Як вынікае з апублікаванага на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі загаду ведамства, цяпер гэтыя паслугі зможа надаваць ТАА «Актыўныя тэхналёгіі».
Цяпер у сьпіс пастаўшчыкоў такіх паслуг уваходзяць дзяржаўнае прадпрыемства «Белтэлеком», Галоўнае гаспадарчае ўпраўленьня кіраўніцтва справамі Аляксандра Лукашэнкі, ТАА «Беларускія воблачныя тэхналёгіі», дзяржаўны Нацыянальны цэнтар электронных паслуг і ТАА «Надзейныя праграмы».
Што вядома пра ActiveCloud
ААТ «Актыўныя тэхналёгіі» (брэнд ActiveCloud) зьяўляецца воблачным парвайдэрам у Беларусі. Кампанія зарэгістравана ў 2004 годзе, а ў воблачных тэхналёгіях — з 2010 году. У канцы 2011 году кампанія стала рэзыдэнтам Парку высокіх тэхналёгій.
Асноўныя кірункі дзейнасьці — наданьне воблачных сэрвісаў для разьмяшчэньня карпаратыўных сыстэм, прыкладаньняў і сайтаў, паслуг па аўдыту і міграцыі ў воблака, па інфармацыйнай бясьпецы, праектаваньні і тэхнічным суправаджэньні воблачных рашэньняў.
Кампанію заснаваў Алег Цягуноў. Ён зьяўляецца старшынём рады дырэктараў кампаніі. Брэнд ActiveCloud зьявіўся пасьля стварэньня стратэгічнага альянсу з расейскай ІТ-кампаніяй Softline. Прадстаўніцтва ў Расеі адкрылі ў 2010 годзе. Пазьней сталі працаваць і ў іншых краінах СНД, у тым ліку Ўзбэкістане.
Што вядома пра расейскага партнэра беларускай кампаніі
Кампанія Softline створаная ў 1993 годзе ў Маскве. Пазьней яе акцыянэрамі сталі расейскі інвэстыцыйны фонд Da Vinci Capital і беларускі фонд Zubr Capital Алега Хусаенава.
З 2021 году Softline актыўна набывала беларускія кампаніі (дакладна вядома, прынамсі, пра набыцьцё Belitsoft і Softclub), укладалася ў каштоўныя паперы Міністэрства фінансаў Беларусі, разьмяшчала токены.
У 2023 годзе кампанія ўклала ў эўрааблігацыі Беларусі 8,3 мільярда расейскіх рублёў, хоць заходнія фонды і расейскія інвэстары папярэджвалі аб складанасьцях з разьлікамі за беларускія дзяржаўныя паперы праз міжнародныя санкцыі.
Форум