Лінкі ўнівэрсальнага доступу

6 гадоў за 9 каментароў. Гісторыя Аляксея Багдзея

Аляксей Багдзей у варшаўскім прытулку для былых палітвязьняў
Аляксей Багдзей у варшаўскім прытулку для былых палітвязьняў

У 2022-м асуджаны на 6 гадоў за камэнтары, напісаныя ў жніўні 2020-га ў тэлеграм-чаце, амаль 4 гады адседзеў у наваполацкай калёніі. Апавядаем гісторыю 24-гадовага Аляксея Багдзея, якога памілавалі 13 сьнежня 2025 году.

У 2020-м Аляксею Багдзею было 19. Хлопец пасьпеў год правучыцца ва ўнівэрсытэце, на факультэце матэматыкі і інфарматыкі, але зразумеў, што гэта не яго, сышоў. Багдзей называе сябе чалавекам творчым, ён скончыў музычную школу ў клясе домры, добра сьпяваў, быў прызэрам музычных конкурсаў. У выніку ўладкаваўся працаваць бармэнам у забаўляльным цэнтры.

«Па маю душу прыйшлі 1 лютага 2022 году. Знайшлі нібыта 9 камэнтароў, якія я пакінуў у тэлеграм-чаце ў жніўні 2020-га. Праз пару месяцаў быў суд, судзьдзя цалкам задаволіў патрабаваньне пракурора — 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму», — узгадвае Аляксей.

З матэрыялаў абвінавачаньня вынікала, што Аляксей Багдзей у жніўні 2020 году ў тэлеграм-канале «Горадня для жыцьця» заклікаў да зрынаньня улады, гвалту, блякаваньня праездаў, да супраціву прадстаўнікам улады. Нават правялі судовую лінгвістычную экспэртызу, якая пацьвердзіла, што «ў тэкставых паведамленнях маюцца выказваньні пабуджальнага характару, якія заклікаюць да гвалтоўных дзеяньняў».

«4 гады сталі крытычным пунктам»

Адбываць пакараньне Аляксея Багдзея накіравалі ў самую аддаленую ад Горадні калёнію — № 1 у Наваполацку. У 2022-м палітзьняволеных там было няшмат, кажа Аляксей.

«Калі я толькі сеў, у атрадзе былі 68 чалавек, калі выходзіў — 130. Палітычных, „жоўтабірачнікаў“ у Наваполацку шмат — „камэнтатары“, „лайкеры“, „данатчыкі“, журналісты, ёсьць асуджаныя „за здраду дзяржаве“. Нам, палітычным, перашкаджалі кантактаваць, стукачы на нас даносілі. Спачатку нас часьцей закрывалі ў ШЫЗА, потым, праўда, радзей.

Я ў ШЫЗА трапіў адзін раз — на пачатку траўня 2025-га. Травень быў дажджлівы, ветраны, ацяпленьне адключылі, на летнюю форму адзеньня ўжо перайшлі, было вельмі холадна. Прабыў там 10 дзён, у параўнаньні з астатнімі, з тым жа Ігарам Лосікам — гэта дробязь. Калі мяне вызвалялі, на мне вісеў яшчэ адзін рапарт — я б паехаў, мабыць, яшчэ раз „адпачыць у ШЫЗА“», — апавядае Аляксей.

Аляксей Багдзей, фота з прыватнага архіву
Аляксей Багдзей, фота з прыватнага архіву

Хлопец прызнаецца, што наўрад ці вытрымаў бы свой тэрмін да канца. Калі заехаў у калёнію, паставіў сабе ўмову: ператрываць, пратрымацца як мага даўжэй, не зрывацца, сядзець ціха — каб не чапалі, не чапіліся.

«Але калі праходзіць пэўны час, пачынаюцца цяжкасьці. Вядома, у кожнага чалавека па-рознаму… Для мяне 4 гады сталі крытычным пунктам. Стаміўся маральна. Стаім з таварышам, якому далі 15 гадоў (ён быў адміністратарам чатаў, а я проста пісаў, але крымінальныя артыкулы ў нас аднолькавыя), размаўляем, курым літаральна за пару дзён да майго вызваленьня, і я кажу: „Усё, я ўжо не магу трываць: вось-вось сарвуся і пачну што-небудзь вырабляць, дзівачыць… Ён кажа, што адчувае тое самае: „Я дзіка стаміўся. У мяне ніколі не было столькі трываласьці, цярплівасьці, якія я выпрацаваў тут, але нават і яны сканчаюцца“. Што далей, ці вытрымаў бы я больш, — ня ведаю», — прызнаецца Аляксей.

За 4 гады адседкі хлопец бачыў шмат сапраўдных крымінальнікаў, якія большую частку жыцьця праводзяць у турме, бачыў тых, хто па 20 гадоў прасядзеў.

«Але ў нас, палітычных, і ў тых крымінальнікаў — рознае ўспрыняцьце турмы. Яны ведаюць, за што сядзяць: хтосьці гэтым ганарыцца, хтосьці раскайваецца. Але, паўтаруся, яны разумеюць, за што сядзяць і з гэтым унутрана згодныя: „Так, я парушыў закон і сеў“. А мы ж трапляем за краты невядома за што, мы сутыкаемся з татальнай несправядлівасьцю. І калі ты не разумеш, за што ты сядзіш, трымацца за кратамі цяжэй», — кажа Аляксей.

Чаканае і нечаканае вызваленьне

Прашэньня аб памілаваньні Аляксей не пісаў — яго не прымушалі. Кажа, што за кратамі зь ім часам адбываліся даволі дзіўныя рэчы, як у 2022 годзе, калі зьвяволеных сабралі ў адміністрацыі і ўвялі ў зман магчымай амністыяй.

«Адзін супрацоўнік (ці то ад свайго няведаньня, ці то ён хацеў пайграць на нашых нэрвах), кажа: „Неўзабаве будзе амністыя, вы пішыце прызнаньне віны, пагашайце грашовыя пазовы і або пойдзеце дадому, або тэрмін „скосяць“. Пасыпаліся паперы яму на стол, хоць на судах людзі віну не прызнавалі, а тут ім здалося, што, магчыма, будзе шанец. Людзі напісалі паперкі аб прызнаньні віны, каб хутчэй трапіць дадому, пераступілі свае прынцыпы. І нічога — усё абсякаецца, аблом», — кажа суразмоўца.

Яшчэ Аляксей узгадвае, як у 2024 годзе ў наваполацкую калёнію прыяжджалі пракуроры, выклікалі людзей, і тыя пісалі «памілоўкі». У асноўным гэта былі асуджаныя паводле менш цяжкіх і цяжкіх артыкулаў (у якіх былі тэрміны да 5 гадоў).

Аляксей Багдзей
Аляксей Багдзей

«Паводле асабліва цяжкіх артыкулаў выклікалі толькі аднаго хлопца, які працаваў са мной у бары. Мяне тады не выклікалі. Але выйшлі ня ўсе, хто пісаў прашэньні аб памілаваньні. Ведаю, што адзін чалавек тройчы пісаў — праз пару дзён ён павінен вызваліцца па сканчэньні тэрміну», — гаворыць Багдзей.

З словаў Аляксея, вызваленьня чакалі ўсе зьняволеныя. Уважліва сачылі за навінамі ў БТ і АНТ, ведалі пра перамовы з амэрыканцамі і спадзяваліся: кагосьці ж амэрыканцы забіралі з сабой. Аляксей кажа, што калі навіны з тэлевізара ці з газэты «СБ. Беларусь сегодня» «перакуліць з ног на галаву», атрымліваецца больш-менш адэкватная карціна.

«Калі выкрасьліць з мэсыджаў прапагандыстаў усе зьнявагі і паклёпы, штосьці каштоўнае можна вылучыць. Гэта крупінкі, і, як правіла, гэта рэдка ўдаецца, бо там занадта шмат ідэалёгіі, прапаганды. Гэта, вядома, ня вельмі прыгожа, калі глядзець на сытуацыю як на гандаль людзьмі. Але вызваленьню заўсёды радуесься. У дзень, калі прыехаў Джон Коўл, я бегаў па усім лякальным участку і казаў: „Хлопцы, зараз будуць кагосьці вызваляць, пайшоў-пайшоў варушняк, зьбірайце рэчы, камусьці пашанцуе“. Што да сябе, я ня вельмі на гэта спадзяваўся», — апавядае Аляксей.

Ён успамінае, што звычайна вызвалялі людзей, якім заставалася зусім мала сядзець да сканчэньня тэрміну. І вывозілі з краіны. Многім гэта не падабалася, бо людзі хацелі крыху дасядзець і вярнуцца дадому. Некаторыя, магчыма, хацелі вырашыць нейкія пытаньні ў Беларусі і зьехаць.

«Ня ўсе былі згодныя быць фактычна дэпартаванымі — але хто ў іх пытаўся? Ня кожны будзе гатовы, як Мікола Статкевіч, разьвярнуцца і вярнуцца ў Беларусь, каб далей сядзець.

У той дзень 12 сьнежня я лёг спаць, але думаю: „Блін, я ўжо 4 гады сяджу, а раптам?“ Карацей, гадзіны да 11-й я ганяў такія думкі, потым заснуў. А палове на дванаццатую мяне будзяць: „Зьбірай рэчы“. Я саскочыў з другога паверху (бо палітычныя толькі наверсе сьпяць). Супрацоўнік адміністрацыі кажа: „Ну, ты ўсё зразумеў?“ „Так!“» — Аляксей дагэтуль ня верыць гісторыі свайго вызваленьня.

«Ва Ўкраіну ваяваць»

Аляксей Багдзей кажа, што з Наваполацкай калёніі тады вызвалілі прыкладна паўтара дзясятка чалавек. Пагрузілі ў бусікі, надзелі пакеты на галовы і кайданкі на рукі. Аляксей думаў, што людзей вязуць у Літву. Калі дарога зацягнулася, думалі, што ў Польшчу. Ехалі прыкладна 13 гадзін з кароткімі прыпынкамі. Потым людзей перасадзілі ў аўтобус — дадаткова яшчэ скотчам галовы заматалі, каб наагул нічога ня бачылі. Яшчэ гадзіны паўтары ехалі. І толькі на мяжы дазволілі зьняць мяшкі і адкрыць вочы.

«Людзі глынулі сьвежага паветра: хто радуецца, хто плача, хто наагул нічога не разумее, як я — галава моцна кружыцца. Але воля! Гляжу вакол — усё запушчана. Думаю: калі гэта польская мяжа, можа, так і павінна быць, бо мяжа 4 гады закрытая — прынамсі, у мяне такая карцінка склалася. А потым я падымаю галаву ўверх і бачу „трызуб“. Я быў дэзарыентаваны. Нас сустракаюць людзі ў балаклавах, я думаў, што гэта супрацоўнікі КДБ. Нават прамільгнула думка, што нас прывезьлі ва Ўкраіну ваяваць», — узгадвае былы палітвязень.

Ён вельмі ўдзячны ўкраінцам за тое, як яны сустрэлі вялізную партыю беларусаў — больш за сотню чалавек. Кажа, што спачатку супрацоўнікі шпіталя ў Чарнігаве, куды іх прывезьлі, думалі, што яны расейскія палонныя, якіх украінцы ўзялі ў палон.

«Нас цудоўна прынялі, смачна кармілі, правялі мэдычнае абсьледаваньне, далі магчымасьць зьвязацца з роднымі — гэта было пасьля турмы так нязвыкла, што да цябе паставіліся як да чалавека, а не як да скаціны!» — не хавае эмоцыяў Аляксей.

Зараз ён у беларускім шэлтэры ў Варшаве. З роднымі, якія знаходзяцца ў Беларусі, бачыцца толькі празь відэасувязь — марыць іх абняць. У плянах пайсьці вучыцца ў праграме Каліноўскага, знайсьці працу.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG