На носе лета — час прыгодаў, адпачынку ля мора ці ў вёсцы, з рыбалкай і купаньнем. Час доўгіх вечароў, калі ўсё нібы запавольваецца. Але пагуляць у лета можна хоць калі, нават не выходзячы з дому. А сюжэт можа павярнуцца так, як вы зусім не чакалі. Сабралі для вас гульні з арыгінальным поглядам на «летні» настрой, на наш суб’ектыўны погляд.
Прыгоды ў бабулі на вакацыях
Вы адпраўляецеся на выспу ў Гішпаніі на летнія вакацыі, каб адпачыць у бабулі і дзядулі на ўзьбярэжжы. Што можа пайсьці ня так? Гуляй, купайся, грэйся на сонцы. Аднак, мясцовы мэр хоча збудаваць гатэль у заказьніку, што нашкодзіць жывёлам і экасыстэме. А вашая задача — уратаваць гэты куток прыроды.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Гульня як кіно ад Netflix, дзе выбар уплывае на канцоўку. Расказваем пра жанр «інтэрактыўнага кіно» у сучасным GameDevПра гэта гульня Alba: A Wildlife Adventure ад брытанскай студыі ustwo games. У ёй вы маленькая дзяўчынка Альба, а вашая гісторыя, якая пачынаецца як бесклапотны летні адпачынак з прагулкамі ля мора і размовамі зь сяброўкай, перарастае ў гісторыю ратаваньня жывёлаў, птушак і, урэшце, усёй прыроды выспы.
Alba: a Wildlife Adventure, скрыншот
«Калі не глядзець на горы сьмецьця, гэта сапраўдны міжземнаморскі рай! Цудоўныя пляжы, старажытны замак на ўзгорку — пасьпявай толькі абабегчы ўсё за лета! Разам з Агнэс і дзядулем, які апантаны птушкамі, вы пачынаеце кампанію выратаваньня вострава. А можа, і ўсяго сьвету — паглядзім, як пойдзе, — так сюжэт апісваюць распрацоўнікі.
Стваральнікі ustwo games знакамітыя акурат якасным наратывам, настроем, распрацаваным сюжэтам і атмасфэрай. На гульню трэба каля 5 гадзінаў, і адчуваецца яна як лёгкая летняя прагулка без складанага сцэнару, баёвак і пракачкі пэрсанажа.
Гульня мае вельмі высокі рэйтынг у Steam і пасьля выхаду чарговы раз выклікала размовы пра стан экалёгіі ў рэгіёне.
Дайвэр-бізнэсовец і страчаная цывілізацыя
Нечаканыя званкі ад вельмі старых знаёмых могуць скончыцца такой жа нечаканай гісторыяй. Напрыклад, нягегламу, крыху стомленаму мужчыну могуць прапанаваць вярнуцца да дайвінгу, якім той некалі займаўся. А там давядзецца ныраць у блакітную пячору, ганяцца за морскімі канькамі, паляваць на рыбу, кіраваць рэстаранам, змагацца з пачварамі — і гэта яшчэ ня ўсё.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Сапраўдны кайф і зьдзяйсьненьне мары»: Як перакладалі на беларускую мову папулярную гульню ReplacedПра гэта гульня Dave the Diver, дзе безадказны Дэйв з галавой занураецца ў мора, — пра рэстаранны бізнэс, шпіёнскія разборкі і нават гісторыю страчанай падземнай цывілізацыі.
DAVE THE DIVER, скрыншот
Гэта нетыповая гульня на стыку процьмы розных жанраў. Тут вам і кіраваньне рэстаранам, дзе трэба прадумваць мэню і ладзіць кулінарныя баталіі. І прыгоды, бо для гэтага ж рэстарану трэба здабываць прадукты — рыбу, крабаў, мэдузаў ды іншых морскіх істотаў. Гэта і сымулятар, і прыгодніцкая гісторыя, і нават RPG (Role-Playing Game, ролевая гульня) у адным фляконе. Бо Дэйв зможа ўдасканальваць свой касьцюм, каб паглыбляцца далей і далей, ставіць навігацыйныя аплікацыі на тэлефон, фатаграфаваць рыбаў для мясцовай газэты і ня толькі. На глыбіні не абыдзецца бяз монстраў, бітваў зь імі і нечаканага сяброўства з падводнымі жыхарамі.
Гульню зрабіла паўднёвакарэйская студыя Nexon, а дакладней, ейны невялічкі філіял Mintrocket, які студыя запусьціла як экспэрымэнтальны праект, бо ў асноўным займалася мабільнымі гульнямі. І не пралічылася.
Dave the Diver сабрала вельмі пазытыўныя водгукі ад гульцоў і крытыкаў за сюжэт, які пастаянна зьмяняецца, адчуваньне пэрманэнтнай навізны, жывы акіян зь вялікай колькасьцю біёмаў і вельмі арыгінальную дэталёвую графіку.
Рыбалка ад Лаўкрафта
Вы прыбываеце ў маленькі гарадок на ўзьбярэжжы, але вашая лодка разьбіваецца аб скалы. Добразычлівы мэр дае вам новую, бо мястэчку патрэбны рыбак. Цяпер можна вудзіць рыбу і прадаваць яе ў мясцовай краме, але з вамі нешта ня так, вы ня ведаеце, хто вы і адкуль прыплылі, дый з морам нешта ня так, і з жыхарамі таксама… Так пачынаецца гульня Dredge ад інды-студыі Black Salt Games з Новай Зэляндыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Першая стратэгія ад Wargaming і беларускі Fallout. Якія гульні рабілі беларусы да зьяўленьня World of TanksВашая задача плаваць па моры на маляўнічай лодачцы, шукаць і лавіць рыбу, дасканаліць лодку і рыштунак, але гэта толькі на першы погляд. Ня ўсе ў мястэчку радыя вас вітаць, а галоўныя заданьні вам дае дзівак, якога вы ніколі ня бачылі. Уся камунікацыя адбываецца праз замкнёныя дзьверы. Удзень на моры чайкі, сонца і прыгажосьць, але ўначы яно ператвараецца ў паласу прыгодаў з такімі монстрамі, нібы іх прыдумаў Говард Лаўкрафт.
Dredge, скрыншот
Амаль усе заданьні ў гульні завязаныя на лоўлі рыбаў і іншых марскіх істотаў. Для гэтага трэба карыстацца вудай, пасткамі й іншымі прыладамі. Адных рыбаў можна адшукаць толькі ў пэўным месцы, іншыя — наступства мутацыі — бяруцца толькі ўначы. Аднак асноўны сюжэт раскрываецца ў дыялёгах, нечаканых сустрэчах і здарэньнях. І вам давядзецца разьвязваць клубок дзіўных падзеяў мінулага, які непазьбежна вядзе вас да сябе самога. На дапамогу могуць прыйсьці м нечаканыя падарожнікі, і тыя, хто на першы погляд здаваўся ворагам, а разьвязка можа быць самай неспадзяванай.
Гульню вельмі высока ацанілі за зьмяшаны сцэнар, нечаканы сюжэт і атмасфэру, якую стваральнікі перадалі праз гукі, прыродныя зьявы і атачэньне.
Dredge — гэта дэбютны праект маленькай інды-студыі, які зрабіў яе вядомай. Пасьля каманда выпусьціла дадаткі, які ўсталёўваюцца паверх гульні. Адзін — The Pale Reach — адкрывае новую ледзяную лякацыю і дадатковыя віды рыбаў. Другі — The Iron Rig — ўводзіць новую сюжэтную лінію пра нафтавую плятформу і забруджваньне акіяну.