Улады працягваюць чыніць перашкоды правядзеньню перадвыбарчых пікетаў кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай у розных гарадах Беларусі.
Як паведамілі Свабодзе чытачы, у Чэрвені, дзе на пляцоўцы каля мясцовага цэнтру, а 12-й плянаваўся пікет давераных асобаў Сьвятланы Ціханоўскай, узяліся перакладаць плітку.
Адразу пасьля 12.00 падышла міліцыя, пачала здымаць усіх прысутных на відэа і разганяць іх. Міліцыянты сказалі, што мітынг не санкцыянаваны, і прыгразілі арыштам.
Чэрвень 4 жніўня, перад правядзеньнем пікету ў падтрымку Ціханоўскай
У Дзяржынску на месцы, дзе мусіў праходзіць перадвыбарчы пікет, арганізавалі картынг, расказала на відэа давераная асоба Сьвятланы Ціханоўскай Максім Фралоў, які зьбіраўся праводзіць пікет у Дзяржынску замест іншай даверанай асобы Ціханоўскай, Валянціна Троцкага, якога арыштавалі 2 жніўня.
Максіму Фралову сказалі, што калі Валянцін Троцкі падаваў заяўку на правядзеньне пікету, ён і павінен яго праводзіць. Але згодна з арт. 45.1 Выбарчага кодэксу пікет можа праводзіць любая з давераных асобаў, сьцьвярджае Фралоў.
Ён пазваніў у мясцовы выканкам, там паабяцалі высьветліць, хто даў дазвол на арганізацыю картынгу на месцы, дзе павінны былі праводзіць пікет. Фралову сказалі сказалі, што людзі ня могуць зьбірацца, бо гэта будзе несанкцыянаваны мітынг, хоць заяўку на правядзеньне мітынгу каманда Ціханоўскай падала больш за тыдзень таму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
На месца мітынгу Ціханоўскай у Слуцку прыгналі тэхніку і агарадзілі пляцоўку турнікетаміУ Мядзеле, дзе 4 жніўня павінна была адбыцца сустрэча з ініцыятыўнай групай Ціханоўскай, «на рамонтныя работы» закрылі стадыён, дзе плянавалася правядзеньне перадвыбарчага пікету.
Міліцыянт паведаміў, што сустрэча не адбудзецца і сход людзей будзе несанкцыянаваным.
У Салігорску таксама спрабуюць сарваць мітынг за Ціханоўскую. На ўезьдзе да стадыёна «Будаўнік», дзе павінен быў прайсьці пікет, экскаватары капаюць зямлю. Нібыта будуць рамантаваць нейкую прыбіральню, паведамляе тэлеграм-канал Nexta Live.
У выніку Сьвятлана Ціханоўская адмяніла заплянаваны на 4 жніўня мітынг у Салігорску. Відэа з тлумачэньнямі прадстаўніцы штабу Ціханоўскай Вольгі Кавальковай апублікавалі на тэлеграм-канале «Страна для жизни».
У Слуцку яшчэ з раніцы на пляцоўку, дзе павінен быў адбыцца пікет Сьвятланы Ціханоўскай з удзелам прадстаўніц аб’яднаных штабоў Веранікі Цапкалы і Марыі Калесьнікавай, падагналі тэхніку — аўтавышкі, палівальную машыну і трактар, а таксама агарадзілі невялікую пляцоўку турнікетам.
У апошні момант, калі людзі ўжо сабраліся, мітынг адмянілі. Пасьля паведамленьня аб адмене мітынгу на пляцоўцы зьявіліся супрацоўнікі АМАПу, якія пачалі затрымліваць грамадзян.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ціханоўская адмяніла мітынг у Слуцку. Там пачаліся затрыманьні3 жніўня ў Стоўбцах улады сарвалі сустрэчу Ціханоўскай з выбарнікамі, прыгнаўшы будаўнічую тэхніку на мясцовы стадыён: там нібыта здарылася аварыя.