Міністэрства сувязі й інфарматызацыі Беларусі ўвяло абмежаваньне для карыстальнікаў мабільнай сувязі зь безлімітнымі тарыфамі на інтэрнэт. Гэта вынікае з пастановы, апублікаванай на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале. Цяпер карыстальнікі будуць мець абмежаваньне трафіку ў 30 гігабайт на месяц. Пасьля спажываньня гэтага аб’ёму інтэрнэт для іх будзе запавольвацца — да 1 Мбіт/с. Аднак за грошы апэратары могуць прапанаваць дадатковыя аб’ёмы трафіку з нармальнай хуткасьцю.
Гэтыя зьмены маюць адбыцца з 22 лютага. У міністэрстве навацыю тлумачаць «перагрузкай сетак».
«Цяпер фіксуецца значнае спажываньне рэсурсаў сетак сотавай сувязі асобнымі абанэнтамі, што адмоўна адбіваецца на якасьці паслугаў сотавай сувязі ў цэлым для большасьці звычайных абанэнтаў, якія адзначаюць нізкія хуткасьці перадачы дадзеных у сетках сотавай сувязі», — паведамілі ў міністэрстве.
Вось так выглядае сярэдняя хуткасьць мабільнага інтэрнэту ў Беларусі і ў суседзяў (у рэйтынгу Internet Speeds by Country 2026):
- Беларусь — 20,96 Мбіт/с
- Літва — 132 Мбіт/с
- Польшча — 103 Мбіт/с
- Расея — 37,3 Мбіт/с
Гэта мэдыянная хуткасьць загрузкі для мабільнага інтэрнэту. Значыць, улады хочуць зьменшыць яго хуткасьць для ўладальнікаў безьлімітных тарыфаў амаль у 21 раз.
«Сьсячы грошай»
Экспэрт у лічбавай бясьпецы Мікалай Кванталіяні зьвяртае ўвагу, што ў суседніх краінах актыўна пераходзяць на мабільную сувязь 5-га пакаленьня (5G), а ў Беларусі ў гэты момант карыстаюцца сувязьзю 4 пакаленьня (4G) і пры гэтым імкнуцца абмежаваць хуткасьць.
«У сучасным сьвеце ўсе інвэстуюць у 5G, а Беларусь абмяжоўвае 4G. Гэта значыць, што могуць дзейнічаць тэхналягічныя санкцыі і гэта можа быць эканамічна абгрунтавана, бо проста зношваецца абсталяваньне. Замест таго каб інвэставаць у абсталяваньне, ты проста падразаеш хуткасьць, а за безьліміт бярэш больш грошай. Таму гэта яшчэ і інструмэнт сьсячы грошай», — тлумачыць экспэрт.
Напрыклад, у Польшчы і Літве ўжо працуе мабільная сувязь 5-га пакаленьня (5G), у Беларусі яе пачалі толькі тэставаць у асобных месцах летась у сьнежні .
Экспэрт таксама зважае, што пры абмежаваньні хуткасьці людзям можа быць менш зручна карыстацца інструмэнтам VPN, які дазваляе абыходзіць блякаваньне рэсурсаў.
«Калі хуткасьць падае да 1 Мбіт/с, то пры актыўным карыстаньні VPN жыцьцё робіцца больш складаным. Прапускная здольнасьць меншая, гэта адбіваецца на якасьці выкарыстаньня VPN. Магчыма, карыстальнік будзе вымушаны адключаць VPN», — кажа Кванталіяні.
Іншыя экспэрты, зь якімі размаўляла Свабода, не пабачылі ў новай ініцыятыве спробы нечым абмежаваць доступ да інфармацыі. Яны тлумачаць рашэньне эканамічнымі прычынамі.
«Магчыма, гэта спроба спыніць інфляцыю. Апэратарам не даюць магчымасьці падымаць плату за тарыфы, але дазваляюць увесьці абмежаваньні й дадатковыя паслугі», — сказаў адзін з суразмоўцаў.
Іншы суразмоўца зьвярнуў увагу, што ў Беларусі даўно не абнаўляецца «тэхнічная база», а трафік пры гэтым расьце.
Ад 22 студзеня апэратары ў Беларусі павінны дапасаваць да гэтых патрабаваньняў усе раней заключаныя дагаворы і дзейныя тарыфныя пляны. Наколькі даражэйшым стане інтэрнэт для карыстальнікаў безьлімітных тарыфаў, якія перасягнуць месячны бар’ер у 30 гігабайт, пакуль невядома.
Форум