Аляксандру Катовічу 35. Ён украінец, паходзіць з Адэсы. У Беларусь пераехаў да жонкі-беларускі ўвосень 2019 году. Працаваў праграмістам. Ня браў удзелу ў пратэстах 2020 году. Аднак калі пачаўся поўнамаштабны напад Расеі на Ўкраіну, пісаў у сетках камэнтары ў падтрымку радзімы і з асуджэньнем агрэсіі Расеі і Ўладзіміра Пуціна.
Беларускія сілавікі затрымалі Катовіча ў жніўні 2023 году. Асудзілі на 5 гадоў калёніі за 40 камэнтароў, якія нібыта «распальвалі сацыяльную варожасьць», а таксама за «абразу і паклёп на Лукашэнку». Ён адбываў тэрмін у шклоўскай калёніі № 17. Катовіча вызвалілі 22 лістапада 2025 году разам з групай яшчэ трыццаці зьняволеных украінцаў. Усіх іх вывезьлі ва Ўкраіну. Аляксандар Катовіч прабыў у зьняволеньні ў Беларусі 2 гады і 3 месяцы.
Задавальненьне ад пасты
Адно з важных перажываньняў на волі для Аляксандра — магчымасьць выбіраць: куды пайсьці, што сабе набыць, вырашыць гэта самастойна.
«Я атрымаў вялікае задавальненьне, калі ўпершыню прыгатаваў сабе пасту з соўсам. Калі змог нешта замовіць у інтэрнэт-краме, пайшоў у паштовае аддзяленьне і атрымаў пасылку. Я атрымаў задавальненьне ад новага тэлефона, які мне перадалі», — кажа суразмоўца.
За два з паловай месяцы на волі ён не пасьпеў заўважыць, наколькі зьмяніўся сьвет. Убачыў прагрэс у тэхналёгіях, у штучным інтэлекце. Гэта не зьдзівіла. Перад тым як Аляксандра затрымалі, ужо працаваў ChatGPT. У калёніі Катовіч разам зь іншымі праграмістамі абмяркоўваў разьвіцьцё тэхналёгіяў, чытаў тэматычныя часопісы.
«Таксама ў Кіеве людзі сталі больш ветлівыя, чулыя. Калі ты патрабуеш дапамогі, табе дапамагаюць», — заўважыў зьмены ў людзях украінец.
Другі бок свабоды — гэта вырашаць пытаньні самастойна. Аляксандар кажа, што для яго цяпер гэта нешта новае.
«Больш за два гады ўсё вырашалі за мяне, я жыў паводле графіку. Я не вырашаў, калі ўставаць, калі есьці. Мне ўсё давалі. Мне трэба было толькі зрабіць нейкую працу бясплатна, і ўсё. А тут мне давялося ўключыцца», — адзначае суразмоўца.
Пазыкі ў сяброў
Цяпер Аляксандар у Кіеве. Вырашае пытаньне з дакумэнтамі і адтэрміноўкай ад войска. Жыве ў сябра, які запрасіў яго да сябе. У Адэсе ў Катовіча маці. Бабуля палітвязьня памерла, пакуль ён быў у калёніі.
Суразмоўца кажа, што маці ня можа дапамагаць яму фінансава. На першы час яго падтрымалі грашыма беларускія ініцыятывы: фонд BySol, «Вольныя», Беларускі дом правоў чалавека. На BySol адкрылі таксама групавы збор для вызваленых украінцаў.
Аляксандар адзначае, што «грошы нібы ёсьць, але іх няма», бо хутка разыходзяцца. Ён хоча адкрыць збор на BySol, каб купіць ноўтбук і пераносны блёк ладаваньня EcoFlow для бесьперабойнай працы пры адключэньні сьвятла.
«Быў момант, калі грошай зусім не было, я чакаў Новага года, і мне давялося пазычаць у сяброў», — прызнаецца Аляксандар.
Адна з праваабарончых арганізацый аплаціла Катовічу паслугі адваката ва Ўкраіне і іншыя юрыдычныя працэдуры, расказвае ён. Украінская ініцыятыва «Вярніся да грамадзянскага жыцьця», якая дапамагае вэтэранам вайны і ваеннапалонным, бясплатна аказвае Аляксандру псыхалягічную дапамогу.
«Я прымаю лекі, праходжу сэансы ў псыхатэрапэўта. Гэта дапамагае мне трымаць сябе ў руках. Настрой палепшыўся, я трохі супакоіўся. Мы разьбіраем моманты, чаму я так рэагую, знаходзім плюсы ў сытуацыі, якая ёсьць цяпер», — расказвае суразмоўца.
Аляксандар кажа, што вяраецца на працу з 10 лютага. Яго ўзяла да сябе IT-фірма, дзе ён працаваў да турмы. Гэта літоўская кампанія, якая працуе таксама ў Расеі і краінах СНД. Яму ўжо выдалі працоўны ноўтбук. З словаў суразмоўцы, яму ў першыя месяцы абяцаюць заробак у 600 эўра. За гэтыя грошы ён ня здолее здымаць жытло ў Кіеве, і калі вырашыць папяровыя справы, плянуе пераехаць у Адэсу, дзе мае кватэру.
Магчымая мабілізацыя
Ва Ўкраіне Аляксандра могуць змабілізаваць на вайну. Ён расказвае, што цяпер любая сустрэча на вуліцы з прадстаўнікамі тэрытарыяльнага цэнтру камплектаваньня і сацыяльнай падтрымкі (ТЦК) можа стаць канфліктнай – без дакумэнтаў аб вызваленьні з турмы яго могуць затрымаць для высьвятленьня сытуацыі, што можа скончыцца мабілізацыяй у войска. Аляксандар знаходзіцца ў вышуку ва Ўкраіне, бо раней яму дасылалі позву ў камісарыят, але ён не прыйшоў, бо быў зьняволены ў Беларусі (дакумэнты, якія гэта пацвярджаюць, ёсьць у рэдакцыі).
Таму ён амаль не выходзіць на вуліцу, не наведвае кавярняў, езьдзіць на таксоўцы. З грамадзкіх установаў ходзіць толькі ў краму, на пошту і па ежу. Пытаньні з дакумэнтамі вырашае онлайн.
«Ты можаш проста ісьці міма паліцыянтаў на вуліцы, а яны папросяць на праверку твае дакумэнты. Блёк-пасты ёсьць проста ў горадзе, пасярод дарогі. Яны спыняюць і правяраюць усіх, хто знаходзіцца ў машыне», — расказвае ўкраінец, як шукаюць тых, хто ўхіляецца ад мабілізацыі.
Тое, што Катовіч прайшоў празь беларускую турму, магло б вызваліць яго ад войска. Аднак пакуль ён ня мае адпаведнага статусу на радзіме. Цяпер мужчына вырашае гэтае пытаньне з дапамогай адваката. Калі ён атрымае статус чалавека, несправядліва пазбаўленага свабоды ў выніку расейскай агрэсіі, то яму дадуць пажыцьцёвую адтэрміноўку ад войска. Катовіч кажа, што ведае беларускіх палітвязьняў, якім ужо далі такі статус ва Ўкраіне. З такім статусам Катовіч зможа прэтэндаваць на разавую дапамогу ад украінскай дзяржавы — каля 6 тысяч эўра. Ён кажа, што купіў бы на гэтыя грошы лядоўню і тэлевізар.
Суразмоўца адзначае, што не плянаваў ехаць ваяваць у 2022 годзе. Думаў, ці ня зьехаць зь Беларусі, прыкладам, у Польшчу або Літву. Аднак застаўся разам зь сям’ёй у Беларусі.
«Калі надзенуць мяшок на галаву — радуйся»
Аляксандар расказвае, што калі быў у шклоўскай калёніі, яго выклікалі да супрацоўніка Генэральнай пракуратуры. Той прапанаваў яму напісаць прашэньне аб памілаваньні і сказаў, што праз два-тры дні яго вызваляць. Аляксандар пагадзіўся. Ён бачыў, што пэрыядычна людзей вызвалялі такім чынам. Кажа, што ўжо раздаў свае рэчы, прадукты іншым вязьням. Гэта было ў лютым 2025 году.
Аднак вызвалілі Катовіча толькі празь дзевяць месяцаў. Ён чакаў, што яго «вось-вось выпусьцяць» недзе да лета. Потым забіраў раздадзеныя прадукты ў паплечнікаў. «Яны ўсё разумелі», падсумоўвае Аляксандар. Адцягнуць увагу ад гэтай сытуацыі яму дапамаглі заняткі спортам.
«Гэта вельмі цяжка, гэта ўнутранае напружаньне. Ты пастаянна чакаеш, вымотваесься, вымотваеш сваю нэрвовую сыстэму. Ты на кручку. Табе сказалі, што ты вызваляесься. Можна адкінуць усе гэтыя думкі. Але як гэта зрабіць, калі ты ў турме, дзе яшчэ амаль тры гады засталося адбыць, а табе кажуць, што ты зараз выйдзеш?», — дзеліцца ён тым, як перажываў няспраўджаныя абяцаньні.
Пра тое, што яго сапраўды вызваляюць, Аляксандар здагадаўся, калі яму сказалі не ісьці ў начную зьмену на працу, як звычайна. Там ён прасаваў форму для расейскіх вайскоўцаў на швейнай вытворчасьці.
«Калі мяне пасадзілі ў мікрааўтобус і надзелі мяшок на галаву, я ўзгадаў, што іншыя палітвязьні, якія ўжо вызваліліся, перадавалі: „Калі надзенуць мяшок на галаву — радуйся, усё вельмі добра“», — успамінае ён.
Яго зь іншымі зьняволенымі вывозілі пасярод ночы. У аўтобусе Катовіч зразумеў, што побач зь ім усе таксама ўкраінцы. Ранкам у аўтобусе ён пачуў «Радыё Гомель» і здагадаўся, што іх вязуць ва Ўкраіну.
Разлад з жонкай
Жонка Аляксандра застаецца ў Беларусі. Зь ягоных словаў, яна ня хоча пераяжджаць ва Ўкраіну. А ён ня можа паехаць да яе ў Беларусь. Аляксандар прызнаецца, што хацеў бы жыць у трэцяй краіне, прыкладам, у Польшчы. Але цяпер ён ня можа выехаць нікуды з Украіны.
«Яна мне пісала, што будзе падаваць на развод, але яшчэ не падала. Мы цяпер ня надта камунікуем. У нас штосьці надламалася», — кажа суразмоўца пра адносіны ў пáры.
Ён успамінае, што пасьля прысуду на спатканьні з жонкай сказаў, што яна можа не чакаць яго пяць гадоў тэрміну, а знайсьці сабе іншага партнэра. Аднак, зь ягоных словаў, тая адказала, што яны ўжо шмат разам перажылі і яна яго дачакаецца. Сям’я ў Беларусі падтрымлівала Аляксандра, пакуль ён сядзеў, яны перадавалі яму перадачы. Палітвязень не чакаў, што пасьля ягонага вызваленьня яны могуць расстацца. Аднак заўважае, што сваякі, родныя і нават ягоная маці вінавацілі яго самога ў тым, што яго пасадзілі за краты.
Аляксандар ня ведае, ці хацеў бы жыць цяпер у Беларусі.
«Я адчуваў сябе там вельмі добра да аднаго „цудоўнага“ моманту (затрыманьня. — РС). Плюс-мінус нармальна. Адзінае, там імпарту стала значна менш, цэны вырасьлі. Сяброў у мяне там было мала. Я вельмі сумаваў па радзіме, бо тут у мяне ёсьць сябры, знаёмыя», — расказвае Аляксандар пра сваё жыцьцё ў Беларусі да арышту.
Ён успамінае, што пераехаў у Беларусь, каб «трохі пасталець, знайсьці працу з нуля, даказаць сабе, што можа зьмяніць абстаноўку». Ён кажа, што бачыў пратэсты ў 2020 годзе ў Беларусі і тое, як караюць, прыкладам, за скрыню ад тэлевізара ў белых і чырвоных колерах. Кажа, што хацеў таксама выйсьці на мітынг, але жонка папрасіла яго ня ўдзельнічаць, бо яго могуць пасадзіць. Мужчына ня думаў, што яго затрымаюць за камэнтары ў інтэрнэце, тым больш не пра Беларусь.
«Мне было няўтульна ўнутры. Я адчуваў, што павінен нешта рабіць. Людзі там пад ракетамі, а я тут. Яны перажываюць усе гэтыя жахі, а я ня ўдзельнічаю. Хтосьці пайшоў на фронт, а я сяджу ў краіне-суагрэсары і нічога не раблю. Гэта ўнутрана падштурхнула мяне да нейкіх дзеяньняў, таму я пачаў пісаць», — расказвае пра рэакцыю на пачатак поўнамаштабнай вайны ўкраінец.
Суразмоўца прызнаецца, што крыху шкадуе аб пераезьдзе ў Беларусь, але не шкадуе, што пакідаў камэнтары ў падтрымку Ўкраіны. Зараз ён лічыць, што ў 2022-м трэба было зьяжджаць зь Беларусі.
Жыцьцё ва Ўкраіне
Аляксандар кажа, што можа параўнаць жыцьцё ў беларускай турме і ва Ўкраіне падчас вайны. Ва Ўкраіне яму крыху лягчэй. Ён мяркуе, што жыцьцё ў зьняволеньні загартавала яго для абмежаваньняў на радзіме.
«Я б назваў гэта паляпшэньнем рэжыму, заменай пакараньня мякчэйшым», — акрэсьлівае ён.
Катовіч ужо сутыкнуўся з адключэньнем электрычнасьці на 5-6 дзён запар. Кажа, што яго пусьцілі ва ўстанову, дзе раней месьціўся адпаведны «пункт нязломнасьці», дзе жыхары маглі сагрэцца, заладаваць гаджэты, выпіць гарачай гарбаты, хоць гэты пункт адтуль ужо перанесьлі. У кватэры, дзе ён жыве, часам адключалі таксама ваду і зьмяншалі ацяпленьне.
Падчас паветраных трывогаў у Кіеве, кажа Катовіч, ён ня ходзіць у бамбасховішча.
«Што здарыцца, тое здарыцца. Чаму я не хачу ісьці ў сховішча? Я думаю, як тыя мэмы ў інтэрнэце: сховішча для слабакоў. Можа быць, памяняю стаўленьне, калі ўбачу, як у суседні дом „прылятае“», — разважае Аляксандар.
Форум