Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расказваем пра справу выданьня Intex-Press, рэдактары якога атрымалі вялікія турэмныя тэрміны

Андрэй Пакаленка і Уладзімер Янукевіч. Каляж
Андрэй Пакаленка і Уладзімер Янукевіч. Каляж

Былых кіраўнікоў незалежнай баранавіцкай газэты Intex-Press, а потым парталу BAR24 Уладзімера Янукевіча і Андрэя Пакаленку асудзілі за «здраду дзяржаве» на 14 і 12 гадоў адпаведна.

27 лютага стала вядома аб прысудзе супрацоўнікам баранавіцкага рэгіянальнага выданьня Intex-press Уладзімеру Янукевічу і Андрэю Пакаленку. Асудзілі абодвух журналістаў паводле артыкулу 356 Крымінальнага кодэксу — «здрада дзяржаве». Янукевічу суд прызначыў 14 гадоў пазбаўленьня волі і 3000 базавых велічыняў (135 тысяч рублёў) штрафу, Пакаленку — 12 гадоў і 1000 базавых (45 тысяч). Судовы працэс праходзіў у закрытым рэжыме. Расказваем пра абодвух журналістаў і выданьне падрабязьней.

Бізнэс-бюлетэнь

Выданьне Intex-press заснавалі ў Баранавічах прадпрымальнікі ў 1994 годзе. Перш яно задумвалася як бізнэс-бюлетэнь, які будзе знаёміць чытача з разьвіцьцём бізнэсу ў рэгіёне і ў краіне. Першы нумар накладам у 4000 асобнікаў трапіў да чытача ў выглядзе тэлевізійнага дадатку (тады газэта належала мясцовай тэлекампаніі «Інтэкс»).

З прыходам у 1996 годзе на пасаду галоўнага рэдактара Ўладзімера Янукевіча тыднёвік пераўтварыўся ў паўнавартаснае грамадзка-палітычнае выданьне. Былі перагледжаныя канцэпцыя і дызайн.

У 2001 годзе на базе рэдакцыі заснавалі ТАА «Выдавецкі дом „Інтэкс-прэс“». Адно за другім пачалі выходзіць зьвязаныя з «Інтэкс-прэс» рэгіянальныя выданьні — «Ганцавіцкі час», «Ляхавіцкі час», «Нясьвіскі час», «Мясцовы час» (Пінск).

Газэта Intex-press ня раз займала першае месца ў незалежных журналісцкіх конкурсах у намінацыях «Найлепшая рэгіянальная газэта», «Найлепшы сайт», была ўзнагароджаная шматлікімі прэміямі.

«Я халерык па натуры, са мной складана працаваць»

Галоўны рэдактар Уладзімер Янукевіч паводле першай спэцыяльнасьці інжынэр, да прыходу ў мэдыясфэру працаваў на Баранавіцкім баваўняным аб’яднаньні. У 1996 годзе ачоліў Intex-Press. Для кіраваньня газэтай спатрэбілася яшчэ і эканамічная адукацыя — скончыў «наргас» (цяпер Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт. — РС).

Андрэй Пакаленка напачатку працаваў сыстэмным адміністратарам, доўгі час займаўся сеткамі, разьвіцьцём сайту.

Уладзімер Янукевіч, архіўнае фота
Уладзімер Янукевіч, архіўнае фота

У 2018 годзе ў «Прэс-клюбе» Уладзімер Янукевіч дзяліўся з маладымі калегамі прынцыпамі сваёй працы ў журналістыцы:

«Трэба, каб кадры былі зацікаўленыя ў разьвіцьці посьпеху вытворчасьці. Уцягнутасьць — апошняя тэндэнцыя, якая стала для мяне важнай. Я — тэхнар, я ўсё выбудоўваю ў схемах. Для мяне зразумела зь фізыкі, што ўсякая праца робіцца энэргіяй. Якая энэргія рухае працай чалавека? Сэнсы. Для аднаго чалавека ключавое слова — грошы. У другога чалавека сэнс — кар’ера, і ключавое слова для яго — разьвіцьцё. Я яму павінен у сваёй кампаніі надаць умовы для разьвіцьця. І, нарэшце, трэці сэнс для мяне важны — гэта кайф ад працы. Кайф ад новых праектаў… Я халерык па натуры, са мной складана працаваць. Але я люблю разумных людзей, зь якімі таксама цяжка працаваць, аднак зь імі лёгка вучыцца і разьвівацца. Таму калі я бачу разумнага чалавека, то стараюся яго ўзяць на працу. Працу мы яму знойдзем, прыдумаем — чым ён павінен займацца».

«Ён быў першым, хто кінуўся на дапамогу»

Аляксандар (імёны ўсіх суразмоўцаў зьмененыя дзеля бясьпекі. — РС) — адзін з тых калегаў, хто знаёмы з Уладзімерам Янукевічам зь сярэдзіны 1990-х. Ён кажа, што Ўладзімер быў адным з самых чалавечных і спагадлівых людзей ў журналісцкім асяродзьдзі.

«Вынікі прысуду шакуюць. Ніякім „здраднікам Беларусі“ ён ня быў і ня можа быць. Ён чысты і сумленны, пайсьці насуперак свайму сумленьню ня можа. Калі мяне таксама напаткаў падобны лёс, Уладзімер быў першым, хто кінуўся на дапамогу мне, маім блізкім. І было адчуваньне таго, што ён клапоціцца, увогуле тое, што пра мяне іншыя ведаюць і клапоцяцца, перажываюць, — надавала сіл у зьняволеньні. Уладзімер з сваімі паплечнікамі стварыў адну з самых устойлівых мэдыяструктураў у Беларусі, на якую не магла паўплываць дзяржава. А цяпер знайшлі вось такі інструмэнт уплыву… Ведаю таксама, што яму трэба мэдычная дапамога. Дый чалавек ужо ва ўзросьце. Не забываймася пра тое, што ягоны лёс падзяляе і Андрэй Пакаленка. Таксама мужны і прынцыповы чалавек», — апавядае Аляксандар.

У калегі спадзяваньні толькі на салідарнасьць журналісцкай супольнасьці і грамадзкасьці ў шырокім сэнсе, беларускіх і эўрапейскіх палітыкаў.

«Генэратар, лякаматыў»

Былая калега Ўладзімера Янукевіча Ганна падкрэсльвае, што ўсё разьвіцьцё Intex-Press пачалося менавіта пад кіраўніцтвам Янукевіча: ён стварыў вялікую справу, якая ахоплівала шмат рэгіёнаў.

«Ведаеце, бываюць рэдактары, якія сядзяць, кураць і пішуць нікому не цікавыя слупкі. А ён быў вельмі сучасны, наймацнейшы, найвыбітнейшы сярод рэдактараў. У яго была місія — казаць людзям праўду. І гэта спалучалася зь бізнэсам, які быў у Баранавічах адным з найбольшых: рэклямадаўцы да нас ішлі цугам. Калі ў Баранавічах яму стала цесна — ён стварыў аб’яднаньне рэгіянальных выдаўцоў, цэлы выдавецкі дом. Ён быў генэратарам, лякаматывам гэтага руху», — кажа Ганна.

Суразмоўца дадае, што на нарадах, калі журналісты часам былі ў роспачы, што ж новага прыдумаць, Янукевіч заўсёды меў ідэі, якія прапаноўваў. Ён увесь час рухаўся, патрабаваў шукаць тэмы, падказваў, дзе іх знаходзіць.

Сайт выданьня Intex-press беларускія ўлады заблякавалі пасьля падзей 2020 году
Сайт выданьня Intex-press беларускія ўлады заблякавалі пасьля падзей 2020 году

А калі выданьне выкінулі з усіх сыстэмаў распаўсюду — з падпіскі праз пошту, зь «Белсаюздруку», забаранялі крамам прадаваць газэту, — Уладзімер стварыў прыватную сыстэму распаўсюду.

«Гэта было ўпершыню ў Беларусі. У нас былі свае паштальёны. Калі нас выкідалі з друкарні, ён знаходзіў іншую друкарню, калі нас выкідалі зь нейкай крамы, ён знаходзіў іншую краму, якая яшчэ ня ведала, што нас нельга распаўсюджваць. І мы заўсёды знаходзілі выйсьце да чытача. Чытачы нас проста абагаўлялі. Бо нас цікавіла жыцьцё кожнага чалавека: нас цікавілі малыя і вялікія праблемы Баранавічаў, нас цікавілі настроі люзей, што яны думаюць. Людзі гэта адчувалі. Людзі ведалі, куды зьвяртацца — я не ўяўляю, куды яны цяпер зьвяртаюцца», — кажа Ганна.

Журналістка вельмі шкадуе, што такі вялікі, выбітны бізнэс разбураны, што 30-гадовая гісторыя Баранавічаў, якую яе калегі пісалі кожны дзень — разбурана і вытаптана.

«І справу майго жыцьця, і справу жыцьця Янукевіча — усё разбурылі! У 65 гадоў яму даюць 14 гадоў турмы! За што? Зрабілі закрыты суд — бо якая там „здрада дзяржаве“? Чалавек вёў адкрыты бізнэс, да нас прыходзілі праверкі, мы плацілі падаткі, працавалі легальна. Ніхто ня мог уявіць, што такі пасьпяховы бізнэс так лёгка можна разбурыць», — кажа Ганна.

«Ён да апошняга заставаўся ў Беларусі»

Мэдыямэнэджарка, былая калега Алена ўзгадвае Ўладзімера як чалавека, які стаяў ля вытокаў беларускай незалежнай журналістыкі.

«Ён жыў гэтым, разьвіваў журналістыку не адзін дзясятак гадоў вельмі пасьпяхова: Intex-press быў узорам наймагутнейшага рэгіянальнага мэдыя — і якаснага зьмястоўна, і як бізнэс. Для многіх калегаў гэтае мэдыя было прыкладам, на які хацелася раўняцца. Ва Ўладзімера Янукевіча вочы гарэлі на журналістыку, на родны рэгіён, родную краіну. Ён да апошняга заставаўся ў Беларусі. І вось што мы бачым — мэдыямэнэджару, які зрабіў такі ўнёсак у развіцьцё рэгіёну і краіны, вынесены такі жахлівы тэрмін!

А яшчэ Ўладзімер — чалавек з супэрстрыжнем, вельмі разважлівы, прынцыповы, гатовы дзяліцца і дапамагаць. Я спадзяюся, мы будзем рабіць усё магчымае, каб ён і іншыя нашыя калегі як мага хутчэй апынуліся на волі», — кажа Алена.

Лізавета праходзіла практыку ў Intex-Press, калі вучылася ва ўнівэрсытэце. Яна ўзгадвае, якой уплывовай і аўтарытэтнай была ў той час газэта.

«Людзі рэальна падпісваліся, куплялі ў шапіках, чыталі. У параўнаньні зь дзяржаўнай раёнкай „Наш край“ Intex-Press быў вельмі сучасным, пасьпяховым выданьнем.

Я рабіла апытанкі, як жыхары ставяцца да зьменаў у горадзе, камунальных, эканамічных пытаньняў. І людзі ахвотна адказвалі — яны недзяржаўную газэту больш паважалі, чым тую раёнку. Яшчэ мы з фатографам рабілі рубрыку „Модныя Баранавічы“ — у што апранаюцца жыхары. Тэмы былі цікавыя для людзей!

Калектыў быў вельмі прыязны, сяброўскія адносіны ўнутры рэдакцыі. Практыкантам дазвалялі праяўляць шмат творчасьці, фантазіі. Хаця галоўны рэдактар быў аўтарытэтам — строгім, патрабавальным. Я шакаваная — 14 гадоў за „здраду дзяржаве“!» — не хавае эмоцыяў Лізавета.

Хроніка перасьледу журналістаў баранавіцкага Intex-Press

Intex-press — баранавіцкі недзяржаўны тыднёвік, выходзіў з 1994 году, да закрыцьця займаў 40 палосаў фармату А3. Наклад перавышаў 20 тысяч асобнікаў.

У 2006 годзе газэта разам з большасьцю незалежных выданьняў была выключаная зь дзяржаўнай сыстэмы распаўсюду — «Белпошты» і «Белсаюздруку».

Увесну 2021 галоўнага рэдактара Ўладзімера Янукевіча двойчы штрафавалі за адно і тое ж інтэрвію Сьвятланы Ціханоўскай: адзін раз на 20 базавых, другі на 150. Выданьне выключылі з усіх сетак распаўсюду, яго забаранілі прадаваць у гандлёвых цэнтрах.

8 ліпеня 2021 году ў рэдакцыі адбыўся ператрус з канфіскацыяй тэхнікі.

29 красавіка 2023 году Баранавіцкая раённая пракуратура прызнала сайт і сацыяльныя сеткі Intex-Press «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

У пачатку сьнежня 2024 году затрымалі сямёх былых супрацоўнікаў і журналістаў газэты, завялі крымінальную справу паводле артыкулу «Садзеяньне экстрэмісцкай дзейнасьці».

На пачатку чэрвеня 2025 году на канале АНТ выйшаў сюжэт праўладнага прапагандыста Ігара Тура пра аблаву сілавікоў на рэдакцыі незалежных рэгіянальных СМІ, сярод якіх быў і рэсурс BAR24 (частка былой каманды Intex-Press вяла канал пад гэтай назвай у мэсэнджарах і сацыяльных сетках. — РС). У віну мэдыя паставілі супрацу зь нямецкай амбасадай, якую таксама абвінавацілі ў фінансаваньні «экстрэмісцкіх» рэсурсаў.

У жніўні 2025 году чацьвярых супрацоўнікаў BAR24 асудзілі паводле ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу («садзеяньне экстрэмісцкай дзейнасьці») на «хатнюю хімію».

А 26 лютага 2026 году кіраўнікоў BAR24 Уладзімера Янукевіча і Андрэя Пакаленку асудзілі за «здраду дзяржаве».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG