У парлямэнце Літвы ня бачаць патрэбы пашыраць санкцыі супраць беларусаў

Сьпікерка літоўскага парлямэнту Вікторыя Чміліце-Нільсэн. Архіўнае фота

Сьпікерка літоўскага парлямэнту Вікторыя Чміліце-Нільсэн выказалася за неабходнасьць правядзеньня кансультацый з памежнай службай і іншымі дзяржаўнымі ўстановамі, якія адказваюць за бясьпеку.

Старшыня Сейму Літвы Вікторыя Чміліце-Нільсэн заявіла, што ня бачыць неабходнасьці ўніфікаваць санкцыі супраць расейцаў і беларусаў.

«Мяне не пераконвае аргумэнт прэзыдэнта Наўседы аб тым, што закон трэба зьмяніць або перагледзець з прычыны прысутнасьці групоўкі „Вагнэр“ у Беларусі. Толькі таму, што расейскія грамадзяне з тэрарыстычнай групоўкі „Вагнэр“ пераедуць у Беларусь, яны ня стануць беларускімі грамадзянамі, таму да іх будуць прымяняцца тыя ж патрабаваньні, якія дзейнічалі дагэтуль», — заявіла Вікторыя Чміліце-Нільсэн 5 ліпеня ў эфіры радыёстанцыі LRT.

У той жа час сьпікерка літоўскага парлямэнту выказалася за неабходнасьць правядзеньня кансультацый з памежнай службай і іншымі дзяржаўнымі ўстановамі, якія адказваюць за бясьпеку, ці «бачаць яны ў гэтым праблему і мэтазгоднасьць больш жорсткіх нормаў закону і ягонага перагляду, і ці ўсё пад кантролем».

«Пакуль ня бачу неабходнасьці яго пераглядаць», — адзначыла Вікторыя Чміліце-Нільсэн.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Гітанас Наўседа: Літве давядзецца вярнуцца да пытаньня пра аднолькавыя абмежаваньні для беларусаў і расейцаў

Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа 4 ліпеня заявіў аб неабходнасьці ўвядзеньня аднолькавых абмежавальных мер для беларусаў і расейцаў і аргумэнтаваў гэта патэнцыйным зьяўленьнем на беларускай тэрыторыі наймітаў расейскай ПВК «Вагнэр».

«Неўзабаве давядзецца вярнуцца да гэтага пытаньня, бо каля нашых межаў могуць зьявіцца ўзброеныя людзі зь беларускім грамадзянствам, пад вопраткай якіх будуць хавацца тыя самыя вагнэраўцы. Я не палохаю, проста прапаную вельмі добра падумаць, у якой сытуацыі мы цяпер знаходзімся. Гэтыя хлопцы пэўна не адчуваюць згрызотаў сумленьня, і ў адпаведных руках яны могуць быць выкарыстаныя для якіх-небудзь зламысных мэтаў», — сказаў Гітанас Наўседа ў інтэрвію тэлеканалу LNK.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларусы змогуць падаваць дакумэнты на дазвол на жыхарства ў візавых цэнтрах Літвы за мяжой

Увесну Сейм Літвы прыняў пакет нацыянальных санкцый, якія зрабілі больш строгім парадак уезду і знаходжаньня на тэрыторыі краіны, а таксама абмежавалі правы, пераважна расейскіх грамадзян. У выніку ажыўленых дыскусій беларусы пазьбеглі большасьці абмежавальных захадаў.

Гітанас Наўседа наклаў на закон вета, дамагаючыся аднолькавых абмежаваньняў для грамадзян Беларусі і Расеі, але парлямэнт адхіліў яго прапановы.

Згодна з новым законам, з 2 траўня 2023-га да 3 траўня 2024 году для грамадзян Беларусі і Расеі абмежавалі атрыманьне літоўскіх віз, электроннага статусу рэзыдэнта, а таксама ўвоз імі ўкраінскіх грыўняў.

Для грамадзян Расеі ўскладнілі магчымасьць набыцьця нерухомасьці ў Літве і спынілі прыём заяў на атрыманьне відаў на жыхарства.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

МЗС Літвы: Для закрыцьця мяжы зь Беларусьсю пакуль няма падстаў