Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская ў Кіеве: Украіна пачала новую гульню вакол Беларусі

Сустрэча Сьвятланы Ціханоўскай і Ўладзіміра Зяленскага. 26 траўня, Кіеў
Сустрэча Сьвятланы Ціханоўскай і Ўладзіміра Зяленскага. 26 траўня, Кіеў

Сьцісла

  • Доўгі час Кіеў асьцярожна ставіўся да супрацы зь беларускай апазыцыяй, каб не справакаваць Менск да больш актыўнай падтрымкі Расіі.
  • Апошнімі месяцамі кіраўніцтва Ўкраіны павяло палітычную, дыпляматычную, псыхалягічную атаку супраць рэжыму Лукашэнкі.
  • Сьвятлану Ціханоўскую сустракалі ў Кіеве як паўнавартасную прадстаўніцу беларускага народа.

Візыт Сьвятланы Ціханоўскай у Кіеў на запрашэньне Ўладзіміра Зяленскага — сьведчаньне зьмены палітыкі Украіны адносна Беларусі. Больш за тое, можна сказаць, што толькі цяпер ва Ўкраіны зьявілася ўласная стратэгія адносна Беларусі.

Палітыка «не злаваць Лукашэнку»

Аляксандр Лукашэнка 21 траўня выказаў гатовасьць прыехаць ва Ўкраіну дзеля перамоваў з прэзыдэнтам Уладзімірам Зяленскім. А 25 траўня ў Кіеў замест Лукашэнкі з рабочым візытам прыехала Сьвятлана Ціханоўская. Гэта знакавая падзея ў адносінах Беларусі і Ўкраіны.

Доўгі час ад пачатку вайны палітыка афіцыйнага Кіеву адносна Беларусі была даволі асьцярожнай. Украінскае кіраўніцтва імкнулася моцна не раздражняць Лукашэнку, каб не падштурхнуць яго да больш актыўнай канфрантацыі з Украінай. Дасюль у Кіеве вельмі баяліся адкрыцьця новага фронту на поўначы, новай атакі з боку Беларусі. Абодва бакі прытрымліваліся статус кво. Беларускае войска не ўдзельнічала ў баявых дзеяньнях супраць Украіны. У сваю чаргу Кіеў не рабіў замах на беларускую тэрыторыю з дапамогай дронаў, іншых відаў зброі ці беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць на баку Украіны.

Кіруючыся гэтай лёгікай, Кіеў даволі асьцярожна ставіўся да супрацы зь беларускай апазыцыяй. Бо яна рэальна дапамагчы Ўкраіне не магла, а актыўныя кантакты зь ёй маглі справакаваць Менск да больш актыўнай падтрымкі Расеі.

Зьмена палітычнага курсу

Але дзесьці паўгоду таму палітыка Украіны адносна Беларусі памянялася. Гэта выявілася ў шэрагу жэстаў з боку афіцыйнага Кіеву. Напрыклад, першым крокам на гэтым шляху стала відэасустрэча Уладзіміра Зяленскага зь беларускімі палітвязьнямі, якіх у сьнежні мінулага году вывезьлі на тэрыторыю Ўкраіны.

25 студзеня 2026 году ў Вільні ў цырымоніі ўшанаваньня памяці паўстанцаў Каліноўскага, у прысутнасьці прэзыдэнтаў Літвы і Польшчы Зяленскі выступіў з прамовай, зьвернутай у значнай ступені да беларускага грамадзтва. Зяленскі казаў: «Паўстаньне беларусаў павінна было перамагчы ў 2020 годзе». Там жа ён упершыню правёў перамовы зь Сьвятланай Ціханоўскай, запрасіў яе наведаць Кіеў.

Чым далей, тым больш заявы самога Зяленскага, іншых афіцыйных асоб Украіны ў адносінах да рэжыму Лукашэнкі робяцца больш жорсткімі. Можна сказаць, што апошні месяц афіцыйны Кіеў вядзе палітычную, дыпляматычную, псыхалягічную атаку супраць рэжыму Лукашэнкі.

Справа дайшла да таго, што на адрас уладара Беларусі гучаць несхаваныя пагрозы. У красавіку Зяленскі перасьцярог Лукашэнку ад лёсу кіраўніка Вэнэсуэлы Нікаляса Мадура, а потым паведаміў пра непублічныя даручэньні ўкраінскай выведцы ў дачыненьні да беларускага кіраўніцтва. 21 траўня Зяленскі выступіў зь беспрэцэдэнтнай заявай. Ён сказаў, што «у нас ёсьць магчымасьці ўзмацненьня, ёсьць магчымасьць прэвэнтыўна працаваць… у дачыненьні да фактычнага кіраўніцтва Беларусі».

Прычыны павароту

Можна сказаць, што толькі цяпер ва Ўкраіны зьявілася беларуская палітыка, стратэгія адносна Беларусі. Бо ранейшую лінію, якая зводзілася да «не злаваць Лукашэнку», цяжка назваць стратэгіяй. І супрацоўніцтва зь беларускай апазыцыяй, цяперашні візыт Ціханоўскай цалкам кладзецца ў гэты новы курс.

Што стала прычынай такога павароту ў палітыцы Кіеву адносна Беларусі? Заходнія экспэрты кажуць, што хада расейска-украінскай вайны набліжаецца да пэўнага пералому не на карысьць Расеі. Бо ўкраінскія дроны выявіліся вельмі эфэктыўнымі ў выбіваньні расейскіх нафтаперапрацоўчых заводаў. Прычым, дастаюць іх нават за Ўралам. І ў выпадку чаго два беларускія НПЗ могуць быць зьнішчаныя за адну ноч. Украіна цяпер адчувае сваю сілу, таму не зьбіраецца цырымоніцца з рэжымам, які яна лічыць слабым зьвяном у варожым хаўрусе.

Прыём на найвышэйшым узроўні

Візыт Сьвятланы Ціханоўскай знакавы ў тым, што яе прымалі на найвышэйшым узроўні. Яна правяла перамовы з прэзыдэнтам Уладзімерам Зяленскім, міністрам замежных спраў Андрэем Сыбігам. І тут важныя сымбалічныя дыпляматычныя нюансы. Хоць Сыбіга назваў Ціханоўскую «лідаркай беларускіх дэмакратычных сіл», аднак уся хада перамоваў сьведчыла пра тое, што ўкраінскае кіраўніцтва размаўляе з паўнавартаснай прадстаўніцай беларускага народу.

Яшчэ напярэдадні візыту кіраўнік МЗС Украіны адрынуў магчымасьць перамоваў з Лукашэнкам, якія той прапанаваў, і сказаў, што Кіеў чакае прыезду Ціханоўскай, «каб нам было з кім пагаварыць па ўсіх пытаньнях, якія тычацца Беларусі».

Зяленскі на афіцыйнай цырымоніі ў прысутнасьці Ціханоўскай пажартаваў: «Лукашэнка сказаў, што ўжо час сустрэцца прэзыдэнтам Украіны і Беларусі. І цікава выйшла: сказаў Лукашэнка, а прыехала Сьвятлана Ціханоўская». Але, як вядома, у кожным жарце толькі доля жарту…

«Украіна выразна адрозьнівае рэжым, які ўцягнуў Беларусь у расейскую агрэсію, і беларускі народ», — заявіў Андрэй Сыбіга, паўтарыўшы тэзіс, які шмат разоў агучвала Сьвятлана Ціханоўская. І адзначыў, што Лукашэнка — узурпатар, які прайграў выбары, ён не прадстаўляе беларусаў і служыць выключна інтарэсам Крамля і імпэрскай Расеі.

У сваю чаргу Ціханоўская сказала, што беларускі народ падтрымлівае незалежнасьць, сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны. То бок, яна казала ад імя ўсяго народу Беларусі. І менавіта ў такім статусе яе разглядае ўкраінскае кіраўніцтва, ва ўсялякім разе на ўзроўні рыторыкі. Гэта нават больш радыкальная пазыцыя, чым тая, якую займаюць ўрады эўрапейскіх краін ў дачыненьні Ціханоўскай.

Пра што дамовіліся?

Якія практычныя вынікі візыту Ціханоўскай?

Абмеркавалі сумесную працу па зборы доказаў для Спэцыяльнага трыбуналу ў Гаазе адносна саўдзелу рэжыму Лукашэнкі ў вайне супраць Украіны. Сыбіга паведаміў, што атрымаў ад беларускіх гасьцей сьвежы сьпіс прапаноў па санкцыях і плянуе ўзьняць гэтую тэму на ўзроўні Эўрапейскага Зьвязу. Украіна адкідае прапанову ЗША пра экспарт беларускага калія праз украінскую тэрыторыю.

Дамовіліся аб інстытуалізацыі супрацоўніцтва кіраўніцтва Ўкраіны зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі. Пагадзіліся з тым, што дыялёг паміж імі павінен быць рэгулярным. Дзеля гэтага ў структуру Міністэрства замежных спраў прызначаны пасол па асобых даручэньнях Яраслаў Чарнагор. Ствараецца місія дэмакратычных сіл Беларусі ў Кіеве, якую ўзначаліць Сьвятлана Шаціліна. Будзе створаная міжведамасная група па Беларусі, якая зоймецца вырашэньнем пытаньняў легалізацыі, міграцыі, іншых праблемаў, зь якімі сутыкаюцца беларусы ва Ўкраіне.

Такім чынам, запушчаны працэс, які можа закласьці новую аснову для будучыні беларуска-ўкраінскіх дачыненьняў.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Палітычны аглядальнік Радыё Свабода

    Кандыдат гістарычных навук, аўтар кнігі «Александр Лукашенко. Политический портрет» (2010), адзін з самых цытаваных палітычных камэнтатараў Беларусі.

    На Свабодзе — ад 1999 году.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG