Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе мяжа беларускага экстрэмізму


Прыкрываючыся свабодай слова, людзі часам паводзяцца абразьліва, а ў асобных выпадках нават прасоўваюць людажэрскія ідэі ў шырокія масы. Любы супраціў такім ідэям абвяшчаецца нападам на свабоду слова, цэнзурай і іншымі непрыстойнасьцямі.

Цікава, што рэальная дзяржаўная цэнзура працуе вельмі выбарачна. Напрыклад, у 2013 годзе выданьне «Прэс-фота Беларусі 2011» было прызнана экстрэмісцкім, але публічныя заклікі біць дзяцей дагэтуль успрымаюцца дзяржаўнымі інстытуцыямі як нешта нармальнае.

У 2018 годзе арцыбіскуп Кандрусевіч пісаў адкрыты ліст Лукашэнку, у якім абураўся, што канцэпцыя закона аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту супярэчыць Святому Пісаньню, «асабліва ў галіне выхаваньня дзяцей, забараняючы караць іх за неадпаведныя паводзіны». Кандрусевіч ня кажа адкрыта пра зьбіцьцё дзяцей, але ў рэлігійным дыскурсе «зьбіцьцё» часта замяняюць «пакараньнем» — гэта традыцыйная гульня словаў, якая дазваляе сур’ёзна зьмякчаць жорсткія ідэі.

Сам Лукашэнка праявіў салідарнасьць з арцыбіскупам, але не спрабаваў пры гэтым нешта зьмякчаць: «Добрая папруга часам таксама карысная для дзіцяці. Не для ўсіх, вядома. Віктар, як старэйшы, часта атрымліваў ад мяне. Сярэдні, Дзіма, ужо бачыў, як Віцю трапляла, і роўненька стаяў побач. Малодшага, яму пятнаццаты год, я наогул ніколі не караў: ён гэтага не заслугоўваў».

Ніякіх наступстваў пасьля гэтых заяваў не было, вядома ж, ні для Кандрусевіча, ні для Лукашэнкі. І тут усплываюць адразу дзьве праблемы: па-першае, недатыкальнасьць пэўных асобаў у Беларусі, і па-другое, надзвычай высокі ўзровень ляяльнасьці да гвалту з боку дзяржавы.

​Нядаўна ў Менску прайшоў круглы стол «Біць альбо ня біць», арганізаваны сацыяльна-асьветніцкай установай «Бацькоўства». Дарослыя людзі цалкам сур’ёзна разважалі аб тым, ці можна біць дзяцей. Дарэчы, вырашылі, што рабіць гэта можна і трэба, бо так напісана ў Бібліі. Вось тэзісы адпаведнага дакладу, і я цалкам упэўнена, што ні для Ўладзіслава Валаховіча, які рабіў гэты даклад, ні для пралайфэрскага сайта, які апублікаваў тэзісы, наступстваў ня будзе. Нібыта неяк так выглядае свабода слова, павага да чужых традыцый і іншае. Праўда, я зусім не разумею, чаму традыцыі трэба паважаць за адзін толькі факт іх існаваньня.

Гэта ўсё для нашай дзяржавы не экстрэмізм! Кандрусевіч перажывае, што дзяцей забароняць «караць» — ну, гэта частка традыцыі, да якой ён належыць. Лукашэнка адкрыта кажа, што дзяцей трэба біць — звычайная справа, чаму тут зьдзіўляцца. Пралайфэры спрабуюць тэарэтычна абгрунтаваць неабходнасьць біць малых — таксама традыцыя такая, што паробіш. Зрэшты, цяжка ўявіць сытуацыю, калі беларускія дзяржаўныя інстытуцыі пойдуць супраць пралайфэрскага руху ці каталіцкага касьцёлу і зусім немагчыма ўявіць, каб яны супярэчылі Лукашэнку.

Але тут праблема ня толькі ў поўнай залежнасьці шэрагу інстытуцый, але і ў тым, што фізычны гвалт у дачыненьні да дзяцей успрымаецца дзяржавай як нешта дапушчальнае. Асабліва, калі замяніць слова «гвалт» на слова «пакараньне» ці, што яшчэ лепш, — «выхаваньне».

Іншая рэч — фатаздымкі, зробленыя фотакарэспандэнтамі. Вось гэта сапраўдны экстрэмізм.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG