Расейскія СМІ паведамілі, што ўласьнік «Вагнэра» Прыгожын, якому дазволілі выехаць у Беларусь, знаходзіцца ў Пецярбургу

Яўгеній Прыгожын, архіўнае фота

Яўгенія Прыгожына пабачылі каля Ўпраўленьня ФСБ у Пецярбургу ўвечары 4 ліпеня.

Спэцыяльныя службы Расеі вярнулі ўласьніку прыватнай вайсковай кампаніі (ПВК) «Вагнэр» Яўгенію Прыгожыну ўсю зброю, сканфіскаваную ў часе ператрусу ў ягоным будынку.

Як паведаміла выданьне fontanka.ru, Яўгенію Прыгожыну вярнулі пісталет Glock. Яго той атрымаў у якасьці ўзнагароды ад міністра абароны Расеі Сяргея Шайгу.

Паводле зьвестак выданьня, Яўгеній Прыгожын прыехаў да будынку Ўпраўленьня ФСБ па Пецярбургу і Ленінградзкай вобласьці на Ліцейным праспэкце на аўтамабілі BMW у складзе картэжу на пачатку пятай гадзіны вечара 4 ліпеня.

«За некалькі гадзін да гэтага Прыгожына афіцыйна запрасілі для вяртаньня яму зброі, знойдзенай у часе вядомых ператрусаў 24 чэрвеня і сканфіскаванай у ягонай загараднай рэзыдэнцыі ў элітным катэджным пасёлку „Паўночны Вэрсаль“», — паведаміла расейскае выданьне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Мачулішчы пад Менскам прылятаў самалёт кіраўніка ПВК «Вагнэр» Прыгожына. Ён прабыў там 15 гадзін

Раней паведамлялася, што 27 чэрвеня на вайсковы аэрадром Мачулішчы прылятаў самалёт Яўгенія Прыгожына. Праз 18 хвілін там жа прызямліўся яшчэ адзін бізнэс-джэт, які зьвязваюць з уласьнікам ПВК «Вагнэр».

26 чэрвеня, пасьля амаль двух дзён маўчаньня, прэс-служба Прыгожына апублікавала новы ягоны зварот. У ім Прыгожын заявіў, што «Лукашэнка прапанаваў варыянт працягу працы ПВК у законнай юрысдыкцыі». Ён нічога не сказаў пра сваю будучыню і будучыню ПВК «Вагнэр», а таксама не прывёў дэталяў перамоваў з Аляксандрам Лукашэнкам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка заявіў, што ўласьнік групы «Вагнэр» Прыгожын ужо ў Беларусі

Перад гэтым прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін выступіў з заявай, у якой прапанаваў наймітам ПВК «Вагнэр» паступіць на службу ў Міністэрства абароны Расеі або «пайсьці ў Беларусь».

Перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2020 году на загад Лукашэнкі ў адным зь беларускіх санаторыяў арыштавалі 33 наймітаў «Вагнэра». Па словах прапагандыстаў і самога Лукашэнкі, яны нібыта плянавалі беспарадкі і ўмяшаньне ў выбары. Затым, аднак, усіх вагнэраўцаў адпусьцілі без выстаўленьня абвінавачаньняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Заходняя выведка: апрача Суравікіна, зьнік намесьнік міністра абароны Расеі, які размаўляў з Прыгожыным