Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Імя якой ня будзем называць». Што пра візыт Ціханоўскай у Кіеў напісалі прапагандысцкія СМІ Беларусі і Расеі

абноўлена
Сьвятлана Ціханоўская, Андрэй Сыбіга і Павал Латушка ў Кіеве 25 траўня 2026 году. Ілюстрацыйнае фота
Сьвятлана Ціханоўская, Андрэй Сыбіга і Павал Латушка ў Кіеве 25 траўня 2026 году. Ілюстрацыйнае фота

Сьвятлана Ціханоўская другі дзень знаходзіцца зь візытам ва Ўкраіне. У першы дзень яна ўшанавала памяць загінулых за Ўкраіну беларускіх добраахвотнікаў, наведала Чарнобыль і месцы пацэльваньня расейскіх ракет і дронаў у Кіеве, правяла перамовы зь міністрам замежных справаў Украіны Андрэем Сыбігам.

26 траўня адбываецца сустрэча Сьвятланы Ціханоўскай з прэзыдэнтам Уладзімірам Зяленскім.

Пра падрыхтоўку візыту Ціханоўскай ва Ўкраіну загаварылі пасьля яе сустрэчы зь Зяленскім 25 студзеня ў Вільні. Тады прэзыдэнт Украіны запрасіў яе ў Кіеў. Была інфармацыя, што паездка можа адбыцца на Дзень Волі, 25 сакавіка, аднак тады візыт перанесьлі.

Свабода паглядзела, як прапаганда Беларусі і Расеі адрэагавала на гэты візыт.

Прапаганда палохае «агрэсіўнымі праектамі» Ціханоўскай і Зяленскага

Грыгорый Азаронак выкарыстаў візыт Сьвятланы Ціханоўскай у Кіеў, каб яшчэ раз заявіць, што Ўкраінай кіруе не мясцовая ўлада, а яе вонкавыя партнэры. Паводле прапагандыста, менавіта яны загадалі Зяленскаму прыняць Ціханоўскую ва Ўкраіне. Пры гэтым Азаронак не называе яе імя, а ўжывае абразьлівыя словы ў характэрным для сябе стылі — «пэрсанаж», «прызнаная тэрарыстка і экстрэмістка», якая глядзела на разбурэньні пасьля абстрэлаў Кіева і хоча «зрабіць тое самае ў Беларусі».

Азаронак зноў агучыў прапагандысцкі штамп аб тым, што «дзяржаўны пераварот прыводзіць да вайны, да агню, да сьмерцяў і зьнішчэньня».

На пытаньне, навошта Кіеў прыняў Ціханоўскую, госьць Азаронка, старшыня праўленьня таварыства «Веды» Аляксей Аўдонін сказаў:

«Кіеў кажа: вы ведаеце, мы больш эфэктыўныя мэнэджары, чым яны. Дайце нам грошы, а мы ўжо будзем навучаць, фінансаваць, падтрымліваць беларускую апазыцыю. Вось што яны хочуць рабіць».

Аўдонін дадаў, што варта адсочваць сувязі Кіева зь беларускай апазыцыяй, бо ў выніку іх супрацы могуць зьявіцца «праекты супраць Беларусі», якія могуць быць «вельмі агрэсіўныя».

На першым канале Беларускага радыё згадалі візыт Сьвятланы Ціханоўскай толькі ў кантэксьце размовы Аляксандра Лукашэнкі з прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам, а Сьвятлану Ціханоўскую назвалі «той, імя якой ня будзем называць».

Сярод рэгіянальных СМІ адзначылася «Гродзенская праўда»

Звычайна рэгіянальныя выданьні толькі перадрукоўваюць спушчаныя згары публікацыі, накіраваныя на дыскрэдытацыю прадстаўнікоў дэмакратычных сіл. Аднак цяпер сярод абласных і раённых выданьняў «Гродзенская праўда» стала ствараць свае ўласныя матэрыялы.

Як зьвярнула ўвагу выданьне «Наша ніва», «Гродзенская праўда» на плятформе Threads разьмясьціла допіс з навіною аб візыце Сьвятланы Ціханоўскай у Кіеў з пасылам, сугучным Азаронку і Аўдоніну.

«Сёньня пратэрмінаваная Сьвета зьдзейсьніла сваю даўнюю мару. Пабачыла „цудоўную незалежную Беларусь“ пад сваім кіраўніцтвам. Кіраўніца змагароў прыехала ў Кіеў, дзе прадстаўнікі рэжыму арганізавалі ёй „праграму мерапрыемстваў“: паказушнае ўскладаньне каля магіл наёмных нацыкаў (зямля ім шклаватай), затым, у надзеі, што ўсё ж такі расейскі дрон не прамахнецца, яе каталі па вуліцах Кіева. Менавіта такую будучыню для жыхароў рэспублікі яна прадугледжвае, па дарозе разважаючы пра паток заходніх грошай», — напісалі аўтары каналу.

Допіс суправаджаўся відэаролікам, зьнятым з машыны, у якой Сьвятлана едзе па вуліцах украінскай сталіцы міма разбураных расейскімі войскамі будынкаў.

«Камэнтаваць гэты трэдс прыйшла амаль уся рэдакцыя ў поўным складзе. У камэнтарах адзначыліся галоўная рэдактарка „Гродзенскай праўды“ Тацяна Сяргеева, яе намесьніца Анжаліка Кісьляк, карэспандэнткі Мілана Дудко і Маргарыта Сяўко, аглядальніца Алена Худзік, рэдактарка інтэрнэт-рэсурсу газэты Настасься Адосій. Галоўны пасыл — як мага мацней зьняважыць Ціханоўскую і ўкраінскі бок, адначасова падкрэсьліваючы нібыта „міралюбнасьць“ Беларусі», — паведаміла «Наша ніва».

У Маскве на візыт адрэагавала МЗС

Афіцыйная прадстаўніца Міністэрства замежных справаў Расеі Марыя Захарава заявіла, што Сьвятлана Ціханоўская мусіла б зьезьдзіць ня ў Кіеў, а ў Старабельск Луганскай вобласьці. Гэты горад цяпер пад акупацыяй Расеі. Ужо некалькі дзён расейскія прапагандысцкія СМІ раскручваюць тэму, як нібыта ўкраінскія войскі абстралялі каледж і інтэрнат пэдагагічнага ўнівэрсытэту, у выніку чаго загінуў 21 чалавек. У той жа час ва Ўзброеных сілах Украіны зьняпраўдзілі гэта і заявілі, што атакавалі ў Старабельску выключна вайсковыя аб’екты Расеі.

«Замест палітычнага турызму ёй бы ў Старабельск зьезьдзіць, паглядзець, чым заканчваюцца для краін экспэрымэнты ў зьмене рэжымаў — ператварэньнем у тэрарыстычныя ячэйкі», — сказала Захарава.

Адметна, што гэтую цытату сьпікеркі расейскага МЗС перадрукавала раённае выданьне «Іўеўскі край».

«Ціханоўская, напэўна, сьпяшалася паглядзець арэшнік у квецені, калі прыехала ў Кіеў», — сказала Захарава расейскаму агенцтву ТАСС.

Расейскія войскі ў ноч на 24 траўня нанесьлі па Ўкраіне адзін з найбольш магутных за апошні час удараў. Для атакі яны выкарысталі ракеты «Арэшнік».

Расейскае агенцтва ТАСС, адрозна ад дзяржаўнага беларускага агенцтва БелТА, прысьвяціла візыту шмат матэрыялаў, у тым ліку апублікавала камэнтары прадстаўнікоў сваіх адміністрацыяў на акупаваных тэрыторыях Украіны і дэпутатаў. Яны прагназавалі «безвыніковасьць» візыту, а таксама назвалі прыезд Ціханоўскай у Кіеў «сустрэчай двух нелегітымных палітыкаў».

Адметна, што агенцтва БелТА, якое мае дамову аб супрацы з ТАСС і на сталай аснове перадрукоўвае ўсе публікацыі расейскага агенцтва пра вайну ва Ўкраіне, гэтыя матэрыялы не публікавала.

Скрын публікацый агенцтва ТАСС аб візыце Ціханоўскай у Кіеў
Скрын публікацый агенцтва ТАСС аб візыце Ціханоўскай у Кіеў
Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG