Аўтары пэтыцыі скардзіліся, што ў вёсках і садовых таварыствах часта няма магчымасьці падключыць оптавалаконную сувязь. Таксама ў пэтыцыі просяць зьвярнуць увагу на праблему доступу да бяздротавага інтэрнэту ў сельскай мясцовасьці.
«Для жыхароў такіх населеных пунктаў мабільны інтэрнэт часта ёсьць адзіным спосабам доступу да інфармацыі, дзяржаўных і сацыяльных сэрвісаў, адукацыйных рэсурсаў, дыстанцыйнай працы, тэлемэдыцыны і неадкладнай сувязі», — гаворыцца ў звароце.
Тым часам пасьля вычарпаньня 30 Гб трафіку хуткасьць інтэрнэту падае да 1 Мбіт/з, што, як адзначаецца, фактычна пазбаўляе людзей паўнавартаснага доступу да онлайн-службаў. Гэта асабліва цяжка адбіваецца на школьніках і студэнтах, дыстанцыйных работніках, прадпрымальніках і фэрмэрах, пажылых людзях, а таксама ў сытуацыях, калі інтэрнэт патрэбны тэрмінова.
Падпісанты прасілі зьмякчыць дзейныя абмежаваньні для паселішчаў, дзе няма альтэрнатыўных каналаў сувязі, забясьпечыць доступ да бесправаднога інтэрнэту бяз жорсткіх лімітаў або на сацыяльна апраўданых умовах, а таксама разгледзець увод адмысловых тарыфаў для сельскай мясцовасьці з улікам рэальных тэхнічных магчымасьцяў.
У адказе Міністэрства сувязі за подпісам намесьніка кіраўніка Паўла Ткача гаворыцца, што пэтыцыю аднесьлі да катэгорыі масавых зваротаў, бо паступіла больш за дзесяць зваротаў з аднолькавым зьместам. У гэтым выпадку ведамства вырашыла не адказваць кожнаму заяўніку асабіста, а разьмясьціць агульны адказ у разьдзеле FAQ на сайце, заўважыла «Люстэрка».
У прыватнасьці, адказ на пытаньне «Што рабіць, калі я жыву ў сельскай мясцовасьці, садоўніцкім таварыстве?» там гучыць так:
«Надалей карыстацца доступам да сеткі Інтэрнэт. Наколькі магчыма, адначасова з паслугамі сотавага апэратара выкарыстоўваць паслугі стацыянарнай электрасувязі ад РУП „Белтэлекам“».
У выпадку дадатковых пытаньняў просяць зьвязвацца з апэратарамі.
Паводле пастановы Міністэрства сувязі і інфарматызацыі, для абанэнтаў на безьлімітных тарыфах уводзіцца так званы «пачатковы аб’ём інтэрнэт-трафіку» — 30 Гб на месяц. Як вынікае з пастановы, пакуль гэты аб’ём ня вычарпаны, хуткасьць перадачы дадзеных не абмяжоўваецца. Аднак па выкарыстаньні 30 Гб апэратар абавязаны зьнізіць хуткасьць мабільнага інтэрнэту да 1 Мбіт/с.
У Міністэрстве сувязі растлумачылі, што мера нібыта накіраваная на зьніжэньне перагрузкі сетак. Гэта зьвязана з тым, што «цяпер фіксуецца значнае спажываньне рэсурсаў сетак сотавай сувязі асобнымі абанэнтамі, што адмоўна адбіваецца на якасьці паслугаў сотавай сувязі ў цэлым для большасьці звычайных абанэнтаў, якія адзначаюць нізкія хуткасьці перадачы дадзеных у сетках сотавай сувязі».
Згодна з задумай, увод гэтак званага «пачатковага ліміту» павінен збалянсаваць нагрузку на сеткі і забясьпечыць больш роўныя ўмовы доступу да інтэрнэту для ўсіх.
Форум