Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Картэж Пуціна ў Астане суправаджаюць бранявік з турэльлю для кулямёта і верталёт

Уладзімір Пуцін і Касым-Жамарт Такаеў у Астане, 28 траўня 2026
Уладзімір Пуцін і Касым-Жамарт Такаеў у Астане, 28 траўня 2026

Картэж прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна ў Астане суправаджаюць бранявік з пазыцыяй для кулямётчыка, верталёт і машына, якая можа быць абсталявана сыстэмай радыёэлектроннай барацьбы.

Гэтыя дэталі заўважыла выданьне «Агенство», вывучыўшы апублікаваныя журналістамі і відавочцамі відэа ў сацсетках.

Апроч матацыклістаў, калёну аўтамабіляў суправаджаў вайсковы аўтамабіль. OSINT-аналітык Кірыл Міхайлаў сказаў выданьню, што, хутчэй за ўсё, гэта бранеўтамабіль «Алан» з пазыцыяй для кулямётчыка на даху. Прадстаўнік дасьледчай групы Conflict Intelligence Team (CIT) зазначыў, што машына падобная на звычайны бронеаўтамабіль з прыплюшчанай кулямётнай турэльлю са зьнятым кулямётам.

Яшчэ адзін аўтамабіль мог быць абсталяваны сыстэмай радыёэлектроннай барацьбы, але на даху аўтамабіляў, як зазначыў прадстаўнік CIT, яшчэ ставяць сродкі сувязі. Увечары 27 траўня картэж Пуціна суправаджаў таксама верталёт.

Прэс-служба прэзыдэнта Казахстана паведамляла, што з моманту перасячэньня мяжы краіны да пасадкі ў аэрапорце Астаны самалёт Пуціна суправаджалі зьнішчальнікі Сіл паветранай абароны.

Чаму так ахоўваюць Пуціна

Пуцін прыляцеў у Астану 27 траўня. 28 траўня сюды ж прыбыў Аляксандар Лукашэнка. Яны возьмуць удзел у эканамічным форуме і саміце ЭўразЭС.

Наздвычайныя захады бясьпекі тлумачацца тым, што Пуцін разьвязаў вайну супраць Украіны, якая ідзе ўжо пяты год. Расея акупавала частку тэрыторыі Ўкраіны на ўсходзе і поўдні. Украіна трымае фронт і адказвае дронавымі і ракетнымі ўдарамі ўглыб Расеі.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG