Расейскія ўлады плянуюць заблякаваць мэсэнджэр Telegram у першых чыслах красавіка, паведамляе РБК са спасылкай на свае крыніцы. Суразмоўцы выданьня, блізкія да Крамля, назвалі гэта канчатковым рашэньнем.
«Роскомнадзор» не пацьвердзіў і не абверг паведамленьне РБК, заявіўшы: «Ведамству няма чаго дадаць да раней апублікаванай інфармацыі па гэтым пытаньні».
Крыніца ў адным з расейскіх апэратараў сувязі пацьвердзіла The Bell інфармацыю аб блякаваньні Telegram. Два суразмоўцы на тэлекамунікацыйным рынку таксама заявілі, што ў Крамлі ўжо прынята рашэньне аб поўным блякаваньні.
«За паўтара месяца нешта можа зьмяніцца, усё ж такі ва ўладзе розныя меркаваньні ў гэтым пытаньні. Але пакуль інфармацыя такая — з 1 красавіка будзе поўнае блякаваньне», — сказаў прадстаўнік аднаго з расейскіх мабільных апэратараў.
Яшчэ адна крыніца The Bell пацьвердзіла, што апэратарам прыйшлі лісты з патрабаваньнем не супрацьдзейнічаць блякаваньню. Падобны ліст рассылаўся перад тым, як у Расеі пачалі запавольваць YouTube, адзначаюць журналісты.
10 лютага «Роскомнадзор» заявіў аб плянах далейшых «пасьлядоўных абмежаваньняў» працы Telegram, які, як сьцьвярджае ведамства, па-ранейшаму не выконвае патрабаваньні расейскага заканадаўства.
Форум