Пуцін у новым выступе прапанаваў байцам ПВК «Вагнэра» падпісаць кантракт, вярнуцца дадому або зьехаць у Беларусь

Уладзімір Пуцін на экране ноўбука падчас звароту 26 чэрвеня 2023 году.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін выступіў з новым зваротам з нагоды спробы збройнага мяцяжу 23–24 чэрвеня 2023 году.

Пуцін падзякаваў расейцам за «вытрымку, згуртаванасьць і патрыятызм» і заявіў, што «любы шантаж і смута асуджаныя на правал... збройны мяцеж у любым выпадку быў бы падаўлены».

Пуцін заявіў, што «пераважная большасьць байцоў „Вагнэра“ — патрыёты Радзімы, іх выкарыстоўвалі ўцёмную».

Таксама Пуцін падзякаваў тым салдатам «Вагнэра», якія «спыніліся каля апошняй рысы, не пайшлі на кровапраліцьце».

Затым Пуцін выказаў удзячнасьць Аляксандру Лукашэнку за ўклад у вырашэньне сытуацыі з ПВК «Вагнэр» і прапанаваў байцам гэтай ПВК падпісаць кантракт зь Міністэрствам абароны, вярнуцца дадому ці адправіцца ў Беларусь.

«Хто хоча — зможа сысьці і ў Беларусь. Дадзенае мною абяцаньне будзе выканана. Паўтару, выбар за кожным з вас, але ўпэўнены, гэта будзе выбар воінаў Расеі, якія ўсьвядомілі сваю трагічную памылку», — сказаў Пуцін.

Раней у панядзелак анансавалі выступленьне Аляксандра Лукашэнкі. Яно чакалася ў той жа вечар, што і зварот Пуціна, але яго перанесьлі — Лукашэнка выступіць перад журналістамі 27 чэрвеня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Прэс-служба Прыгожына апублікавала яго новы зварот: «Лукашэнка прапанаваў варыянт працягу працы ПВК у законнай юрысдыкцыі»