У Менску загінуў удзельнік акцыі пратэсту

Пратэсты ў Менску, плошча Прытыцкага

У Менску ўвечары ў панядзелак загінуў удзельнік акцыі пратэсту. Пра гэта паведаміла МУС Беларусі. Гэта першы афіцыйна пацьверджаны выпадак гібелі ўдзельнікі акцый пратэсту супраць прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі, якія суправаджаюцца вулічнымі сутыкненьнямі.

Паводле інфармацыі МУС, каля 23.00 на вуліцы Прытыцкага адзін з пратэстоўцаў спрабаваў кінуць неўстаноўленую выбуховую прыладу ў бок спэцназаўцаў. Яна выбухнула ў руцэ, мужчына атрымаў траўмы, несумяшчальныя з жыцьцём. Паводле вэрсіі МУС, натоўп будаваў барыкады для блякаваньня руху.

Паводле БелТА, на месцы здарэньня працуе сьледча-апэратыўная група.

«Наша Ніва» піша, што дэманстрантаў у гэты час «масіравана абстрэльвалі» — раней з Прытыцкага неаднаразова паведамлялі пра выбухі сьвятлошумавых гранатаў. «Белсат» перадае, што выбухі чуваць і пасьля паведамленьня МУС.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка: АМАП уратаваў маніфэстантаў ад горшага


На вуліцы Прытыцкага ў Менску вечарам 10 жніўня знаходзіцца некалькі тысяч чалавек. Міліцыя ўжывае гранаты са сьлезацечным газам супраць пратэстоўцаў каля кінатэатру «Аўрора», перадае карэспандэнт Свабоды.

Некалькі тысяч чалавек знаходзяцца ў розных месцах на тэрыторыі на скрыжаваньні Пушкіна і Прытыцкага.​

Людзі спрабуюць будаваць барыкады са сьметніц і іншых падручных сродкаў. Рух транспарту на праспэкце Пушкіна заблякаваны.

Каля 22.30, перадае карэспандэнт Свабоды, міліцыя адціснула людзей на адлегласьць аднаго прыпынку, многія разышліся па дварах. Аўтамабілі аб’яжджаюць барыкады па ходніках.

Пацярпеў кіроўца аўтобуса №163, побач зь ім выбухнула граната. Аб ім клапоцяцца мэдыкі хуткай дапамогі. У машыне мэдыкаў нерухома ляжыць жанчына, апісвае падзеі перад сабой карэспандэнт Свабоды.

Шэраг выданьняў і каналаў паведамляюць пра дэманстрантаў у самых розных частках Менску — ад плошчы Якуба Коласа да Каменнай Горкі і Ўручча, шмат аўтамабільных дарог перакрытыя спэцтэхнікай.

Дапаўняецца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Менск: на Прытыцкага некалькі тысяч чалавек. Чуваць выбухі шумавых гранатаў, паранены кіроўца аўтобуса

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«У аўтазаку я быў увесь у крыві», — Яўген Заічкін, здымкі якога абляцелі інтэрнэт, жывы