Адзін зь пілётаў, што загінулі ў часе мяцяжу Прыгожына, паходзіў зь Беларусі

Рэшткі зьбітага вагнэраўцамі пад Варонежам расейскага вайсковага самалёта Іл-22. 24 чэрвеня 2023

Капітан Ігар Валачылаў нарадзіўся ў пасёлку Балабасава Аршанскага раёну Віцебскай вобласьці ў сьнежні 1973 году.

Капітан Ігар Валачылаў, бартавы мэханік расейскага вайсковага самалёта Іл-22, які зьбілі вагнэраўцы ў часе свайго мяцяжу, паходзіў зь Беларусі.

Як стала вядома Свабодзе, ён нарадзіўся ў пасёлку Балабасава Аршанскага раёну Віцебскай вобласьці ў сьнежні 1973 году. У 1996 годзе скончыў Стаўрапольскае вышэйшае авіяцыйнае інжынэрнае вучылішча. З 2015 году служыў у вайсковым цэнтры на аэрадроме ў Іванаўскай вобласьці Расеі.

Вядома, што да сваёй гібелі ў часе мяцяжу вагнэраўцаў Ігар Валачылаў выконваў «баявыя задачы» на вайне Расеі ва Ўкраіне.

Яго пахавалі на гарадзкіх могілках у расейскім горадзе Іванава.

24 чэрвеня 2023 году самалёт Іл-22 зьбілі пад Варонежам у часе супрацьстаяньня з вагнэраўцамі, якія на чале зь Яўгеніем Прыгожыным выйшлі на так званы «марш справядлівасьці» супраць вайсковага кіраўніцтва Расеі. Увесь экіпаж загінуў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Праект Oryx пачаў падлік стратаў тэхнікі ПВК «Вагнэр» і расейскіх вайскоўцаў падчас мяцяжу ў Расеі