Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я зьбіраўся разьбіць сабе мазгі». Гісторыя вызваленага 13 сьнежня палітвязьня Ўладзімера Гароха


Уладзімер Гарох
Уладзімер Гарох

Ўладзімер Гарох у вялікай размове з Свабодай згадаў пра свае больш чым пяць гадоў за кратамі, апошнія дні жыцьця загінулага ў калёніі Вітольда Ашурка і сваё стаўленьне да будучыні.

Уладзімер Гарох правёў за кратамі больш за пяць гадоў. «Аксаміт і сталь», — характарызуе ён сам сябе. З будаўніка і музыканта без адукацыі ён стаў палітычным актывістам, які гуртаваў вакол сябе людзей. Гарох прызнаецца, што за кратамі думаў пра самагубства, а пасьля выхаду на волю разышоўся з жонкай, зь якою пражыў трыццаць гадоў. Уладзімер кажа, што быў сьведкам апошніх дзён жыцьця Вітольда Ашурка, у суседняй камэры зь якім сядзеў. Ён пагаварыў з Свабодай пра натхненьне, веру і адчай.

Восем клясаў школы

«Я проста Вова Гарох, які хоча дабра людзям і самому сабе», — кажа пра сябе актывіст і былы палітвязень з Наваградку Ўладзімер Гарох. І ўсьміхаецца. Ён увогуле часта ўсьміхаецца, пакуль мы гаворым.

Уладзімеру 52 гады. Ён расказвае, што нарадзіўся і вырас у Наваельні Дзятлаўскага раёну. «Восем клясаў школы», — абазначае ён сваю адукацыю. Прызнаецца, што раней яго гэта бянтэжыла. Але ён самаадукоўваўся, чытаў кнігі аб гісторыі, палітыцы, эканоміцы, псыхалёгіі.

Грае на піяніна, акардэоне, трубе, гітары. Два гады адхадзіў у музыкальную школу, а потым праз стан здароўя ня мог яе наведваць і вучыўся музыцы сам. Усё жыцьцё працаваў будаўніком, тынкаром, рабіў кватэры «пад ключ».

У савецкі час, расказвае Ўладзімер, ён два гады праслужыў памежнікам на таджыцка-афганскай мяжы на Паміры, калі ў Таджыкістане ішла грамадзянская вайна. Граў у аркестры і служыў на заставе. Быў адным з двух армейцаў з баявога рэзэрву, якія мусілі мець пры сабе зброю ўвесь час — «і ў лазьні, і ў прыбіральні, і ў ложку» — і першымі абараняць заставу пры нападзе. Суразмоўца кажа, што ў баявых дзеяньнях ён ня ўдзельнічаў, але падчас абароны мяжы трапляў у засаду і пад прыцэлы ўзброеных афганцаў, але выходзіў адтуль цэлым.

Уладзімер Гарох у Варшаве
Уладзімер Гарох у Варшаве

«Провід мне паказваў, што калі Бог не захавае, то не дапаможа ні твая падрыхтоўка, ні тваё ўзбраеньне, каб чалавек ня быў упэўнены ў сабе занадта», — падсумоўвае свой армейскі досьвед суразмоўца.

Ён дадае, што падчас службы пачаў размаўляць з Богам. Пасьля гэтага прыйшоў у пратэстанцкую царкву. Там сустрэў сваю будучую жонку і пераехаў за ёй у Наваградак. У сям’і чацьвёра дарослых дзяцей. Яны мэдыкі, адзін вэтэрынар. Частка сям’і Гароха застаецца ў Беларусі.

У 2019 годзе, расказвае Ўладзімер, ён паехаў працаваць валянтэрам у рэабілітацыйны цэнтар у Хвойніцкім раёне на Гомельшчыне, каб дапамагаць людзям, залежным ад алькаголю. Кажа, што перад гэтым прайшоў такую праграму сам.

Грошы на картрыдж

«Ніколі б не падумаў, што акунуся ў палітыку», — прызнаецца Ўладзімер.

Раней ён не цікавіўся палітыкай і лічыў, што «царква па-за палітыкай». Мяркуе, што гэта ўстаноўка з савецкага мінулага. У ліпені 2020 году, расказвае суразмоўца, ён зайшоў у інтэрнэт і ўбачыў навіны з фота, як у Наваградку людзі ў цывільным і мэдычных масках «круцяць рукі і пакуюць у машыны» іншых людзей. Даведаўся, што ідзе перадвыбарчая кампанія. І падумаў, што гэта шанец для Беларусі, каб зьмяніць краіну да лепшага.

Гарох успамінае, што стаў падтрымліваць Сьвятлану Ціханоўскую. Ён толькі вярнуўся з Гомельшчыны і ня меў на месцы паплечнікаў. Напісаў у чат Наваградку ў Viber абвестку, што мае ідэі на гэтую кампанію і просіць адгукнуцца ахвотных далучыцца да яго. Кажа, што сабралася няшмат чалавек. Яны пачалі друкаваць і распаўсюджваць улёткі ў падтрымку Ціханоўскай.

«У мяне нават не хапала грошай, каб заправіць картрыдж і надрукаваць улёткі. Было няпроста», — успамінае ён.

Ён хацеў зладзіць мітынг у Наваградку. Стаў зьбіраць людзей. Кажа, што каб выявіць радыкальных і нясьмелых і не супрацоўнічаць зь імі, зладзіў тэст: пытаўся, ці людзі гатовыя кінуць «кактэйль Молатава» у будынак райвыканкаму. Дадае, што некаторыя аднадумцы падазравалі, што ён можа быць агентам КДБ. На такой сустрэчы апынуўся здраднік, які потым здаў Гароха.

Уладзімер Гарох
Уладзімер Гарох

У выніку яго судзілі за тое, што нібыта плянаваў падпальваць будынкі райвыканкамаў у Карэлічах і Наваградку, блякаваць дарогі сьпілаванымі дрэвамі, кідаць у службоўцаў «кактэйлі Молатава». Гароху закідалі тое, што ён нарыхтаваў тону газы і наразаў арматуру для «беспарадкаў». Суразмоўца запэўнівае, што нічога руйнаваць і падпальваць ён не зьбіраўся.

«Купіць тону газы. Дзе? Яна ж у літровых бутэльках. Тады ж па продажах можна было б вылічыць і даказаць маю віну, што на той запраўцы купілі дзесяць бутэлек, на іншай — сто. У мяне быў 92-і бэнзын для бэнзапілы, літры два, яшчэ маторны алей і бэнзапіла», — пералічвае Ўладзімер тое, што зь ягоных рэчаў магло пасаваць пад рэчавыя доказы.

Але, паводле суразмоўцы, плян усё ж быў ня толькі мірны. Ён хацеў сабраць «групу супрацьдзеяньня». Калі падчас мітынгу сілавікі пачалі б «пакаваць» людзей, гэтая група магла б стрымаць і скруціць сілавікоў і дапамагчы мітынгоўцам сысьці дадому. Ён дадае, што не рыхтаваўся да адкрытага супрацьстаяньня з сілавікамі і разумеў, што перавага не на баку пратэстоўцаў.

«Я разумеў, што вяду людзей пад кулі. Я разумеў, што нас могуць пастраляць. Мая задача была не дапусьціць беспарадкаў, каб ніхто не пацярпеў. Каб таксама не было ніякага алькаголю. Каб не было самасуду», — кажа ён.

Правесьці мітынг суразмоўца не пасьпеў. 6 жніўня заўважыў, што за ім сочаць, і схаваўся ў падпольле. Прыехаў у Ліду, пазнаёміўся зь Вітольдам Ашуркам. Той дапамог яму знайсьці сховішча. Бачыліся яны толькі аднойчы.

«Зь першай нашай размовы мы зразумелі, што мы аднаго духу. Ён быў вельмі гарачы хлопец, як і я. Гэта быў глыбока ідэйны чалавек, які любіў сваю краіну. Ён быў практыкам, дзейным чалавекам, чалавекам слова. Потым я яго адзін раз убачыў у Шклове, калі ён ішоў з ШЫЗА ў атрад. А пазьней даведаўся пра ягоную сьмерць», — характарызуе Ўладзімер Вітольда.

Суразмоўца кажа, што ён і ў лідзкім падпольлі сабраў сем незалежных групаў ідэйных людзей, гатовых выходзіць на мітынгі і біцца зь міліцыянтамі пры патрэбе. Але і ў сховішчы Гароха вылічылі і затрымалі 18 жніўня 2020 году. У выніку яму далі сем гадоў калёніі строгага рэжыму.

«Чалавек, які нічым не вылучаўся з натоўпу і мае восем клясаў адукацыі, увязаўся ў барацьбу з Лукашэнкам фактычна ў адзіночку. Я стаў актыўным чальцом нашага грамадзтва, чалавекам ад палітыкі і практыкі», — падсумоўвае Ўладзімер.

Сьмерць Вітольда

Уладзімер Гарох сядзеў у турме ў Горадні, у СІЗА ў Баранавічах, у шклоўскай калёніі, у магілёўскай турме. Адным з самых цяжкіх месцаў стала калёнія ў Шклове, кажа суразмоўца. З словаў Уладзімера, там яго білі. Ён заўважае, што нячаста.

«Я больш за ўсё баяўся сябе. Мне давялося моцна ўціхамірвацца. Узровень маёй падрыхтоўкі дазваляў мне нанесьці непрымальную шкоду, я мог забіць. Я разумеў, што калі я іх цяпер пакладу, мяне могуць забіць насьмерць. Я напісаў паэму пра белага тыгра: для тыгра цеснае аблічча ягняці. Унутры гэты тыгр ірваўся, але я яго ўпакоўваў у аблічча ягняці. Мне давялося ўвесь гэты час цягаць авечую шкуру на сабе», — кажа палітвязень.

Разьвітаньне зь Вітольдам Ашуркам у яго роднай Бярозаўцы, архіўнае фота
Разьвітаньне зь Вітольдам Ашуркам у яго роднай Бярозаўцы, архіўнае фота

Суразмоўца адзначае, што ён займаўся вольнай барацьбой і валодае адмысловымі прыёмамі. Ён мусіў моцна сябе стрымліваць, каб не пачаць біць або забіваць супрацоўнікаў аховы.

Уладзімер кажа, што ў апошні тыдзень жыцьця Вітольда Ашурка сядзеў у суседняй зь ім камэры ШЫЗА. Ён чуў, што Вітольд у камэры быў не адзін, чуў размовы і незразумелыя стукі. Ён сьцьвярджае, што сярод тых, хто біў Вітольда, быў маёр Дзяніс Сазонаў, дзяжурны памочнік начальніка калёніі.

«Калі да яго ў камэру зайшоў маёр Сазонаў, я чуў: адчыняюцца дзьверы, і ён: „Ну што зараз? на! на!“. Адзін асуджаны чуў размову супрацоўніка са зьняволеным зь імем Ўлад і мне яе пераказаў. Нейкага палітычнага, відаць, яны таксама хацелі прэсаваць у ШЫЗА. Абмяркоўвалі: „Глядзі, больш акуратна, каб не атрымалася, як зь Вітольдам, бо мы ледзь адпісаліся“», — расказвае Ўладзімер.

Ён адзначае, што да Вітольда супрацоўнікі ставіліся «па-скоцку». Зь ягоных словаў, 19 траўня 2021 году кантралёр казаў Ашурку: «Вымый яб*ла, недаразьвіты. Вымый твар, недаразьвіты». 20 траўня ён чуў, як Вітольд казаў камусьці: «Ну што вы ўсё!» і стагнаў. Уладзімер мяркуе, што Вітольду тады прычынялі боль.

«21 траўня, калі супрацоўнік клікаў яго на абед: „Вітольд, ідзі, ежу забірай“, — цішыня. „Вітольд! Вітольд! Вітольд!“ Але Вітольд ужо не адгукаўся. Празь некалькі хвілін у мяне ўрубілі радыё ў камэры, так што мала што было чуваць. Чуў, што бяжыць натоўп супрацоўнікаў, казалі „Мора крыві“», — расказвае паплечнік Вітольда.

Ён дадае, што пасьля сьмерці Вітольда начальніка рэжымнага аддзелу калёніі Сяргея Карчэўскага заднім днём адправілі ў адпачынак на час сьледзтва.

«Калі я даведаўся пра сьмерць Вітольда, то зразумеў, што трэба зьмяніць тактыку. Маёй задачай стала — выжыць. Даводзілася выкручвацца. Я не рабіў зь сябе героя. Я стаў баяцца ШЫЗА. Але я працаваў з хлопцамі. Калі даведваўся, што кагосьці ўзялі на прыцэл, то папярэджваў іх», — кажа былы палітвязень.

Гарох успамінае, што яго ў гэты ж час, 15 траўня 2021 году, незадоўга да сьмерці Ашурка, моцна пабілі ў ШЫЗА дручком: спачатку, калі ён стаяў на расьцяжцы, з шырока расстаўленымі нагамі, тварам да сьцяны, а потым, калі ўпаў, то на падлозе. Біў начальнік рэжымнага аддзелу.

«Я думаў, што ў мяне зьвязкі (на нагах) парвуцца», — кажа Ўладзімер.

«Я рэальна зьбіраўся разьбіць сабе мазгі»

Аднойчы Ўладзімер хацеў скончыць жыцьцё самагубствам. Гэта было ў калёніі ў Шклове. Ён кажа, што стаміўся ад ціску на яго, калі шукалі парушэньні ў яго паводзінах, — ён называе гэта «сафары». Гарох мяркуе, што на яго так ціснулі, бо баяліся, што ён як лідэр будзе гуртаваць вакол сябе іншых асуджаных і можа арганізаваць бунт.

Уладзімеру далі 90 «сутак» у памяшканьні камэрнага тыпу. Частку гэтага тэрміну ён адсядзеў. Кажа, што ўмовы там былі зносныя. Але было вельмі халодна, форткі адчынялі на цэлы дзень, быў скразьняк. Саграваўся ён толькі ноччу, калі прыносілі пасьцель. Але зьнянацку яму далі 10 дзён ШЫЗА, ён не разумеў, за што.

Уладзімер Гарох
Уладзімер Гарох

«Я падумаў: колькі ўжо можна. Быў эмацыйны зрыў. Усё мяне дастала, усё, край! Я ўжо разьвітаўся з роднымі. Казаў: „Госпадзе, я не магу, прабач, я больш ня вытрымаю“. Я рэальна зьбіраўся разьбіць сабе мазгі і скончыць жыцьцё самагубствам. Але на самым піку сказаў сабе: „Стоп, мне ёсьць для каго і для чаго жыць“. Узяў сябе ў рукі і супакоіўся. Я зразумеў, што калі я гэта зраблю, гэта будзе маёй паразай. Павярнуць назад — гэта таксама ўчынак», — успамінае ён.

Суразмоўца мяркуе, што такі эпізод здарыўся, каб ён не забываўся пра сваю ўразьлівасьць. Пры гэтым адзначае, што за час зьняволеньня стаў мацнейшым.

«Ёсьць такое паняцьце: спалучэньне сталі і аксаміту. Я і аксамітны, і, калі трэба, сталёвы», — кажа Ўладзімер.

«Нізкі статус»

Гарох расказвае, што яго ў шклоўскай калёніі перавялі ў «нізкі статус». Гэта не было спачатку так відавочна для яго. Калі ён выйшаў на прагулку ў дворык, там было насыпана шмат недакуркаў. Да яго зайшла камісія супрацоўнікаў, яму загадалі прыбраць дворык і вынесьці сьмецьце.

«Гэта законнае патрабаваньне адміністрацыі. Але паводле законаў (крымінальнікаў) нельга падмятаць і выносіць. Калі ўзяў у рукі сьмецьце — значыць, ты „певень“. Я яму кажу: „Гэтую працу выконвае „нізкі статус“. — „Мы не падтрымліваем гэтыя традыцыі“. Тым больш я не падтрымліваю. Я прыбраў», — успамінае ён.

Пасьля гэтага Ўладзімеру сталі прыносіць асобны посуд, які стаіць асобна ад іншых місак, як для «нізкага статусу». Яго стаў стрыгчы цырульнік, які стрыг асуджаных у «нізкім статусе».

«Мяне канчаткова аформілі ў „нізкі статус“. Спачатку гэта шакавала. Але потым я падумаў: важная самасьвядомасьць, хто я ёсьць. Яны ня здолелі мяне зламаць, бо я ведаю, хто я, які я чалавек, я сябе паважаю. І мне пляваць, як вы будзеце пра мяне казаць. Мяне паставілі мыць туалеты і выносіць сьмецьце, каб яшчэ больш прынізіць. Я гэта ўспрымаў проста як дзяжурства па туалеце, бо ў СІЗА ўсе ж іх прыбіраюць», — дзеліцца суразмоўца.

Гарох кажа, што яго падтрымлівалі іншыя асуджаныя, начамі прыносілі яму ежу. Публічна яны не маглі сесьці зь ім за адзін стол або падаць руку, бо іх бы таксама перавялі ў «нізкі статус».

Расстаньне з жонкай

Уладзімер кажа, што калі ён выйшаў на волю, жонка сказала яму, што хоча расстацца.

«Я кажу: у мяне, вядома, былі іншыя пляны», — успамінае ён.

Гарох прызнаецца, што думаў узьяднацца з жонкай і зь сям’ёй пасьля вызваленьня. Дадае, што рабіў у жыцьці памылкі, што выдаткоўваў сям’і мала часу, больш займаўся працай і служэньнем, але хацеў пачаць усё спачатку пасьля вызваленьня.

Яны пражылі ў шлюбе 30 гадоў. Суразмоўца расказвае, што пакуль ён сядзеў, сям’я яго падтрымлівала як роднага чалавека, але не ягоную палітычную дзейнасьць. Сужэнцы яшчэ сустрэлі разам Новы год онлайн, а пасьля гэтага вырашылі разысьціся.

«Мне было вельмі балюча гэта перажываць. Але я стараюся не зацыклівацца, ня кідацца ў гарэлку. Я кажу: „Уяўляеш, мы з табой у разводзе, пакуль у неафіцыйным. Уяўляеш, ты мая былая, я твой былы“. Я цяпер не ўяўляю адносінаў зь іншай жанчынай. Мая жонка засталася для мяне каханым родным чалавекам, маёй жонкай. Я хачу, каб яна была шчасьлівая, і буду рабіць усё дзеля гэтага неабходнае. Я люблю любіць, дарыць цеплыню душам, рабіць дабро, клапаціцца», — кажа ён.

Палітвязень адзначае, што расстаньне з жонкай цяжэй перажыць, чым усё, што здарылася зь ім у зьняволеньні.

«Мне жонка раней казала: „Ды жыві ты як усе“. А як усе? Я не хачу быць як усе. Я індывідуальнасьць. Я магу быць сабой добрым і сабой кепскім. Я хачу быць сабой з самага лепшага боку», — кажа ён.

Летась 13 сьнежня Ўладзімера Гароха вызвалілі разам зь вялікай групай палітвязьняў і вывезьлі ва Ўкраіну, а адтуль у Польшчу. Цяпер ён займаецца пытаньнямі легалізацыі за мяжой і сваім здароўем. Разам з іншым вызваленым зьняў кватэру ў Варшаве і пераяжджае туды. Плянуе ўладкавацца ў Польшчы спачатку на будоўлю, а потым зарабляць трэйдынгам. Палітвязень адзначае, што яго чакаюць некалькі плянавых апэрацыяў. Пасьля іх ён будзе ня ў стане нейкі час працаваць і хвалюецца, як зможа сябе ўтрымліваць.

Хоча таксама неўзабаве вярнуцца да адзінаборстваў, бо ў турме заняткі спортам былі абмежаваныя. Празь некалькі месяцаў мае намер пачаць рыхтавацца да вайны, але не ва Ўкраіне, а калі яна раптам пачнецца ў Эўразьвязе. Дэталяў гэтай падрыхтоўкі не раскрывае. Гарох кажа, што не плянуе далучацца ні да воднай беларускай палітычнай структуры, пакуль разьбіраецца ў тым, што там адбываецца.

«Я не чакаў, што будзе такі клопат», — кажа вызвалены пра дапамогу валянтэраў.

Ён прызнаецца, што салідарнасьць людзей — гэта тое, што яго найбольш парадавала на волі, і ён удзячны ўсім, хто дапамагае вызваленым, а расстроілі яго канфлікты ў дэмакратычных колах.

«Чагосьці „ваў“ я не перажыў. Але гэта адчуваньне свабоды. Лёгка дыхаць. У мяне ёсьць прастора для манэўру. У мяне разьвязаныя рукі. Я добра сплю, ніякіх кашмараў. Я працягваю рухацца. Для чаго мне патрэбная папулярнасьць? Па-першае, мне важна, каб людзі мне верылі. І па-другое, каб сеяць у іх семя жыцьця, любові, стварэньня… У маім сэрцы жыве Ісус Хрыстос. Я мог бы стаць на іншы шлях, але дзякуючы Богу я абраў шлях дабра», — кажа Ўладзімер.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG