Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абанэнты беларускага мабільнага апэратара А1 ня могуць зарэгістравацца ў Signal

Signal
Signal

Праблемы вынікаюць ужо пры першаснай рэгістрацыі ў праграме.

Signal лічыцца адным з самых бясьпечных мэсэнджараў у сьвеце, ён выкарыстоўвае скразное шыфраваньне end-to-end і адкрыты зыходны код. Гэта значыць, што нават самыя распрацоўнікі і каманда Signal ня маюць доступу да асабістага ліставаньня карыстальнікаў і не захоўваюць іх мэтазьвесткі.

Рэч у тым, што пры стварэньні ўліковага запісу ў Signal карыстальніку трэба ўвесьці свой нумар мабільнага тэлефону і пацьвердзіць яго з дапамогай 6-значнага коду, які мабільны апэратар дасылае праз SMS-паведамленьне. Аднак расьсьледніцкая ініцыятыва «Бюро» атрымала ад сваіх чытачоў інфармацыю, што апэратар А1 абмяжоўвае магчымасьць атрыманьня такога коду.

«Бюро» папрасіла беларусаў, якія раней ніколі не карысталіся Signal і маюць беларускую SIM-картку, усталяваць аплікацыю і зарэгістраваць уліковы запіс.

Выявілася, што карыстальнікі ўнутры Беларусі могуць заладоўваць і ўсталёўваць мабільную праграму Signal на смартфоны, а вось беспасярэдне зарэгістраваць свой уліковы запіс удалося толькі абанэнтам мабільных апэратараў МТС і Life, прычым нават у роўмінгу.

Карыстальнікі А1 на запыт коду атрымліваюць наступнае паведамленьне:

«Signal не ўдалося адправіць SMS-код праз праблемы з пастаўніком SMS-паведамленьняў».

«Бюро» пад выглядам занепакоенага карыстальніка зьвязалася з тэхнічнай падтрымкай А1 — там адмаўляюць якія-хаця абмежаваньні што да Signal:

«Кампанія не блякуе працы аплікацыяў, мэсэнджараў і сацыяльных сетак».

«Бюро» таксама накіравала афіцыйны запыт у Signal і пакуль чакае адказу.

У суседняй Расеі «Роскомнадзор» заблякаваў Signal яшчэ 9 жніўня 2024 году праз «парушэньне патрабаваньняў заканадаўства» і выкарыстаньне мэсэнджару з «тэрарыстычнымі/экстрэмісцкімі мэтамі».


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG