Для закрыцьця мяжы зь Беларусьсю няма ніякіх падстаў, заявіў міністар замежных спраў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс. Яго словы прыводзіць 30 чэрвеня партал навінаў Delfi.
Ландсбергіс падкрэсьліў, што закрыцьцё мяжы магчыма толькі ў выпадку «ўзьнікненьня крызісу, які нясе прамую пагрозу нацыянальнай бясьпецы», таму што такія дзеяньні «маюць далёкія наступствы»:
«Мяжа, якая зьвязвае нас непасрэдна зь Беларусьсю, таксама зьвязвае Літву з усім сьветам на ўсход. Скажам, такімі краінамі, як Казахстан, Узбэкістан і многія іншыя — Грузія, Армэнія. Мы павінны ўлічваць і гэта», — сказаў кіраўнік літоўскага МЗС.
На яго думку, закрыцьцё мяжы — гэта «чырвоная кнопка».
На перакананьне Ландсбергіса, у байцоў расейскай прыватнай ваеннай кампаніі «Вагнэр» няма магчымасьці патрапіць на тэрыторыю Літвы, акрамя як перасячы яе нелегальна, у прыватнасьці, «па падробленых дакумэнтах»:
«У нас ёсьць рашэньне, прынятае, напэўна, год таму, згодна зь якім грамадзянам Расеі, якія прыбываюць з турыстычнымі або негуманітарнымі мэтамі, уезд у Літву забаронены», — зазначыў міністар.
29 чэрвеня міністар унутраных спраў Літвы Агне Білатайце даручыла Службе аховы дзяржаўнай мяжы дадаткова ўзмацніць праверку асоб, якія прыбываюць зь Беларусі і Калінінградскай вобласьці.
Прэс-служба літоўскага МУС анансавала больш дбайныя праверкі дакумэнтаў і віз у асоб, якія падарожнічаюць па тэрыторыі Літвы транзытам.
Білатайце падкрэсьліла, што калі ўзровень пагрозы ў рэгіёне зьменіцца, дзяржаўная мяжа Літвы «будзе гатова да закрыцьця».
26 чэрвеня Дзяржаўная рада абароны Літвы заявіла аб неабходнасьці ўзмацніць бясьпеку ўсходніх межаў краіны і НАТА. Прэзідэнт Гітанас Наўседа не выключыў замацаваньня «вагнэраўцаў» на тэрыторыі Беларусі. Удзельнікі пасяджэньня ўказалі на рост «пагрозы незаконнай дзейнасьці на літоўска-беларускай мяжы, а таксама розных правакацый».
Дзяржсавет абароны даручыў разьведвальным структурам «надаваць яшчэ больш увагі збору інфармацыі» ў Беларусі і Калінінградскай вобласьці Расеі.
Наўседа заклікаў вярнуцца «да ўжо ўнесенай прапановы аб прымяненьні працэдуры індывідуалізаванай дадатковай праверкі» адносна грамадзян не толькі РФ, але і Беларусі.
Больш пільная праверка на мяжы зь Беларусьсю
Раней паведамлялася, што з 1 студзеня 2023 года ў Літву не ўпусьцілі 1200 грамадзян Беларусі і 1300 грамадзян Расеі. Правяраць больш пільна будуць грамадзян Беларусі і Расеі, у тым ліку тых, якія едуць праз тэрыторыю Літвы транзытам.
Літоўскія ўлады ўвялі больш жорсткія праверкі на фоне напружанасьці, якая ідзе ад Масквы і Менску ў сувязі з вайной ва Ўкраіне. Паводле кіраўніцы МУС Літвы Агне Білатайце, калі ўзровень пагрозы ў Літве зьменіцца, мяжу могуць закрыць.
23 чэрвеня заснавальнік ПВК «Вагнер» Яўген Прыгожын фактычна ініцыяваў працэс ваеннага перавароту ў Расеі. У выніку дамоўленасьцяў, у тым ліку з Аляксандрам Лукашэнкам, на наступны дзень ён спыніў свой марш на Маскву. Прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін дазволіў Прыгожыну зьехаць у Беларусь. 27 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка пацьвердзіў прыбыцьцё кіраўніка «Вагнэра».