Заходняя выведка: апрача Суравікіна, зьнік намесьнік міністра абароны Расеі, які размаўляў з Прыгожыным

Яўгеній Прыгожын ў штабе Паўднёвай вайсковай акругі Ўзброеных сілаў Расеі ў Растове 24 чэрвеня

У брытанскай выведцы пакуль не змаглі пацьвердзіць арышт Сяргея Суравікіна.

У выведцы Вялікай Брытаніі зьвярнулі ўвагу на адсутнасьць у публічнай прасторы ня толькі намесьніка камандуючага групоўкай расейскіх войскаў у зоне баявых дзеяньняў на тэрыторыі Ўкраіны Сяргея Суравікіна, а і намесьніка міністра абароны Расеі Юнус-Бек Еўкурава, зь якім у Растове размаўляў уласьнік прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын у часе свайго мяцяжу.

«Намесьнік міністра абароны генэрал-палкоўнік Юнус-Бек Еўкураў адсутнічаў на тэлевізійным выступе кіраўніцтва Міністэрства абароны 3 ліпеня 2023 году», — адзначае брытанская выведка.

На публічным пасяджэньні сэлектарнай нарады 3 ліпеня міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу ўпершыню пракамэнтаваў мяцеж вагнэраўцаў і Яўгенія Прыгожына. У прэзыдыюме сядзела ўсё вайсковае кіраўніцтва Расеі, апроч Юнус-Бека Еўкурава.

У той жа час у брытанскай выведцы пакуль не змаглі пацьвердзіць арышт Сяргея Суравікіна.

«Але ўлады, імаверна, будуць падазраваць яго ў даўняй сувязі з „Вагнэрам“, пачынаючы з 2017 году, калі ён служыў у Сырыі», — мяркуюць у вайсковай выведцы Вялікай Брытаніі.

«Нягледзячы на тое, што Суравікін шырока вядомы на Захадзе сваёй жорсткай рэпутацыяй, ён зьяўляецца адным з найбольш паважаных вышэйшых афіцэраў у расейскай арміі, і любыя афіцыйныя санкцыі супраць яго, хутчэй за ўсё, выклікаюць раскол. Падазрэньне, якое патэнцыйна ўпала на старшых афіцэраў, падкрэсьлівае, як няўдалае паўстаньне Прыгожына пагоршыла існыя расколы ў расейскай сфэры нацыянальнай бясьпекі», — мяркуюць у брытанскай выведцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Financial Times: расейскага генэрала Суравікіна, які імаверна падтрымаў мяцеж вагнэраўцаў, арыштавалі. У Крамлі не камэнтуюць

29 чэрвеня брытанскае выданьне Financial Times са спасылкай на тры інфармаваныя крыніцы паведаміла, што намесьніка камандуючага групоўкай расейскіх войскаў у зоне баявых дзеяньняў на тэрыторыі Ўкраіны Сяргея Суравікіна нібыта арыштавалі. У Крамлі гэтай інфармацыі дасюль не камэнтуюць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Разварот калёнаў» Прыгожына; перамовы з Лукашэнкам. Кроніка ўзброенага «мяцяжу» ў Расеі 24 чэрвеня