На мітынг Ціханоўскай у Берасьці прыйшлі каля 20 тысяч чалавек. ВІДЭА

У Берасьці 2 жніўня прайшоў мітынг у падтрымку кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай. Свабода вяла жывы рэпартаж з акцыі.

Як паведаміў Радыё Свабода праваабаронца Раман Кісьляк, паводле падлікаў валянтэраў, праз тры ўваходы на мітынг прайшлі больш за 18 тысяч чалавек. Тых, хто ішоў праз чацьвёрты ўваход, не падлічвалі, таму агульная лічба — каля 20 тысяч удзельнікаў.

Берасьце апошнім з абласных цэнтраў 2 жніўня прымала мітынг Сьвятланы Ціханоўскай. Мітынг пачаўся а 14-ай гадзіне на алеі ля сцэнічнай пляцоўкі ў парку імя воінаў-інтэрнацыяналістаў, які знаходзіцца амаль на ўскрайку Берасьця.

Яшчэ да пачатку мітынгу людзей сабралася даволі шмат, пляцоўка перад сцэнай ужо была запоўненая цалкам. Большая частка людзей вымушаная была стаяць проста паміж дрэваў, у парку, бо пляцоўка перад сцэнай адносна невялікая. Людзі працягвалі падыходзіць, ля пунктаў пропуску пэўны час стаялі вялікія чэргі.

14.00 Грае музыка. Каля пляцоўкі стаіць банэр зь лягатыпам кампаніі аб'яднанага штабу, дзе ўсе ахвотныя могуць сфатаграфавацца. На мітынгу лунаюць бел-чырвона-белыя сьцягі, некаторыя берасьцейцы прыйшлі на мітынг з самаробнымі плякатамі.

Са сцэны людзям расказваюць пра ініцыятыву «Хуткая ўзаемадапамога», пра плятформу «Голас», заклікаюць усіх прысутных дапамагаць сваім знаёмым, сваякам старэйшага ўзросту прагаласаваць на плятформе «Голас», каб абараніць свае галасы; падтрымліваць тых, хто пацярпеў ад сумленнага ўдзелу ў выбарчай кампаніі.

15.25 Каманда Ціханоўскай ехала ў Берасьце зь мітынгу ў Баранавічах, і спазьнілася, бо ў адной з машын каманды было прабітае кола. Сьвятлана Ціханоўская, Вераніка Цапкала і Марыя Калесьнікава зьявіліся на мітынгу прыкладна а палове на 16-ю гадзіну. Іх традыцыйна сустракалі песьняй «Разбуры турмы муры».

Сьвятлана Ціханоўская пачала сваю прамову са згадкі пра акумулятарны завод і падзякавала берасьцейцам за сьмеласьць.

«Ваш горад стаў асаблівым для ўсёй Беларусі, і вы ведаеце чаму. Таму што ў апошнія 2 гады вы, менавіта вы, былі прыкладам для ўсёй краіны. Вы, простыя грамадзяне, сталі на абарону свайго горада, на абарону сваіх дзяцей, на абарону сваіх сем’яў ад пагрозы, якую нясе будаўніцтва акумулятарнага завода.

На вас уся краіна глядзела з надзеяй. Дзякуй, Берасьце, вам за гэта. Гэта вельмі цяжка зразумець, чаму ў ХХІ-ым стагодзьдзі ў цывілізаванай дзяржаве для таго, каб адстаяць сваё права аб небудаўніцтве завода ці закрыцьці шкоднай вытворчасьці людзям трэба штонядзелю, больш за 2 гады выходзіць і адстойваць свае правы. Чаму людзі за гэта павінны атрымліваць штрафы і арышты? Чаму мы самі ня можам вырашаць, якім павінен быць наш горад і якой павінна быць наша краіна?» — сказала Ціханоўская.

Гаворачы, пра свайго зьняволенага мужа, блогера Сяргея Ціханоўскага, кандыдатка згадала таксама двух берасьцейскіх блогераў Аляксандра Кабанава і Сяргея Пятрухіна. Натоўп пачаў скандаваць «Свабоду!»

Сьвятлана Ціханоўская распавяла, што ніколі не сустракалася з Аляксандрам Кабанавым, але той размаўляў зь ёй «гадзінамі», казаў «Сьвета, мы не здаемся гадамі! Ты ня маеш права здацца!», падбадзёрваў яе, дапамагаў, даваў ёй надзею і ўпэўненасьць у тым, што яна ўсё робіць правільна. «Дзякуй, Аляксандар Кабанаў!» — сказала Ціханоўская.

15.45 Марыя Калесьнікава ў сваёй прамове таксама згадала акумулятарны завод.

«Дзейная ўлада клапоціцца пра экалёгію толькі на публіцы. Дзейны прэзыдэнт сказаў, што лёс завода вызначыць рэфэрэндум, што будуць вырашаць гараджане. І дадаў: «Як на выбарах», — сказала яна.

Гэтыя словы людзі сустрэлі сьмехам і крыкам «ганьба!».

Марыя Калесьнікава заявіла, што беларусы мусяць пакласьці «канец спэктаклю, які дзейная ўлада называе выбарамі».

«Памятайце: дыктатура будуецца толькі на страху. Мы просім аб сумленнасьці кожнага міліцыянта, амапаўца, судзьдзю і кожнага сябра выбарчай камісіі. Мы дзякуем усім, хто ўжо знайшоў у сабе сілы супрацьстаяць сыстэме прыніжэньняў і бясконцага рабства. Мы захапляемся вашай сьмеласьцю і цэнім вашы ўчынкі», — сказала яна.

15.55 Вераніка Цалкала, сярод іншага згадала, што 3 жніўня плянуецца зварот дзейнага кіраўніка Беларусі да народа і парлямэнту.

«У нас за 26 год назапасілася вялікая колькасьць пытаньняў, на якія мы хацелі б атрымаць адказы, праўда?» — сказала Вераніка Цапкала.

З натоўпу прагучала гучнае «так!».

«У мяне, напрыклад, першае пытаньне: чаму ён зьвяртаецца да народу праз парлямэнт. У парлямэнце сядзяць чыноўнікі, якія непасрэдна залежаць ад яго. Чаму ён ня выйдзе на гэтую трыбуну, на гэтую сцэну і ня зьвернецца да вас наўпрост?» — спытала яна.

Словы Веранікі Цапкалы зноў сустрэлі гучнай падтрымкай. Яна заявіла, што Лукашэнка баіцца моцных канкурэнтаў, і згадала рэпрэсіі падчас гэтай выбарчай кампаніі супраць Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыкі і яе мужа. І пачала пералічваць шматлікія пытаньні, якія варта было б задаць дзейнай уладзе.

На мітынг у Берасьці таксама прыйшлі беларускія дэсантнікі, якія сёньня сьвяткуюць 90-годзьдзе паветрана-дэсантных войскаў (ПДВ) і сілаў спэцыяльных апэрацый.

Час ад часу да пляцоўкі ля сцэны празь мікрафон выклікалі дактароў — камусьці стала блага. Былі такія выпадкі і сёньня ў Баранавічах.

Падчас мітынгу людзі не пераставалі пляскаць у далоні, падтрымліваць кандыдатку ў прэзыдэнты і яе каманду авацыямі і гучнымі воклічамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 8 тысяч чалавек, няспынныя авацыі: мітынг Ціханоўскай у Баранавічах


Нядаўнія падзеі

  • Сьвятлана Ціханоўская пайшла кандыдаткай у прэзыдэнты замест мужа, аўтара Youtube-каналу «Страна для жизни», якому адмовілі ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, пакуль ён быў за кратамі за ўдзел у акцыях пратэсту. Пазьней Ціханоўскага затрымалі ў Горадні, распачалі супраць яго крымінальныя справы. За апошнія два месяцы затрымалі два дзясяткі паплечнікаў Ціханоўскай, супраць іх распачалі крымінальныя справы. Ціханоўская заяўляла, што ёй пагражалі адабраць дзяцей — таму іх вывезьлі ў Эўразьвяз разам з бабуляй.
  • Экс-кіраўніка «Белгазпрамбанку» Віктара Бабарыку і экс-кіраўніка Парку высокіх тэхналёгіяў Валера Цапкалу адмовіліся рэгістраваць кандыдатамі ў прэзыдэнты. Бабарыка цяпер за кратамі, супраць яго распачалі крымінальныя справы. Цапкала зьехаў у Расею разам зь дзецьмі. Штабы Бабарыкі і Цапкалы аб’ядналі сілы са штабам Ціханоўскай.
  • Вераніку Цапкалу 30 ліпеня выклікалі на допыт у справе мужа, але адклалі допыт на наступны дзень. Яе сястру выкралі «людзі ў цывільным» — пазьней выявілася, каб уручыць позву: хочуць узяць у яе паказаньні «ў справе Цапкалы».
  • Усяго, паводле зьвестак праваабаронцаў на 27 ліпеня, за ўдзел у гэтых акцыях затрымалі прыкладна 420 чалавек, зь іх ня менш як 330 у сталіцы. Агульная колькасьць затрыманьняў ад пачатку выбараў перавысіла 1140 чалавек: 190 арыштаваных, 333 аштрафаваныя на агульную суму звыш 65 000 рублёў.
  • 29 ліпеня дзяржаўныя СМІ паведамілі пра затрыманьне ў Беларусі 33 расейскіх баевікоў — нібыта з «ПВК Вагнэра». Сілавікі сьцьвярджаюць, што агулам у Беларусь прыехалі дзьве сотні баевікоў, якіх падазраюць у падрыхтоўцы тэракту і шукаюць па ўсёй краіне. У сувязі з гэтым увялі дадатковыя захады бясьпекі на масавых мерапрыемствах.
  • 30 ліпеня Сяргею Ціханоўскаму, Мікалаю Статкевічу і іншым фігурантам «справы Ціханоўскага» выставілі новае абвінавачаньне, паводле якога пагражае ад 5 да 12 гадоў турмы. Справу зьвязалі са справай ПВК «Вагнэра».
  • 30 ліпеня на мітынг Сьвятланы Ціханоўскай і абʼяднанага штабу ў Менску прыйшло, паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», 63 тысячы чалавек, паводле МУС — 18 250.
  • 31 ліпеня ўжо прайшлі мітынгі Сьвятланы Ціханоўскай у Смаргонях, Маладэчне і Лідзе, 1 жніўня — Горадні, Ваўкавыску і Слоніме, 2 жніўня Сьвятлана Ціханоўская ўжо пасьпела пабываць на мітынгу ў Баранавічах.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.