Улады Беларусі ўпершыню адкрыта паказалі інфраструктуру і сцэнар выкарыстаньня ядзернага «Іскандэра» ў Асіповічах — у тым самым месцы, пра якое Свабода раней пісала ў сваіх расьсьледаваньнях. На ўчорашніх вучэньнях мы таксама ідэнтыфікавалі расейскага генэрала зьвязанага з галоўным «ядзерным» упраўленьнем Мінабароны Расеі, які мог адказваць за дастаўку зброі.
З 18 па 21 траўня Беларусь і Расея правялі сумесныя вучэньні па «баявым ужываньні ядзернай зброі і ядзерным забесьпячэньні». Міністэрства абароны Беларусі паведаміла, што падчас трэніроўкі адпрацоўвалі «дастаўку ядзерных боепрыпасаў і падрыхтоўку іх да прымяненьня». Мінабароны РФ — што беларускія вайскоўцы выконвалі задачы па атрыманьні «спэцыяльных боепрыпасаў» для комплексаў «Іскандэр-М», іх загрузцы на ракеты-носьбіты і падрыхтоўцы да пускаў.
21 траўня Аляксандар Лукашэнка наведаў 465-ю ракетную брыгаду ў Асіповічах, дзе яму прадэманстравалі новыя ангары, казармы, а таксама сымуляцыю нанясеньня ўмоўнага ракетнага ядзернага ўдару комплексам «Іскандэр-М».
Такім чынам беларускія ўлады фактычна пацьвердзілі інфармацыю, раней апублікаваную ў расьсьледаваньні Свабоды і дасьледаваньні Фэдэрацыі амэрыканскіх навукоўцаў (FAS), пра будаўніцтва ў Асіповічах інфраструктуры для расейскіх комплексаў «Іскандэр-М», здольных выкарыстоўваць ядзерныя боепрыпасы.
Першыя машыны комплексу «Іскандэр-М» Расея перадала Беларусі ў канцы 2022 году. У лютым 2023 году маніторынгавы праект «Беларускі Гаюн» заўважыў, што машыны гэтага комплексу маглі трапіць у 465-ю ракетную брыгаду ў Асіповічах.
У ліпені 2023 году Фэдэрацыя амэрыканскіх навукоўцаў (FAS) знайшла гэтаму першыя доказы. Спэцыялісты заўважылі, што на тэрыторыі ракетна-артылерыйскай вайсковай часткі ў Асіповічах узьвялі новы ангар, у якім мог разьмясьціцца поўны дывізіён комплексу «Іскандэр-М». Звычайна ў склад такога дывізіёну ў расейскай арміі ўваходзяць каля 12 машын рознага прызначэньня — ад камандна-штабной і транспартна-зараджальнай да машын тэхнічнага абслугоўваньня і рухомых пунктаў падрыхтоўкі інфармацыі. Толькі чатыры зь іх зьяўляюцца пускавымі ўстаноўкамі з ракетамі.
Аднак на гэтым будаўніцтва не спынілася. На спадарожнікавых здымках з сярэдзіны 2023 году да пачатку 2025-га Свабода заўважыла, што ў гэтай жа вайсковай частцы пабудавалі яшчэ два падобныя ангары. Кожны зь іх таксама мог зьмяшчаць дадатковы дывізіён «Іскандэр-М». Гэта магло азначаць, што Расея перадала Беларусі ўжо поўную ракетную брыгаду гэтых комплексаў — ня менш за тры дывізіёны, або каля 36 вайсковых машын, 12 зь якіх — пускавыя ўстаноўкі.
Акрамя гэтага, на спадарожнікавых здымках, якія раней апублікавала Свабода, было відаць, што для вайскоўцаў 465-й ракетнай брыгады цалкам аднавілі адну з закінутых казармаў і адміністрацыйны будынак, узьвялі новы стадыён і паркоўку. У паўночнай частцы Асіповічаў таксама зьявіліся некалькі новых шматкватэрных дамоў і школу для вайскоўцаў.
За 12 кілямэтраў ад Асіповічаў і месца базаваньня комплексаў «Іскандэр-М» знаходзіцца 1405-я база артылерыйскіх боепрыпасаў, дзе, паводле інфармацыі журналістаў і навукоўцаў, можа знаходзіцца сховішча для ядзерных боегаловак. Аналітыкі зьвярталі ўвагу на будаўніцтва новых ахоўных пэрымэтраў, кантрольна-прапускных пунктаў і іншай інфраструктуры, характэрнай для аб’ектаў, зьвязаных з захоўваньнем ядзернай зброі.
На спадарожнікавых здымках кампаніі Planet Labs за 24 лютага 2025 году, якія атрымала Свабода, былі заўважныя маштабныя зьмены адразу ў некалькіх частках тэрыторыі базы: за апошнія два гады тут зьявіліся новыя аб’екты, а шэраг старых будынкаў прайшлі рэканструкцыю. Сыстэму аховы вайсковай часткі таксама ўзмацнілі – вакол базы разьмясьцілі сродкі супрацьпаветранай абароны.
Будаўніцтва на 1405-й базе артылерыйскіх боепрыпасаў актывізавалася амаль адразу пасьля заявы Ўладзіміра Пуціна 25 сакавіка 2023 году пра разьмяшчэньне расейскай тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі. Тады Пуцін казаў, што будаўніцтва сховішча для яе павінны завяршыць да 1 ліпеня 2023 году. Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін з таго часу неаднаразова заяўлялі пра наяўнасьць ядзернай зброі ў Беларусі, аднак ніякіх публічных доказаў гэтаму так і не было прадстаўлена.
Афіцыйныя кадры з наведваньня 21 траўня Аляксандрам Лукашэнкам асіповіцкай вайсковай часткі пацьвердзілі частку інфармацыі, якую Свабода раней выявіла на спадарожнікавых здымках.
На відэа можна заўважыць, што вучэньні з імітацыяй ядзернага ракетнага пуску адбываліся на пляцоўцы паміж новымі ангарамі, пабудаванымі для комплексаў «Іскандэр-М». Унутры саміх ангараў таксама былі бачныя машыны гэтага комплексу. Міністар абароны Віктар Хрэнін дадаткова прадэманстраваў Лукашэнку рэканструяваныя казармы і штаб 465-й ракетнай брыгады.
Ці атрымалі беларускія вайскоўцы ад Расеі ядзерные боегалоўкі для ракет, пацьвердзіць немагчыма. Абвешчаны пуск быў электроннай імітацыяй — сама ракета заставалася на пускавой устаноўцы, а зьнішчэньне цэлі адбывалася ўмоўна.
Аднак на пляцоўцы разам з Аляксандрам Лукашэнкам прысутнічалі і расейскія вайскоўцы. Як высьветліла Свабода, адным зь іх можа быць генэрал-маёрам расейскай арміі Раманам Грамышовым.
У канцы 2021 году Грамышоў быў камандзірам расейскай вайсковай часткі №14254 у закрытым вайсковым гарадку Варонеж-45. Гэты аб’ект належыць 12-му галоўнаму ўпраўленьню Міністэрства абароны Расеі — структуры, якая займаецца захоўваньнем, абслугоўваньнем і транспартаваньнем расейскіх ядзерных боепрыпасаў, а таксама адказвае за бясьпеку іх захоўваньня.
Раней экспэрты ў камэнтары Свабодзе ня раз падкрэсьлівалі, што не ўяўляюць разьмяшчэньня ядзернай зброі ў Беларусі без удзелу расейскіх вайскоўцаў з 12-га галоўнага ўпраўленьня. На іх думку, калі такая зброя сапраўды знаходзіцца ў Беларусі, то разам зь ёй павінна быць створаная і ўся неабходная інфраструктура для расейскага вайсковага пэрсаналу, які займаецца яе аховай, абслугоўваньнем і транспартаваньнем. Фактычна, павінна быць створаная новая расейская база на тэрыторыі Беларусі.
«Трэба дакладна разумець адну рэч, якая ў мяне асабіста не выклікае ніякіх сумневаў: усе апэрацыі зь ядзернымі боезарадамі ці то на тэрыторыі Расеі, ці то на тэрыторыі Беларусі, калі раптам яны туды будуць дастаўленыя, будзе ажыцьцяўляць выключна 12-е галоўнае ўпраўленьне Міністэрства абароны Расеі (12 ГУМА), — казаў у камэнтары Свабодзе старшы супрацоўнік Інстытуту ААН у дасьледаваньні праблем раззбраеньня Павел Подвіг. — Гэта значыць, усе апэрацыі — абслугоўваньне, транспартаваньне боезарадаў, ахова аб’екту і ахова пэрымэтру — усё гэта будуць рабіць выключна расейскія вайскоўцы. Іншых варыянтаў тут няма».
У камандным пункце Міністэрства абароны Беларусі, дзе Аляксандар Лукашэнка абвясьціў пра пачатак сумеснай трэніроўкі, прысутнічалі і іншыя расейскія вайскоўцы, ідэнтыфікаваць якіх Свабодзе не ўдалося.
Хоць Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што ядзерная зброя ў Беларусі знаходзіцца пад ягоным кантролем і рашэньні пра яе выкарыстаньне будуць прымацца ў Менску, нават імітацыя ядзернага ракетнага пуску адбывалася пры ўдзеле расейскіх генэралаў.
«Уся гэтая пустаслоўе пра тое, што нас выкарыстоўваюць і гэтак далей — усё гэта фігня. Гэтага няма і быць ня можа. Гэта нашая зброя, і мы яе будзем выкарыстоўваць», — казаў ён у чэрвені 2023 года.
Аднак прэзыдэнт польскага Інстытуту нацыянальнай бясьпекі Станіслаў Жарын лічыць, што Расея працягвае выкарыстоўваць Беларусь для сваіх інфармацыйна-псыхалягічных апэрацый супраць NATO.
«Разгортваньне ядзернага арсэнала, інфармацыя аб выкарыстанні рэальных баявых галовак, спробы схаваць перамяшчэньне войскаў і правядзенне выпрабаваньняў зброі ў нетыповых месцах — увесь сцэнар падпарадкаваны мэце Масквы запалохаць Захад, — напісаў ён у сацыяльнай сетцы X. — Цяперашнія вучэньні — гэта сыгнал, сьвядома падрыхтаваны Расеяй для сьвету: заключыце ўгоду з Крамлём, або сутыкнёцеся з рызыкай ядзернай вайны. Гэта добра правераны мэтад, але, на жаль, усё яшчэ эфэктыўны. За гэтым трэба ўважліва сачыць, і гэта патрабуе рэагаваньня».
Форум