Financial Times: расейскага генэрала Суравікіна, які імаверна падтрымаў мяцеж вагнэраўцаў, арыштавалі. У Крамлі не камэнтуюць

Намесьнік камандуючага групоўкай расейскіх войскаў у зоне баявых дзеяньняў на тэрыторыі Ўкраіны Сяргей Суравікін, лістіпада 2022
Намесьнік камандуючага групоўкай расейскіх войскаў у зоне баявых дзеяньняў на тэрыторыі Ўкраіны Сяргей Суравікін, лістіпада 2022

У той жа час агенцтва Reuters паведаміла, што ў Крамлі адмовіліся адказваць на пытаньні пра Сяргея Суравікіна, ягоны статус і месцазнаходжаньне.

Брытанскае выданьне Financial Times са спасылкай на тры інфармаваныя крыніцы паведаміла, што намесьніка камандуючага групоўкай расейскіх войскаў у зоне баявых дзеяньняў на тэрыторыі Ўкраіны Сяргея Суравікіна арыштавалі.

Як паведамляе выданьне, чальцы маскоўскай эліты заявілі, што Ўладзімір Пуцін пачаў апэрацыю па ачышчэньні вярхушкі служб бясьпекі. Паколькі прэзыдэнт Расеі спрабуе суцішыць крытыкаў, аднавіць парадак і свой аўтарытэт пасьля першай спробы дзяржаўнага перавароту ў Расеі за апошнія тры дзесяцігодзьдзі.

«Пуцін ведаў [аб плянах мяцяжу Прыгожына] раней, як мы разумеем, і таму мог крыху падрыхтавацца. Ён мог пабачыць, хто што рабіў у той дзень. І цяпер займаецца чысткай», — сказаў выданьню заходні чыноўнік. Менавіта гэты чыноўнік паведаміў Financial Times, што імаверна Суравікін затрыманы і дадаў, «што будзе больш людзей, якіх гэта таксама напаткае».

У той жа час агенцтва Reuters паведаміла, што ў Крамлі адмовіліся адказваць на пытаньні пра Сяргея Суравікіна, ягоны статус і месцазнаходжаньне.

Расейскі генэрал пасьля відэазвароту да ўласьніка прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына, які выйшаў з «маршам справядлівасьці» на Маскву, зьнік з публічнага поля.

На гэтым відэа Суравікін выглядаў змучаным, і было незразумела, ці гаварыў ён пад прымусам. З таго часу паступаюць непацьверджаныя зьвесткі, што яго дапытваюць спэцслужбы.

Прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў накіраваў пытаньні наконт Суравікіна ў Мінабароны, якое пакуль не рабіла ніякіх заяваў.

Адказваючы на пытаньне пра тое, ці давярае Суравікіну Пуцін, Пяскоў адказаў, што Пуцін як вярхоўны галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Расеі працаваў з міністрам абароны і начальнікам Генштаба. Пяскоў таксама сказаў, што пакуль не валодае інфармацыяй і пра месцазнаходжаньне Прыгожына.

​
XS
SM
MD
LG