Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СК прад'явіў новыя абвінавачаньні Ціханоўскаму, Статкевічу і іншым, зьвязаў іх са справай баевікоў ПВК «Вагнэр»


Сьледчы камітэт паведаміў 30 ліпеня пра завядзеньне шэрагу крымінальных спраў супраць блогера Сяргея Ціханоўскага і іншых, затрыманых у ягонай справе, а таксама пра затрыманьне баевікоў з ПВК «Вагнэр».

На Сяргея Ціханоўскага завялі крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэксу Беларусі «па фактах наўмысных дзеяньняў, накіраваных на ўзбуджэньне іншай сацыяльнай варожасьці, заклікаў да гвалтоўна-агрэсіўных дзеяньняў у дачыненьні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў». Паводле гэтага артыкулу Ціханоўскаму пагражае ад 5 да 12 гадоў пазбаўленьня волі.

Акрамя таго, у дачыненьні да Мікалая Статкевіча, Сяргея Ціханоўскага і іншых асоб завялі крымінальную справу па факце падрыхтоўкі да масавых беспарадкаў паводле арт. 13 і ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу Беларусі (прадугледжвае пакараньне ад 3 да 8 гадоў пазбаўленьня волі).

Таксама 29 ліпеня па выніках праверкі апэратыўнай інфармацыі, якая паступіла ад спэцслужбаў, праз падазрэньне ва ўказаным злачынстве затрымалі 33 грамадзян Расейскай Фэдэрацыі, супрацоўнікаў ПВК «Вагнэр», якія пражывалі на тэрыторыі санаторыя «Беларусачка» ў Менскім раёне, піша СК. Цяпер вырашаецца пытаньне аб іх узяцьці пад варту.

Паводле ведамства, працягваюцца сьледчыя дзеяньні і апэратыўна-вышуковыя захады, накіраваныя на выяўленьне датычных да падрыхтоўкі і арганізацыі масавых беспарадкаў на тэрыторыі Беларусі.

Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня 2020 году. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).

ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);

ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;

ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG