У звароце ад 6 жніўня, апублікаваным на сайце Цэнтральнай выбарчай камісіі, старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына засьцерагла ад галасаваньня ў час перад закрыцьцём выбарчых камісіяў.
Лідзія Ярмошына (ад 8 хвіліны ў відэа) зьвярнула ўвагу на заклікі прыходзіць галасаваць у канцы асноўнага дня галасаваньня і «ўтварыць зборышча выбарнікаў на месцы працы ўчастковай выбарчай камісіі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ярмошына назвала злачынствам стварэньне плятформы альтэрнатыўнага падліку галасоў«Гэтая парада ня проста шкодная, гэта парада, якая будзе перашкаджаць вашаму галасаваньню, — заявіла яна. — У канцы дня 9 жніўня выбарчыя камісіі будуць працаваць у меншым складзе, бо частка чальцоў выбарчай камісіі паедзе са скрынямі пераноснымі для арганізацыі галасаваньня дома, па месцы знаходжаньня выбарнікаў. Таму ўжо чальцоў участковай камісіі, скажам так, ня будзе хапаць на ўсіх ахвочых.
У тым выпадку, калі будзе вялікае зборышча людзей, участковым выбарчым камісіям рэкамэндавана зрабіць прапускны рэжым, то бок прапускаць у памяшканьне ўчастковай камісіі выбарнікаў ня больш, чым будзе чальцоў участковай камісіі знаходзіцца на выдачы бюлетэняў.
Таму а 8 гадзіне вечара, калі закрыюцца ўчасткі для галасаваньня (а яны закрыюцца ў гэты час, гэта патрабаваньне закону), проста частка выбарнікаў можа застацца за парогам выбарчага ўчастка і ня ўзяць удзел у галасаваньні. Таму падумайце, ці патрэбна вам гэтая правакацыя і ці патрэбна наогул рызыка, у выніку якой вы ня зможаце скарыстацца сваім выбарчым правам».
У асноўны дзень галасаваньня выбарчыя ўчасткі маюць быць адкрытымі з 8 раніцы да 20 вечара. Нейкіх законаў або актаў, якія абавязваюць выбарніка прыходзіць у канкрэтны час або не прыходзіць у іншы, у Беларусі няма.