Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ерэване праходзіць саміт Эўрапейскай палітычнай супольнасьці, на яго запрасілі Ціханоўскую

Саміт Эўрапейскай палітычнай супольнасьці, Ерэван, 4 траўня 2026 году
Саміт Эўрапейскай палітычнай супольнасьці, Ерэван, 4 траўня 2026 году

Дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская прыбыла ў якасьці госьці на Саміт эўрапейскіх лідэраў у Ерэване, паведаміла яе прэсавая служба. Яна бярэ ўдзел у імпрэзах саміту Эўрапейскай палітычнай супольнасьці як запрошаная госьця ад Беларусі, а таксама ў канфэрэнцыі «Ерэванскі дыялёг», арганізаванай МЗС Армэніі.

Гэта першы візыт Ціханоўскай у Армэнію, якая ўваходзіць у СНД і АДКБ. Дзеля бясьпекі яе візыт у Армэнію загадзя не анансавалі.

Гаспадар саміту — Нікол Пашыньян, прэм’ер-міністар Армэніі.

Ціханоўская прадстаўляе Беларусь на самітах Эўрапейскай палітычнай супольнасьці ўжо пяты раз.

«Нашая задача — трымаць Беларусь у цэнтры ўвагі. І менавіта таму я сёньня тут», — заявіла яна.

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, прэмʼер-міністар Альбаніі Эдзі Рама і Сьвятлана Ціханоўская. Ерэван, 4 траўня 2026 году
Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, прэмʼер-міністар Альбаніі Эдзі Рама і Сьвятлана Ціханоўская. Ерэван, 4 траўня 2026 году

Пагрозы ад рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, «якія ствараюць новыя рызыкі для Ўкраіны і бясьпекі Эўропы», Сьвятлана Ціханоўская абмеркавала з украінскім міністрам замежных справаў Андрэем Сыбігам 4 траўня на палях саміту Эўрапейскай палітычнай супольнасьці ў Ерэване.

Палітык адзначыла на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х, што размова тычылася ў тым ліку нарошчваньня Менскам вайсковага патэнцыялу.

«Мы павінны захоўваць ціск на рэжым і не дапусьціць ператварэньня Беларусі ў ваенны фарпост», — напісала яна.

Што такое Эўрапейская палітычная супольнасьць

Гэтая ініцыятыва была створана з ініцыятывы прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона і шэрагу іншых лідэраў неўзабаве пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў 2022 годзе. Яна аб’ядноўвае практычна ўсе краіны Эўропы (акрамя Расеі і Беларусі) у складзе Эўразьвязу і па-за ім.

Як гаворыцца ў паведамленьні Рады ЭЗ, у саміце прымуць удзел лідэры 48 дзяржаваў (уключаючы часткова прызнанае Косава), запрошаныя кіраўнікі ЭЗ, NATO і АБСЭ, у якасьці госьця запрошаны таксама прэмʼер-міністар Канады Марк Карні. Лідэры абмяркуюць, сярод іншага, эканамічную і энэргетычную бясьпеку падчас канфлікту на Блізкім Усходзе. Таксама адбудзецца асобны саміт ЭЗ — Армэнія.

У адміністрацыі прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона, які таксама прыбудзе на саміт і затым нанясе афіцыйны візыт у Армэнію, паведамілі, што на палях сустрэчы абмяркуюць новыя захады падтрымкі Ўкраіны. У гэтым абмеркаваньні прыме ўдзел прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.

У Ерэван прыбылі Эманюэль Макрон, Урзуля фон дэр Ляен — старшыня Эўрапейскай Камісіі, Антонію Кошта — старшыня Эўрапейскай Рады, Кая Калас — высокая прадстаўніца ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі, Кір Стармэр — прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі, Джорджа Мэлёні — прэм’ер-міністар Італіі, іншыя лідэры.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG