У Савеце бясьпекі Беларусі пракамэнтавалі ўзброены мяцеж на поўдні Расеі

Расейскі сьцяг у Менску. Архіўнае фота

«Мы заклікаем да голасу розуму».

У Савеце бясьпекі Рэспублікі Беларусі, які ўзначальвае Аляксандар Лукашэнка, заявілі, што Беларусь застаецца саюзьнікам Расеі, які цалкам падзяляе мэты і задачы расейскай вайны ва Ўкраіне.

«Гэта цяжкая, вымушаная і апраўданая місія абароны рускіх людзей на Данбасе. Фактычна ідзе барацьба за будучыню славянскага сьвету. Беларусы і расейцы — брацкія народы, нашыя дзяржавы зьвязаныя палітычным саюзам. І мы ня можам заставацца ў баку ад падзеяў, якія адбываюцца на поўдні Расеі», — гаворыцца ў паведамленьні.

У Савеце бясьпекі заклікалі расейцаў «да голасу розуму», бо мяцеж можа «прывесьці да катастрофы».

Аўтары зьвяртаюцца да гісторыі:

«Не было нічога страшнейшага ў гісторыі Расеі, чым смута — разбуральная і бессэнсоўная ў сваёй сутнасьці. У гэты цяжкі час усе, хто сёньня ўцягнуты ў недапушчальнае супрацьстаяньне ўнутры адзінага ў сваіх мэтах ваярскага братэрства, патрэбныя там, дзе вырашаецца будучыня славянскага сьвету, лёс мільёнаў нашых людзей», — заявілі ў Савеце бясьпекі Рэспублікі Беларусі.

Зварот апублікавалі ў дзяржаўных СМІ і на сайце МЗС Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Амбасада Беларусі ў Расеі апублікавала тэлефоны для тэрміновай сувязі падчас узброенага мяцяжу ПВК «Вагнэр»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Разварот калёнаў» Прыгожына; перамовы з Лукашэнкам. Кроніка ўзброенага «мяцяжу» ў Расеі 24 чэрвеня