Зварот Лукашэнкі анансавалі на 4 жніўня, прыедзе 2500 чалавек з усёй Беларусі

Аляксандар Лукашэнка падчас пасланьня 2019 году

Блізкі да прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі Telegram-канал «Пул первого» паведаміў 3 жніўня, што традыцыйнае пасланьне Лукашэнкі да народу і Нацыянальнага сходу пачнецца апоўдні 4 жніўня.

Сёлета пасланьне будзе зачытанае не ў Авальнай залі Дому ўраду, а ў Палацы Рэспублікі, піша канал. На яго абяцаюць запрасіць звыш 2500 чалавек з усёй Беларусі, але пра запрашэньні пакуль ніхто не паведамляў публічна.

Адпачатку праграмны зварот плянаваўся ў красавіку, аднак з прычыны распаўсюду каранавірусу яго перанесьлі на «пазьнейшы час», а пасьля і ўвогуле перасталі згадваць. Аляксандар Лукашэнка, аднак, не выключаў, што можа сумясьціць пасланьне з выказваньнем сваёй прэзыдэнцкай праграмы на новы тэрмін.

Раней афіцыйна анансавалі, што зварот будзе 3 жніўня. Такую ж дату даваў афіцыйны сайт Pravo.by, прычым там паведамляецца, што сэсія склікаецца 3 жніўня, у адпаведнасьці з прэзыдэнцкім указам, менавіта для таго, каб заслухаць пасланьне. Кіраўніца прэс-службы Лукашэнкі Натальля Эйсмант казала, што пасланьне Лукашэнкі не пераносіцца, але будзе 4, а ня 3 жніўня.

А ў тэлепраграме на поўдзень 4 жніўня на момант публікацыі пазначаныя выпускі навінаў і тэлесэрыялы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка заявіў, што «на нагах» перанёс каранавірус 

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Аблянелі» і яшчэ 30 цытатаў Лукашэнкі з пасланьня народу