Пра гэта паведамляе партал TUT.BY.
У прыватнасьці, гвалт з боку аднаго з былых сужэнцаў, якія пражываюць сумесна, могуць прызнаць гвалтам у сямʼі. Цяпер на экс-сужэнцаў, якія жывуць разам, нягледзячы на развод, гэта не распаўсюджваецца, гаворыцца ў абгрунтаваньні неабходнасьці падрыхтоўкі законапраекту.
Чыноўнікі таксама хочуць увесьці зьмены па ахоўным прадпісаньні. Разглядаюць таксама варыянт абмежаваць куплю зброі тымі, хто дапусьціў гвалт у дачыненьні да блізкіх сваякоў або чальцоў сямʼі. Падрыхтоўка гэтых навацыяў прадугледжаная плянам падрыхтоўкі законапраектаў на 2021 год.
Законапраект «Аб зьменах законаў па пытаньнях прафіляктыкі правапарушэньняў», паводле плянаў, павінны былі падрыхтаваць да сьнежня мінулага году, а ў красавіку 2021 году даць яго на разгляд парлямэнту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто і як дапамагае ахвярам хатняга гвалту ў Беларусі. Дакумэнтальны фільмЗаконапраектам, сярод іншага, прапануецца «ўключыць у кола асобаў, гвалт у дачыненьні да якіх будзе разглядацца як гвалт у сямʼі, былых мужа і жонку, якія сумесна пражываюць».
Папросту кажучы, калі былы муж ці былая жонка, якія жывуць з былым сужэнцам, ужыў ці ўжыла гвалт да яго, гэта будзе лічыцца гвалтам у сямʼі.
Таксама мяркуюць зьмяніць падставы і парадак ужываньня ахоўнага прадпісаньня, прадугледзеўшы магчымасьць выносіць яго ў выпадку, калі пачынаецца адміністрацыйны альбо крымінальны працэс у сувязі з гвалтам у сямʼі.
Цяпер прадпісаньне выдаецца, калі гвалт ужо быў учынены. Гэтым дакумэнтам могуць забараніць, да прыкладу, мець зносіны з ахвярай гвалту ў сямʼі, у тым ліку праз тэлефон.
Пералік мераў індывідуальнай прафіляктыкі правапарушэньняў хочуць дапоўніць такімі мерамі, як карэкцыйная праграма і інфармаваная згода, а таксама вызначыць іх зьмест.
Як караюць за хатні гвалт у Беларусі?
У Беларусі няма мэханізму прадухіленьня хатняга гвалту, ёсьць толькі пакараньні за фактычна ўчынены гвалт. Канстытуцыя Беларусі гарантуе права на прыватнае жыцьцё, недатыкальнасьць, абарону гонару і годнасьці.
Паводле МУС, у 2019 годзе ад хатняга гвалту загінулі 55 чалавек і 4,5 тысячы хатніх скандалістаў сёлета прымусова адселеныя ад сям’і.
Пасьля крытыкі Аляксандра Лукашэнкі ў 2018 годзе, які расказаў, што сам біў свайго сына, Міністэрства ўнутраных спраў адмовілася ад падрыхтоўкі закону «Аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту».
У канцэпцыі таго законапраекту:
- Даваліся азначэньні хатняга гвалту і крыўдзіцеля;
- Уводзілася працэдура ацэнкі рызыкі — вызначэньня верагоднасьці паўторнага нанясеньня шкоды жыцьцю ці здароўю пацярпелага;
- Прадугледжвалася ўжываньне так званага абарончага прадпісаньня, якое абмяжоўвае дзеяньні агрэсара на час ад 3 да 30 сутак.
Для ахвяраў хатняга гвалту дзейнічае «гарачая лінія» па нумары тэлефона 8 801 100-8-801.