4 жніўня ў Менску затрымалі Ільлю Шапаткоўскага, аднаго са стваральнікаў плятформы «Голас». Цяпер ён у сьледчым ізалятары КДБ. Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміла маці Ільлі Алена.
Яна расказала, што супрацоўнікі ДАІ спынілі аўтамабіль, у якім Ільля ехаў у Менск. Яго затрымалі і адвезьлі дадому ў Ратамку, дзе восем чалавек правялі вобшук.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Затрымалі аднаго з кіраўнікоў ініцыятывы «Честные люди». Папярэдне — у межах справы «Белгазпрамбанку»«Зразумела, што за ім сачылі, бо ад раніцы ў нас тут кругом стаяла ДАІ, сядзелі нейкія людзі».
Пасьля вобшуку, які праводзілі васьмёра супрацоўнікаў, Ільлю Шапаткоўскага зьвезьлі. Пакуль абвінавачаньне яму не прад’яўлена. Учора Ільлю доўга дапытвалі, але адвакатка не расказала ніякіх падрабязнасьцяў, бо «пакуль ня можа гаварыць».
«Мы людзі адкрытыя, усё навідавоку, нічога не хаваем. Але ў нас чалавека можна абвінавачваць у чым заўгодна. Усё будзе залежаць ад сытуацыі, як будзе выгадна ўладам.
Пакуль нібыта нейкія фінансавыя парушэньні, ён у фірме працаваў. А заўтра, можа, яшчэ ў нечым абвінавацяць, — кажа маці. — Цяпер вось заявілі, што трэба з плятформай „Голас“ разьбірацца, што гэта незаконна. І, магчыма, ужо заўтра будзе інакш. Закон што дышаль, куды паверне, туды і выйшла».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Лукашэнка даручыў Генпракуратуры і судам ацаніць законнасьць альтэрнатыўнага падліку галасоў на выбарахСпадарыня Алена сказала, што з болем у сэрцы, з горыччу ставіцца да затрыманьня сына.
«Мой сын сумленны, разумны хлопец, і мне за яго ня сорамна. Проста такая сытуацыя, у такой краіне жывём», — сказала яна.
Жонку Маю разам з трыма дзецьмі Ільля раней вывез за межы Беларусі ў бясьпечнае месца. Яна кажа, што ў бізнэсе Ільлі «усё было чыста, без сумневаў».
«Ільля не рабіў нічога супрацьзаконнага, ён сумленна, аддана днём і ноччу працаваў над тым, каб сёлета сытуацыя ў краіне памянялася. Вакол „закрывалі“ многа такіх жа сумленных, шчырых і сьмелых людзей, таму мы ведалі, што тэарэтычна так можа адбыцца. У глыбіні душы я, канечне, спадзявалася на пазытыўны сцэнар. Мы не здаёмся! Нас не раздушыць! Нас вельмі многа, і разам мы пераможам!» — сказала Свабодзе Мая.
Раней Tut.by паведаміў, што Ільлю затрымалі ў рамках справы «Белгазпрамбанку».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Плятформа «Голас» разьлічвае на 4 мільёны чалавек