Пра гэта гаворыцца ў дакладзе Міжнароднага інстытуту друку аб свабодзе друку ў Эўропе за 2025 год.
«Апошнія тэхналягічныя распрацоўкі ў галіне беспілётнікаў FPV дапамагаюць расейскім вайскоўцам лягчэй атакаваць журналістаў. Сьмерць Энтані Лалікана, Алены Грамавай і Яўгена Кармазіна паказала, што замест таго, каб абараняць журналістаў у зонах ваенных дзеяньняў, маркіроўка PRESS усё часьцей выкарыстоўваецца расейцамі як спосаб ідэнтыфікацыі і нападаў на журналістаў, якія паведамляюць пра поўнамаштабнае ўварваньне ва Ўкраіну», — гаворыцца ў разьдзеле справаздачы, прысьвечаным сытуацыі ва Украіне.
Агульная колькасьць рэпартэраў, якія загінулі пры выкананьні сваёй працы з 2022 года, павялічылася да 16, у тым ліку 15 ва Ўкраіне і адна — Вікторыя Рошчына — у час знаходжаньня пад вартай у Расеі.
3 кастрычніка 2025 года францускі фотажурналіст Антоні Лялікан быў забіты расейскім беспілётнікам у вёсцы Комышуваха. Праз дваццаць дзён украінскія журналісты Алёна Грамава і Яўген Кармазін, якія працавалі на тэлеканале Freedom, загінулі ў выніку атакі расейскага дрона ў Краматорску.
У 2025 годзе трое ўкраінскіх рэпартэраў — Уладзіслаў Есіпенка, Дзьмітры Хілюк і Марк Каліуш — былі вызваленыя з расейскіх турмаў.
Паводле зьвестак Інстытуту масавай інфармацыі, па стане на чэрвень 2025 года з пачатку расейска-ўкраінскай вайны ў 2014 годзе ва Ўкраіне было забіта 113 супрацоўнікаў СМІ, зь іх 106 — з пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ў 2022 годзе.
Форум