Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У «чорны сьпіс» Міністэрства інфармацыі трапілі творы Віктара Пялевіна, ляўрэаткі жаночай прэміі і яшчэ 14 кніг

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Цяпер у сьпісе 241 кніжка. Распаўсюджваць іх у Беларусі забаронена пад страхам страты ліцэнзіі.

Упершыню ў сьпіс трапіў знаны расейскі пісьменьнік Віктар Пялевін. Сярод забароненых кніг таксама твор-пераможца ў жаночай прэміі за мастацкую літаратуру (Orange Prize) 2012 году «Песьня Ахіла» Мадлен Мілер.

  1. Джон Бойн. «Абсолютист»
  2. Попі Брайт. «Изысканный труп»
  3. Элізабэт Вуртцэль. «Нация прозака»
  4. Пэм Гудвін. «Уроки во грехе»
  5. Жан-Крыстоф Гранжэ. «Лес мертвецов»
  6. Тацяна Коган. «Амнезия души»
  7. Марыяна Крам. «Твоя Мари»
  8. Сяргей Кузьняцоў. «Семь лепестков»
  9. Легс Макніл, Джыліян Макейн. «Прошу, убей меня! Подлинная история панк-рока в рассказах участников»
  10. Мадлен Мілер. «Песнь Ахилла»
  11. Патрык Нэс. «Освобождение»
  12. Віктар Пялевін. «Лампа Мафусаила, или Крайняя битва чекистов с масонами»
  13. Ісэй Сагава. «Дневник каннибала. История японского людоеда, который вместо срока получил славу»
  14. Арцём Серабракоў. «Фистула»
  15. Уладзімер Харошка. «Улыбка — пилигрим души: стихи, переводы»
  16. Аляксандар Чашчын. «БДСМ. Бесконечная доброта, сострадание и милосердие».

Усяго ў сьпісе выданьняў, распаўсюд якіх, паводле ўладаў Беларусі, «здатны нанесьці шкоду інтарэсам Рэспублікі Беларусь», цяпер 241 пазыцыя.

Напярэдадні ў іншы сьпіс — «экстрэмісцкіх матэрыялаў» — улады ўнесьлі дзіцячую кніжку пра дыназаўра выдавецтва «Тэхналёгія».

Экстрэмізм у кніжцы Эліяша Барта «Джа. Легенда аб забраным сэрцы» ўгледзеў 18 лютага суд Партызанскага раёну Менску.

Кніга выйшла паўтысячным накладам яшчэ ў 2023 годзе. У анатацыі да яе гаворыцца, што гэта «гісторыя пра дыназаўра Джа, які зьбіраў дзівосныя рэчы: пёркі, ракавінкі, камяні. Яго родны востраў захапілі жорсткія монстры, якія занялі найлепшыя для жыцьця мясьціны і забаранілі памятаць пра мінулае. Аднак жа Джа паміж спакоем і змаганьнем выбраў барацьбу, і ўрэшце захопнікам давялося хавацца па сьлізкіх норах».

21 лютага выдавецтва «Тэхналёгія» паведаміла пра спыненьне працы. У гэты ж дзень у Менску адбыліся масавыя затрыманьні выдаўцоў і кнігароў.


XS
SM
MD
LG