Наступствы па раёнах Кіеву:
- Шаўчэнкаўскі і Абалонскі: пажары ў бізнэс-цэнтрах (у адным заблякаваныя людзі ў сховішчы);
- у Шаўчэнкаўскім таксама часткова разбураны 5-павярховы жылы дом (1 загінулы, 3 пацярпелыя).
- Дарніцкі: пажар і абрынуты дах інтэрнаце; выратавана 12 чалавек, 5 шпіталізавана.
- Саламянскі: пашкоджаны будынак школы.
- Дзяснянскі і Галасіеўскі: пажары ў ангары, гаражах і на тэнісным корце (піратэхнікі абясшкоджвалі баявую частку расейскага снарада).
Паводле прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага, Расея падчас атакі выкарыстала 90 ракет, сярод якіх былі 36 балістычных, і 600 беспілётнікаў.
Начальнік упраўленьня камунікацый Паветраных сіл УСУ Юры Ігнат пацьвердзіў, што армія РФ ударыла балістычнай ракетай «Арэшнік» у раёне Белай Царквы.
«Пуцін ужо і слова «ўра» ня можа нармальна вымавіць – шамкае, – а ўсё яшчэ сваімі ракетамі перамагае жылыя дамы. Тры расейскія ракеты супраць аб’екта водазабесьпячэньня, спаліў рынак, дзясяткі жылых дамоў пашкодзіў, некалькі звычайных школ. Запусьціў свой «Арэшнік» супраць Белай Царквы. Рэальна неадэкваты», – напісаў Зяленскі ў тэлеграм-канале.
Сьвятлана Ціханоўская назвала ўдар «чарговай злачыннай атакай супраць мірнага насельніцтва» і заявіла, што агрэсар ня спыніцца сам. Ціханоўская таксама ўсклала частку адказнасьці на Аляксандра Лукашэнку, адзначыўшы, што ягоны рэжым прадстаўляе расейскаму войску беларускую тэрыторыю і разьмяшчае на ёй расейскую зброю, у тым ліку ракеты «Арэшнік».
Уладзімір Зяленскі ў сетцы Х падзякаваў ёй за падтрымку.
Напярэдадні Зяленскі заявіў, што Украіна атрымала дадзеныя пра падрыхтоўку Расеяй маштабнага ўдару з ужываньнем сыстэмы «Арэшнік».
Гэтыя папярэджаньні прагучалі адразу пасьля таго, як Расея і Беларусь правялі сумесныя трохдзённыя вучэньні па баявым прымяненьні ядзернай зброі. У межах манэўраў адпрацоўвалася дастаўка і падрыхтоўка да пускаў імітатараў спэцбоепрыпасаў, у тым ліку з выкарыстаньнем комплексу «Арэшнік», разьмешчанага на тэрыторыі Беларусі. У Крамлі назвалі гэтыя манэўры «сыгналам для NATO».
На працягу траўня Расея ўжо рабіла рэкордныя па маштабах налёты на гарады Украіны, уключаючы разбуральны ўдар па Кіеве 14 траўня і нядаўнія напады на нафтагазавыя аб’екты ў Харкаўскай і Палтаўскай абласьцях. У адказ Украіна рэгулярна прымяняе новыя дальнабойныя БПЛА для люстэркавых удараў па тэрыторыі РФ: пад атаку трапляюць ваенныя аэрадромы, нафтаперапрацоўчыя заводы і інфраструктура ў глыбокім расейскім тыле (уключаючы Маскоўскую і Ўладзімірскую вобласьці). У прыватнасьці, сэрыя з чатырох разбуральных удараў украінскіх беспілётнікаў па нафтаперапрацоўчым заводзе і марскім тэрмінале ў Туапсэ прывяла да фактычнага спыненьня працы прадпрыемства і маштабных пажараў.
Форум