Запытайся ў Дубаўца. Куды будзе ўцякаць Лукашэнка ў выпадку перавароту, як ачышчаць мазгі ад прапаганды і на чыім баку быў бы Віктар Цой

25 гадоў на Радыё Свабода Сяргей Дубавец знаходзіць сэнсы беларускага жыцьця і адказвае на вашы пытаньні.

— Ці сапраўды назвы Беларусь і беларусы — як «праклён» для нас, які не дазваляе краіне і нацыі быць незалежнымі?

— Гэта вялізны, ні з чым не параўнальны набытак і жывы актыў нашай нацыі, за які аддалі жыцьцё сотні тысяч нашых суайчыньнікаў. Праклён для нас — гэта русыфікацыя, якая 200 гадоў зьнішчае ўсё беларускае.

Беларусь і беларусы — гэта эўрапейскі мэнталітэт, найвышэйшыя ўзьлёты культуры, свая мова, БНР, два нобэлеўскія ляўрэаты... Гэта ўздым 2020 году, калі мільёны былі шчасьлівыя, раскрыўшы ў сабе беларусаў. Беларусь — агонь нашай гісторыі, а ня попел. Адмовіцца ад яе — значыць, пасеяць кашу ў галовах суайчыньнікаў і застацца ні з чым.

— У суседніх краінах абмяжоўваюць правы беларусаў на грамадзянства і дазвол на жыхарства, патрабуюць пісьмова асуджаць вайну. Гэта дэмакратыя?

— Беларусаў за мяжой часта атаясамліваюць з рэжымам Лукашэнкі, да якога даверу няма. А наданьне грамадзянства ці дазволу на жыхарства — гэта якраз сьведчаньне даверу да нашых грамадзян.

Фармальна ў нас у кішэні пашпарты дзяржавы-суагрэсара, такія самыя, як у Лукашэнкі і губазіка. І ў люстэркавай сытуацыі ніхто б ня стаў разьбірацца, што мы «не такія». Але, у адрозьненьне ад дыктатуры, у дэмакратыях працуе закон, які патрабуе прэзумпцыі невінаватасьці. Гэта ўскладняе працэдуру, але, як правіла, вядзе да пазытыўнага рашэньня. Так, гэта дэмакратыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Запытайся ў Дубаўца. Пра матывацыю ісьці на вайсковыя зборы, дасягненьні Лукашэнкі для Беларусі і загінулых за Ўкраіну расейцаў

— На чыім баку быў бы Віктар Цой, калі б жыў сёньня?

— Цой жыве ў сваіх песьнях, за якія ў Менску садзяць у турму і якія ў Маскве сьпяваюць на ўрадавых канцэртах. «Группу крови на рукаве» тыя ж вагнэраўцы могуць трактаваць, як рамантыку «войны без особых причин». Словам, творчасьць Цоя блізкая супрацьлеглым лягерам.

У самога творцы не было таго грунту расейскай інтэлігенцкай гуманістычнай традыцыі, які ёсьць у Пугачовай, напрыклад, ці ў Макарэвіча. Хутчэй за ўсё, Цой адказаў бы на ўсё, што адбываецца, глухім маўчаньнем, калі б яму гэта ўдалося. Бо перамен, вядома ж, хочацца, але «вдруг нам становится страшно что-то менять».

— Куды будзе ўцякаць Лукашэнка ў выпадку перавароту ў краіне?

— Ад сябе не ўцячэш. Калі ты настолькі прырос да ўлады, што безь яе гэта ўжо ня ты. Ён не Бакіеў, які мог уцячы ў Менск, і не Януковіч, які жыве сабе ў Растове. Нельга ўявіць сабе Лукашэнку, які проста «жыве сабе ў Зымбабвэ».

Звычайна, калі ўлада ў табе спалучаецца з чымсьці яшчэ, гэтае штосьці можа праявіцца ў абліччы «аргентынскага пэнсіянэра». У Лукашэнкі гэтага чагосьці няма. Ён або на сваёй пасадзе дажыве да ўласнае сьмерці, або яго з гэтай пасады нейкім чынам «уцякуць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Запытайся ў Дубаўца. Пра сілавы пераварот, чым Геніюш замінае «ябацькам» і хто вінаваты ў вайне — Пуцін ці народ Расеі

— Чаму рэжым ваюе з могілкамі Арміі Краёвай і як да гэтага ставіцца?

— Вайна з могілкамі — гэта вайна з памяцьцю, незалежна ад таго, якой ідэалёгіяй яна прыкрываецца. Гэта вайна за бяспамяцтва ўсяго народа. Так ствараецца ілюзія, што «людзі пра ўсё забудуць», у тым ліку і пра цяперашнія злачынствы рэжыму.

Што да АК, дык мы можам разгледзець яе аб’ектыўна толькі з гледзішча беларускіх нацыянальных інтарэсаў. З гледзішча палітыкі калгасаў і «русского мира» яна разглядаецца толькі ў кантэксьце нянавісьці да Польшчы і ўсяго польскага. Што да герояў і злачынцаў, дык да кожнага канкрэтнага ўчынку трэба прыкладаць лінарку катэгарычнага маральнага імпэратыву. Так раіў рабіць Васіль Быкаў.

— Цяпер людзям тлумяць мазгі адкрыта ілжывай інфармацыяй. Як ачышчаць мазгі ад прапаганды? Гэта ж не кішэчнік, клізму ня зробіш.

— Ёсьць інфармацыя, якая пацьвярджаецца (ці не) з розных крыніц. Ёсьць інфармацыя, нацэленая на тое, каб выклікаць у вас пэўныя эмоцыі, і тут усё залежыць ад трываласьці вашых сьветапоглядных установак і здаровага розуму (ці гатовыя вы белае прызнаць чорным). Нарэшце, ёсьць рэпутацыя той інфармацыйнай крыніцы, якой вы давяраеце (або не).

Калі вы чуеце з экрану гопніцкія крыкі і заклікі да гвалту, падумайце, ці хочаце вы ў гэтым удзельнічаць. Калі вы засумняваліся — разьбярыцеся найперш з сабою. Мазгі ачышчаюцца, калі слухаюць сэрца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Запытайся ў Дубаўца. Пра народныя песьні, новую Беларусь і «генацыд беларускага народу»

Часам чуваць кпіны з таго, што людзі здымалі абутак перад тым, як стаць на лаўку. Але што ў гэтым кепскага?

— Тэрор рэжыму супраць беларусаў часам таксама ставяць у віну дэмакратычным сілам. Гэта як Галакостам папракаць габрэяў.

У 2020-м беларусы адчулі магутную хвалю дабра і шчыра паверылі, што дабро мусіць перамагчы. Бо ў большасьці яны выхаваныя ў дабры. Хіба гэта дрэнна? Гэта наш найважнейшы гістарычны досьвед апошніх гадоў.

Была б у нас сапраўды беларуская дзяржава (а людзі верылі ў гэта), перад лавачкай разуліся б усе. Але... Мільёны на сваім досьведзе пераканаліся, што для гэтай дзяржавы яны ня толькі чужыя, але і ворагі.

Думкі, выказаныя ў аўтарскіх рубрыках, перадаюць погляды аўтараў і не адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Задайце ваша пытаньне. Telegram: @SvabodaBelarus; Signal: +37068643669

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Запытайся ў Дубаўца. Навошта падпісваць пэтыцыі, што нам дае памяць пра БНР і якое месца ў новай Беларусі зойме ГУБАЗіК
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Запытайся ў Дубаўца. Пра нацыянальны колер Беларусі, сваркі ў дэмакратычным асяродку і выцясьненьне з ужытку расейскай мовы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Запытайся ў Дубаўца. Пра інцыдэнт у Мачулішчах, стратэгію дэмакратычных сіл і паглынаньне Беларусі Расеяй
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Запытайся ў Дубаўца. Пра дэтэктар хлусьні для журналістаў, масавыя ўцёкі пасіянарыяў на Захад і  «адмену» расейскай культуры
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Запытайся ў Дубаўца. Ці Лукашэнка трымаецца пры ўладзе дзякуючы русыфікацыі, куды лепш эміграваць і ці ёсьць нейкая карысьць у вайне
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Запытайся ў Дубаўца. Чаму Эўропа не плянуе ісьці на Маскву, як распазнаць агента КДБ і пра жыцьцё «па маскоўскім часе»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Запытайся ў Дубаўца. Ці бываюць беларусы імпэрцы, пра наступствы падзелу Расеі, зьнішчэньне беларускай мовы і шпіца на стале ў Лукашэнкі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Запытайся ў Дубаўца. Пра Новы год, «калектыўны Захад» і калі беларусы-уцекачы змогуць вярнуцца дадому
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Запытайся ў Дубаўца. Пра найбліжэйшы беларусам народ, тарашкевіцу/наркамаўку і кветкі на магілу Макея