Польшча ўзмоцніць усходнюю мяжу пасьля навінаў пра прыбыцьцё ПВК «Вагнэр» у Беларусь

Яраслаў Качыньскі

Пра гэта паведаміў польскі віцэ-прэм’ер увечары 28 чэрвеня.

Віцэ-прэм’ер Польшчы і лідэр партыі ўлады «Prawo i sprawiedliwość» Яраслаў Качыньскі заявіў аб узмацненьні ўсходняй мяжы краіны на надзвычайным пасяджэньні Камітэту Рады міністраў у справах нацыянальнай бясьпекі і абароны. Пра гэта паведамляе Польская агенцыя прэсы.

«Мы маем прынамсі патэнцыйна новую сытуацыю ў Беларусі, прысутнасьць там групы „Вагнэра“. Са зьвестак, якія ёсьць у нас, там будзе прыкладна 8 тысяч салдат», — заявіў ён.

Яраслаў Качыньскі лічыць, што сытуацыя з прыездам у Беларусь «вагнэраўцаў» робіцца цяжэйшай. Патэнцыйна расейцы могуць несьці яшчэ большую пагрозу Ўкраіне, а таксама Літве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лідэры Літвы, Польшчы, Украіны абмяркуюць сытуацыю ў Беларусі пасьля спробы мяцяжу «Вагнэра» ў Расеі

Палітык заявіў, што ў яго няма інфармацыі аб тым, што вагнэраўцы плянуюць атакаваць Польшчу, аднак праца зь бясьпекай «павінна ўлічваць найчарнейшыя сцэнары», а таму на пасяджэньні вырашылі зрабіць пэўныя захады, узмацніўшы мяжу зь Беларусьсю.

Канкрэтных лічбаў тэхнікі і жывой сілы, якіх накіруюць на дадатковую ахову мяжы Яраслаў Качыньскі не назваў, але паабяцаў, што «ўзмацненьне будзе вельмі сур’ёзным».

Міністар абароны Польшчы Марыюш Блашчак назваў членаў ПВК «Вагнэр» «дэмаралізаванымі, але адначасова небясьпечнымі людзьмі, паколькі праз сваю дэмаралізацыю не прызнаюць ніякіх правілаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ландсбергіс: Зьяўленьне ПВК «Вагнэр» у Беларусі паўплывае на сытуацыю зь бясьпекай Літвы