200 найменьняў вучэбных кніг у год — падручнікаў, вучэбных дапаможнікаў, хрэстаматыяў, дыдактычных матэрыялаў, працоўных сшыткаў, слоўнікаў, навукова-папулярнай і даведкавай літаратуры, а таксама кнігі шрыфтам Брайля для невідушчых. Выпускалі і мастацкую літаратуру, пераважна для дзяцей.
Замежжа
Некалькі беларускіх выдавецтваў і выдаўцоў пасьля забароны ў Беларусі аднавілі працу ў іншых краінах: Польшчы, Літве, Нямеччыне, Чэхіі, Брытаніі.
Аднак улады Беларусі пачалі прызнаваць «экстрэмісцкімі матэрыяламі» вэб-старонкі, акаўнты, каналы ў сацыяльных сетках выдавецтваў: Instagram-акаўнт лёнданскага выдавецтва і онлайн-крамы беларускіх кніг «Скарына» (Skaryna Press), вэб-старонку і інстаграм познаньскага выдавецтва RozUM Media і г. д. Прычым, як правіла, займаюцца гэтым пракуратуры і суды ў рэгіёнах. Так, вэб-старонку познаньскага RozUM’у (заснаванага толькі ў траўні 2025 году) 10 сьнежня прызнаў «экстрэмісцкай» суд Камянецкага раёну, а яго Instagram-акаўнт — суд Лідзкага раёну.
Кракаўскім «Гутэнбэргам» (Gutenberg Publisher) зацікавіўся Камітэт дзяржаўнай бясьпекі. 16 лютага КДБ пастанавіў прызнаць Gutenberg Publisher «экстрэмісцкім фармаваньнем». Раней суд Кастрычніцкага раёну Менску «экстрэмісцкімі» прызнаў некаторыя кнігі гэтага выдавецтва (да прыкладу, «Чырвоны крыж» і «Слон» Сашы Філіпенкі).
Але выдавецтва будзе працаваць надалей, запэўнівае яго кіраўніца Валянціна Андрэева.
«Немагчымая выдавецкая дзейнасьць»
Улады ўжываюць цэлы «партфэль інструмэнтаў» рэпрэсіяў супраць беларускай кнігі, кажа ў размове з Свабодай старшыня Беларускага ПЭНу Тацяна Нядбай.
Яна нагадвае аб прызнаньні саміх кніг «экстрэмісцкімі матэрыяламі» або «матэрыяламі, якія шкодзяць нацыянальным інтарэсам», — усяго больш за 300 выданьняў улады Беларусі прызналі экстрэмісцкімі. Да таго ж ёсьць і патаемныя «сьпісы непажаданых». Тацяна засяроджвае ўвагу і на наступствах за захоўваньне, выраб і распаўсюд такіх кніг.
«Апошнімі днямі мы чытаем у СМІ пра чарговыя затрыманьні выдаўцоў у Беларусі, што чарговы раз сведчыць, што рэпрэсііі не спыняюцца. Празь ліквідацыю выдавецтваў і пазбаўленьне іх ліцэнзіяў на выпуск і распаўсюд кніг немагчымая легальная выдавецкая дзейнасьць унутры Беларусі. Сюды я б аднесла і вымушаную самаліквідацыю ў выніку рэпрэсіяў і ціску. Так, прымусова былі зьліквідаваныя выдавецтвы „Янушкевіч“, „Галіяфы“, „Лімарыус“ і іншыя.
Ну, а цяпер пачалося прызнаньне „экстрэмісцкімі фармаваньнямі“ выдавецтваў за мяжой — гэты лёс спасьціг надоечы выдавецтва „Гутэнбэрг“: усякія кантакты зь ім робяцца падставай для крымінальнай адказнасці, прычым, як паказвае практыка, нават тыя кантакты, якія адбыліся да фармальнага прызнаньня выдавецтва „экстрэмісцкім фармаваньнем“», — нагадвае Тацяна Нядбай.
Стрэл у нагу
Такім чынам, улады рэпрэсуюць кнігароў як унутры краіны, так і за межамі. Гэта закранае і чытача, бо такім чынам парушаецца ягонае права на доступ да культурнага прадукту, а аўтараў — на ўнёсак у культурнае жыцьцё, працягвае Нядбай.
«Таксама фактычна разбураецца нацыянальная ідэнтычнасць і зьнішчаецца культурная спадчына, — працягвае старшыня Беларускага ПЭНу. — Улады, якія мелі б быць зацікаўленыя ў захаваньні незалежнасьці Беларусі, на мой погляд, страляюць сабе ў нагу, не прагназуючы наступстваў на два крокі наперад і не разумеючы, што беларуская кніга –- адна з апораў нашай ідэнтычнасьці, нацыянальнай ідэі і сувэрэнітэту», — мяркуе яна.
Тацяна засяроджвае ўвагу і на канфіскацыі і зьнішчэньні рукапісаў, якія не пасьпелі стаць кнігамі: шмат такіх фактаў прывялі былыя палітвязьні Алесь Бяляцкі, Максім Знак, Павал Севярынец, Аляксандар Фядута і іншыя, што выйшлі на волю, але былі гвалтоўна вывезеныя з краіны.
«Дарэчы, Беларускі ПЭН ужо публікаваў адзін матэрыял пра беларускую кнігу пад прэсам рэпрэсіяў і працягвае пільна сачыць за сытуацыяй у сфэры кнігавыданьня і фіксаваць у маніторынгу ўсе парушэньні культурных правоў беларусаў», — кажа старшыня Беларускага ПЭНу Тацяна Нядбай.
Форум