Ярмошына пракамэнтавала затрыманьні незалежных назіральнікаў і выдаленьні іх з выбарчых участкаў

Лідзія Ярмошына
Лідзія Ярмошына

Старшыня ЦВК Беларусі Лідзія Ярмошына пракамэнтавала Tut.by паведамленьні пра затрыманьні незалежных назіральнікаў наўпрост на выбарчых участках.

Паводле Ярмошынай, назіральнікаў выдаляюць з участкаў з прыцягненьнем міліцыі ў выпадках, калі яны «парушаюць грамадзкі парадак». Інфармацыя пра гэтыя інцыдэнты па ўсёй краіне ёсьць у ЦВК, запэўніла Ярмошына: там, апроч іншага, значацца выпадкі знаходжаньня на ўчастку ў стане алькагольнага ап’яненьня, пагрозаў іншым назіральнікам, вядзеньня фота- і відэаздымкі без дазволу старшыні камісіі і стварэньня перашкодаў для выбарнікаў.

«У нас тут ёсьць ад іншых назіральнікаў падрабязная даведка, нават сёньня на 14 гадзін. Там, дзе яны дэбашыраць, выдаленьні з дапамогай міліцыі ёсьць. Усё астатняе — гэта ўзаемаадносіны і разборкі «камісія-назіральнік», — заявіла Ярмошына.

Паводле яе, ЦВК атрымлівае гэтую інфармацыю «дзякуючы супрацоўніцтву з Фэдэрацыяй прафсаюзаў Беларусі», бо «ўчастковым камісіям гэта некалі пісаць». Прафсаюзы даручылі ўсім сваім назіральнікам паведамляць пра такія выпадкі, стварылі кол-цэнтар, які зьбірае гэтыя паведамленьні ад назіральнікаў на ўчастках, і далей паведамляе ўсё ў ЦВК.

На думку Ярмошынай, заявы некаторых незалежных назіральнікаў аб неабгрунтаваным выдаленьні іх з памяшканьняў для галасаваньня або ў цэлым з тэрыторыі ўчасткаў «не адпавядаюць рэчаіснасьці і ў большасьці выпадкаў зьвязаныя з захаваньнем ліміту ў тры назіральнікі, устаноўленага ў сувязі з пандэміяй каранавірусу».

Паводле старшыні ЦВК, на ўчастках, дзе склалі графік знаходжаньня на іх назіральнікаў на ўвесь пэрыяд датэрміновага галасаваньня, такая праблема адсутнічае.

«Там, дзе рабілі гэта строга па акрэдытацыі (яны маюць права гэта зрабіць, проста мы прасілі зьнізіць напал і рабіць графікі), натуральна, атрымліваецца, што першая тройка трапляе, а астатніх не відаць. Першыя, хто атрымаў акрэдытацыю — яны і прысутнічаюць. А калі сыходзяць, то запрашаюцца наступныя», — сказала Ярмошына.

Пасьля пачатку датэрміновага галасаваньня 4 жніўня незалежныя назіральнікі з розных гарадоў Беларусі пачалі паведамляць, што іх затрымліваюць наўпрост на ўчастках, а таксама ствараюць перашкоды іх працы і пазбаўляюць магчымасьці сачыць за ходам выбарчага працэсу.

Раней ЦВК Беларусі прыняў рашэньне абмежаваць магчымую колькасьць назіральнікаў, якія могуць адначасова знаходзіцца на ўчастку для галасаваньня, матываваўшы гэта эпідэміяй каранавірусу: падчас датэрміновага галасаваньня ў памяшканьні цяпер могуць знаходзіцца толькі тры назіральнікі, а ў асноўны дзень — пяць.

​
XS
SM
MD
LG