Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Signal у Беларусі ўсё? Чаму не даходзіць SMS ад мэсэнджара пры рэгістрацыі і як абысьці абмежаваньні

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Карыстальнікі мабільных апэратараў у Беларусі ня могуць зарэгістравацца ў мэсэнджары Signal, бо не даходзяць SMS. Ці гэта вынік цэнтралізаванага абмежаваньня і ці варта непакоіцца за Telegram, які ўжо блякуюць у Расеі.

У Беларусі на мінулым тыдні карыстальнікі апэратара А1 сутыкнуліся з праблемай пры рэгістрацыі ў мэсэнджары Signal. Там трэба ўвесьці нумар, на які мусіць прыйсьці SMS з кодам вэрыфікацыі. Гэтых SMS карыстальнікі атрымаць не маглі.

Пазьней падобныя праблемы закранулі і карыстальнікаў іншых мабільных апэратараў — МТС і Life. Абмежаваньні тычыліся толькі тых, хто вырашыў пачаць карыстацца мэсэнджарам Signal, для раней зарэгістраваных карыстальнікаў усё працавала як і раней.

Скрыншот спробы рэгістрацыі ў мэсэнджэры Signal
Скрыншот спробы рэгістрацыі ў мэсэнджэры Signal

Чытач Свабоды падзяліўся гісторыяй сваёй спробы зарэгістраваць акаўнт у Signal на беларускі нумар апэратара МТС. У момант, калі на беларускі нумар мусіць прыйсьці код, усё перастае працаваць. Код проста не даходзіць абанэнту ні з трэцяй, ні з пятай спробы. Таксама не працуе і опцыя званка ад Signal для вэрыфікацыі.

Аднак праз 3 гадзіны коды раптам дайшлі, зарэгістравацца ўсё ж удалося.

Тэхнічна гэта працуе наступным чынам: Signal выкарыстоўвае старонніх апэратараў, якія адпраўляюць SMS і робяць званкі ўжо на беларускія нумары. Беларускія апэратары могуць блякаваць пэўны дыяпазон нумароў, фільтраваць SMS, фільтраваць міжгароднія галасавыя маршруты, стасаваць фільтрацыю паводле шаблёнаў.

Signal не публікуе статыстыку колькасьці сваіх карыстальнікаў у розных краінах. У Беларусі самымі папулярнымі застаюцца мэсэнджары Telegram (6,2 мільёна карыстальнікаў), Viber (4,7 мільёна), WhatsApp (2,7 мільёна). Гэта зьвесткі аналітычнага сэрвісу Sensor Tower, які адсачыў статыстыку мабільных аплікацыяў на канец 2025 году.

Signal жа прынята лічыць прыватным і абароненым мэсэнджарам, але ня самым масавым. У Беларусі ім пачалі шырэй карыстацца на хвалі пратэстаў 2020 году.

Як правіла, апэратар сам не прымае рашэньняў блякаваць штосьці, кажа экспэрт у лічбавай бясьпецы Мікалай Кванталіяні.

«За дастаўку SMS беларускім карыстальнікам адказваюць апэратары, яны могуць тэхнічна абмежаваць SMS, але для гэтага трэба нейкае абгрунтаваньне. Афіцыйнага пацьверджаньня пра блякаваньне ад апэратараў няма. Калі мы бачым у гэты момант, што ў Расеі актыўна блякуюць розныя сэрвісы, то ў Беларусі могуць тэставаць блякаваньне. То бок каб паглядзець, ці могуць яны гэта рабіць, бяруць ня масавы сэрвіс. Паколькі мэсэнджар нішавы, фармальна ніхто абурацца ня будзе», — разважае экспэрт.

Ці могуць пачаць блякаваць іншыя мэсэнджары

У Расеі з 1 красавіка абяцаюць канчаткова заблякаваць Telegram. Беларусь наўрад ці пойдзе падобным шляхам, бо гэта ня трэба самой Расеі, мяркуе Кванталіяні. Youtube канчаткова заблякавалі ў Расеі сёлета ў пачатку лютага.

Мікалай Кванталіяні
Мікалай Кванталіяні

«Пакуль Беларусь выкарыстоўваецца для абыходу цэнзуры, Беларусь бяз масавых блякаваньняў выгадная Расеі. Базавы прыклад: у Расеі ты ня можаш прасоўваць у Youtube таго ж Пуціна. А калі прасоўваньне ідзе празь Беларусь ці Цэнтральную Азію, то гэта магчыма. Расея выкарыстоўвае Беларусь і іншыя краіны для абыходу тэхналягічных санкцыяў», — мяркуе суразмоўца.

Экспэрт працягвае: праблемы з рэгістрацыяй — гэта ня поўнае блякаваньне сэрвісаў. У Беларусі поўнае блякаваньне раней лёгка можна было абысьці праз VPN і ананімайзэры.

«Усе цяперашнія варыянты блякаваньня можна пераадольваць праз VPN: у Беларусі не такое масавае блякаваньне нават глябальных VPN-сэрвісаў. Напрыклад, заблякавалі Telegram на нацыянальным узроўні, праз VPN заходзіш нібыта зь іншай краіны, і там усё будзе працаваць», — зьвяртае ўвагу экспэрт.

Як абысьці абмежаваньні ў Signal

Нават цяперашнія абмежаваньні рэгістрацыі ў Signal празь беларускіх мабільных апэратараў можна абысьці. Напрыклад, можна папрасіць сяброў ці знаёмых за мяжой купіць SIM-карту, пры рэгістрацыі ўвесьці нумар зь яе і папрасіць знаёмых прыслаць код. Так карыстальнік усталюе мэсэнджар безь беларускага тэлефоннага нумару і пачне ім карыстацца.

Падобную схему прапаноўваюць розныя сэрвісы, дзе можна набыць аднаразовую часовую SIM-карту з розных краін і атрымаць на яе SMS для рэгістрацыі ў мэсэнджары. Аднак у такім варыянце пазьней тую ж сімку могуць прапанаваць некаму яшчэ, а тады доступ да акаўнту можа зьляцець. Таксама няма ўпэўненасьці, хто кантралюе гэтую аднаразовую SIM-карту і хто можа атрымаць доступ да акаўнту.

«Калі мы выкарыстоўваем аднаразовую SIM-карту, то яе могуць выкарыстаць паўторна, значыць, мы страцім доступ да акаўнту. Гэта патэнцыйна магчымае рашэньне, але часовае. Лепш карыстацца SIM-картамі, да якіх вы маеце доступ», — кажа Мікалай Кванталіяні.

Існуюць таксама і альтэрнатывы Signal з рэгістрацыяй праз электронную пошту, а ня нумар. Напрыклад, Delta Chat, дзе ўвесь трафік шыфруецца ўнутры. Складанасьць у тым, каб перацягнуць туды аўдыторыю, зь якой вы камунікуеце. На гэта зьвяртае ўвагу Кванталіяні.

Умоўнай альтэрнатывай можа быць таксама WhatsApp, але там важна зьвяртаць увагу на налады прыватнасьці, бо ён робіць рэзэрвовае капіяваньне ў воблака і на тэлефон.

За апошнія некалькі гадоў у Расеі заблякавалі прадукцыю Meta, а гэта Instagram, Facebook, Threads, таксама заблякаваны Youtube. Заблякаваныя мэсэнджары Signal і WhatsApp, часткова блякуецца Telegram, заблякаваць яго цалкам у Расеі зьбіраюцца сёлета 1 красавіка.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG