Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія сьмерці не хвалююць прэзыдэнта


Закону аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту ў Беларусі няма, і чакаць яго ў найбліжэйшыя гады ня варта, а хатнія агрэсары працягваюць зьбіваць і забіваць сваіх ахвяр.

За першыя сем месяцаў гэтага году ад рук сваякоў у Беларусі загінулі 55 чалавек. Ці выратаваў бы закон іх усіх? Наўрад ці. Пэўная колькасьць такіх злачынстваў застаецца нават пры вельмі прагрэсіўным заканадаўстве, але ў беларускіх умовах увогуле няма нагоды чакаць, што хатняга гвалту стане менш.

У траўні зьявілася навіна аб тым, што ў Магілёве мужчына зьбіў жонку і лёг спаць — яна памерла ад траўм, а ён заўважыў гэта толькі наступным вечарам. У сакавіку ў Віцебску мужчына задушыў жонку на вачах у яе маці (маці мела праблемы з сэрцам і таксама памерла празь некалькі дзён). Восьмага сакавіка ў Лунінецкім раёне адбылося трайное забойства — мужчына забіў жонку, яе маці і брата, пасьля чаго спрабаваў скончыць жыцьцё самагубствам.

Часам хатні гвалт спрабуюць патлумачыць як «проста п’яныя разборкі», але пры гэтым з фокусу ўвагі зьнікае важная дэталь: глыбокая сувязь злачынцы і ахвяры. Ці нападалі гэтыя мужчыны на сваіх родных раней? Наколькі здаровымі былі раней стасункі ў сем’ях? Мы ня ведаем і наўрад ці некалі даведаемся.

Жонкі адмаўляюцца пісаць заявы ці ўвогуле зьвяртацца ў міліцыю, бо ведаюць, што наступствы такога звароту па дапамогу могуць быць для іх яшчэ горшымі, чым існая сытуацыя. Ну чым дапаможа пабітай жанчыне той факт, што агрэсару выпішуць штраф, які потым давядзецца плаціць зь сямейнага ж бюджэту?

І тыя ж абаронныя прадпісаньні, якімі ў нас так любяць хваліцца як вельмі прагрэсіўнымі мерамі ў барацьбе з хатнім гвалтам, працуюць «на троечку». Атрымаць прадпісаньне можна толькі пасьля таго, як агрэсара двойчы на працягу аднаго года прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасьці. Перад тым, як злачынцу часова выселяць з агульнага дому і забароняць набліжацца да пацярпелых, ён можа двойчы зьбіваць іх без сур’ёзных для сябе наступстваў.

Але прэзыдэнту не спадабалася ідэя стварыць спэцыялізаваны закон аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту (асабліва яго абурыла ідэя, што дзяцей нельга біць), і пацярпелыя працягваюць заставацца вельмі мала абароненымі. Пасьля прынятага закону заяўляць пра злачынствы маглі б і суседзі, а заява пацярпелай была б неабавязковай, каб пачаць справу. Але пакуль што ўсё застаецца па-старому.

Мы ўсе аказаліся ў пастцы, і як з яе выбрацца — абсалютна незразумела. Зрэшты, гэта той самы выпадак, калі мне хочацца пахваліць Міністэрства ўнутраных спраў: іх прадстаўнікі ўсё часьцей заяўляюць пра недапушчальнасьць хатняга гвалту, кажуць пра яго як пра асобную праблему, якая мае сваю спэцыфіку і стараюцца рабіць хоць нешта ва ўмовах, калі на не даводзіцца спадзявацца на лепшае заканадаўства.

Зусім нядаўна яны правялі рэспубліканскае комплекснае мерапрыемства «Побыт». Хадзілі ад кватэры да кватэры па сем’ях, дзе раней заяўлялі пра гвалт, размаўлялі з патэнцыйнымі агрэсарамі і з тымі, хто жыве разам зь імі. Падвышэньне інфармаванасьці і адрасная праца — гэта вельмі важны крок, але без адпаведнага закона ён значыць катастрафічна мала.

Пра гвалт у шматлікіх сем’ях міліцыя папросту не ведае — пацярпелыя ня пішуць заяваў, суседзі не выклікаюць міліцыю на крыкі, бо баяцца зрабіць яшчэ горш. І агрэсары працягваюць зьбіваць і забіваць. Гэта, дарэчы, прэзыдэнта чамусьці ня надта хвалюе.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG