Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынікі тыдня з Класкоўскім. Лукашэнка стаў прасунутым юзерам? Штучны інтэлект, Пуцін і Астана

Вынікі тыдня. Уладзімір Пуцін, Аляксандар Лукашэнка, Нікол Пашыньян. Ілюстрацыйны каляж
Вынікі тыдня. Уладзімір Пуцін, Аляксандар Лукашэнка, Нікол Пашыньян. Ілюстрацыйны каляж

Лукашэнка справаздачыцца Пуціну ў Астане і чытае лекцыі пра штучны інтэлект. Пашыньян жорстка адказвае Лукашэнку. Дэталі аўдыенцыі Бяляцкага ў папы рымскага. Саша Філіпенка пра візыт у Кіеў і жарты для Зяленскага. Невядомыя факты пра справу Бабарыкі. Усё больш беларусаў едзе вучыцца ў Расею.

Падсумоўваем падзеі тыдня разам з палітычным аглядальнікам інфармацыйнага агенцтва «Позірк» Аляксандрам Класкоўскім, нобэлеўскім ляўрэатам Алесем Бяляцкім, пісьменьнікам Сашам Філіпенкам, прадстаўніцай «Хрысьціянскай візіі» Натальляй Васілевіч, экспэртам у навуцы, адукацыі і інавацыях Андрэям Лаўрухіным і літаратаркай Сабінай Брыло.

Глядзець відэа цалкам

Тут фрагмэнт размовы з Аляксандрам Класкоўскім


— На саміце ў Астане Аляксандр Лукашэнка, які раней казаў, што не карыстаецца інтэрнэтам, тлумачыў, што такое штучны інтэлект. Карыстальнік сацыяльных сетках прамову Аляксандра Лукашэнкі закінулі ў ChatGPT і папрасілі прааналізаваць. Вось што адказаў штучны інтэлект: «Прамова напісана як сумесь савецкага дакладу, унівэрсытэцкай лекцыі, справаздачы міністэрства». Як бы вы ацанілі гэтую прамову пра штучны інтэлект?

— Я думаю, што Лукашэнка ў сваім рэпэртуары. Падтэкст ягонай заявы такі: маўляў, я на кароткай назе з гэтым штучным інтэлектам яшчэ з 60-х гадоў. Гэта ягоны фірмовы стыль. Ён сябе абмалёўвае вялікім адмыслоўцам ва ўсіх пытаньнях. Але калі казаць сур’ёзна, то, думаю, яго адукавалі спэцыялісты ў гэтай галіне, магчыма, і малодшы сын Коля. Лукашэнка неаднойчы прызнаваўся, што сын тлумачыць яму нейкія фішкі інтэрнэту і інфармацыйных тэхналёгій. Некалі Лукашэнка казаў, што інтэрнэт — гэта вялікая памыйніца, што не царская гэта справа — тыцкаць у гэтыя айфоны і плафоны, як ён выказваўся. Але цяпер рыторыка зьмянілася. Думаю, яму давялі, што ўсе гэтыя тэхналёгіі маюць вялікі эканамічны эфэкт. У Астане Лукашэнка казаў пра лічбавы подпіс, пра лічбавізацыю дзяржаўных закупак. Ён пачаў разумець, што гэта магчымасьць прасоўваць беларускія тавары. Напэўна, яму расказалі і пра крыптавалюту, пра шэрыя схемы. Карацей, ён цяпер ужо даволі прасунуты юзэр. Калі адчувае пах грошай і прыбытку, хутка становіцца вялікім прагрэсістам.

— На якія яшчэ заявы Лукашэнкі падчас саміту Эўразійскага эканамічнага саюза вы б зьвярнулі ўвагу?

— Я адзначыў бы, што ён падпусьціў шпільку Маскве. Лукашэнка казаў, што трэба рухацца наперад, інакш усе стануць «празаседаўшыміся» — алюзія на верш Маякоўскага. Але разам з тым ён заявіў, што і Расеі трэба ісьці на кампрамісы і саступкі. Гэта быў намёк Крамлю: калі хочаце, каб саюзьнікі заставаліся вакол вас, трэба раскашэльвацца. Лукашэнка разумее, што перагінаць нельга, але хоча паказаць: я не поўны васал Пуціна і магу дазволіць сабе крытычную шпільку.

— Чым важны для Лукашэнкі гэты саміт? Асабліва пасьля візыту Сьвятланы Ціханоўскай ва Ўкраіну?

— Візыт Ціханоўскай, безумоўна, зачапіў Лукашэнку, хоць ён і не падае выгляду. Але прамой сувязі паміж гэтымі падзеямі я ня бачу. Я думаю, што паміж Пуціным і Лукашэнкам пастаянна ідуць непублічныя кантакты. Мы бачым толькі надводную частку айсбэрга. Калі ў Крамля ёсьць пляны глыбей уцягнуць Беларусь у вайну, то Лукашэнка ўсяляк адкручваецца. Магчыма, і ў кулюарах саміту ён казаў Пуціну: «Валодзя, лепш без мяне. Я табе лепш буду запчасткі пастаўляць». Бо разумее: калі ягонае войска будзе разьбітае, карысьці нікому не будзе.

— Уладзімір Пуцін на саміце ў Казахстане чарговым разам няправільна вымавіў імя прэзыдэнта краіны Касым-Жамарта Такаева. У сваім звароце ён назваў яго «Сарганам Кемелевічам». Чуваць таксама, што дыкцыя ў Пуціна не найлепшая. Як вы мяркуеце, ці гэта зьвязана з узростам Пуціна, ці гэта такая дэманстрацыя непавагі прадстаўніка так званага «рускага міру»?

— Пуцін не маладзее, але ў старога чэкіста вельмі чэпкая памяць. Думаю, тут хутчэй вялікадзяржаўная пыха. Ён неаднойчы блытаў імя прэзыдэнта Казахстана. Для яго гэта такое паблажлівае стаўленьне да «іншародцаў»: маўляў, не абавязкова запамінаць іх складаныя імёны.

— Лукашэнка на гэтым фоне выглядаў інакш. Ён назваў Такаева «Касым-аке».

— Лукашэнка сапраўды больш уважліва ставіцца да сваіх суразмоўцаў. Ён завучвае складаныя імёны. Тут, праўда, трохі прамахнуўся з формай звароту, але бачна, што стараўся. Хаця і ён часам падпускае зьедлівасьці. Напрыклад, некалькі разоў падкрэсьлена называў Пашыньяна «Нікол Ваваевіч». Бацьку Пашыньяна сапраўды завуць Уладзімір, але Лукашэнка вымаўляў гэта з такой інтанацыяй, што гэта гучала як шпілька.

— На гэтым тыдні прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян жорстка адказаў Лукашэнку падчас перадвыбарчага мітынгу. Ён заявіў, што краіна больш ня хоча быць залежнай ад Масквы і Менска, разьвівае сувязі з Усходам і Захадам. Пашыньян абвінаваціў Лукашэнку ў падтрымцы Азербайджане падчас вайны ў Нагорным Карабаху. Гэта ня першая публічная сварка паміж Лукашэнка і кіраўніком Армэніі. Што за гэтым стаіць?

— Лукашэнка не ўпадабаў Пашыньяна адразу пасьля таго, як той прыйшоў да ўлады ў выніку вулічных пратэстаў. Для Лукашэнкі і Пуціна гэта «каляровая рэвалюцыя», а такіх лідараў яны не любяць. Потым усё толькі пагоршылася. Пашыньян пакрыўдзіўся і на Маскву, і на Менск за тое, што яны не падтрымалі Армэнію ў канфлікце з Азэрбайджанам.

— Камэнтуючы ранейшыя цьверджаньні Лукашэнкі аб тым, што Армэнія нікому не патрэбная, Пашыньян заявіў, што армяне ні ў якім разе не застануцца без альтэрнатывы. «Мы не будзем спадзявацца на адну дарогу, на аднаго саюзьніка, на адзін трубаправод». У траўня Ціханоўская сустрэлася з Пашыньянам на палях саміту Эўрапейскай палітычнай супольнасьці ў Эрэване. Зь Ціханоўскай на гэтым тыдні ў Кіеве сустрэўся прэзыдэнт Украіны Зяленскі. Ці можна сказаць, што Лукашэнка пакінуў беларусаў без альтэрнатывы? Адзін трубаправод, адна дарога, адзін саюзьнік?

— Так. І сам Лукашэнка гэта разумее. Раней ён казаў, што нельга ляцець на адным крыле, што ў Беларусі «дзікі крэн» у бок Расеі. Тады яшчэ працавала шматвэктарнасьць. Але пасьля 2020 і 2022 гадоў залежнасьць ад Крамля рэзка ўзрасла. Цяпер Лукашэнка ўжо не можа адкрыта крытыкаваць Маскву. Хіба што мякка, як у Астане. Пры гэтым мы бачым, што ў адным акопе з Пуціным яму няўтульна. Таму ён імкнецца пашырыць поле для манэўру. Менавіта таму так ухапіўся за нечаканы дыялёг з Трампам. Гэта для яго сапраўдны падарунак лёсу. Ідзе таксама закулісны дыялёг з Эўропай. У Менск усё часьцей прыяжджаюць эўрапейскія прадстаўнікі. Нядаўна Макрон тэлефанаваў Лукашэнку. Паводле паведамленьняў Елісейскага палацу, гаворка ішла ня толькі пра пагрозы, але і пра магчымыя крокі для пачатку дыялёгу паміж Беларусьсю і Эўропай. Іншая справа — наколькі Лукашэнка гатовы да такіх крокаў. Ён хоча дыялёгу на сваіх умовах, без размоваў пра правы чалавека і палітвязьняў.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць істотныя падзеі з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG